Вы тут

Дарогі добрыя, калі цалкам бяспечныя


Пра вынікі канцэпцыі бяспекі дарожнага руху ў Мінску пад назвай «Добрая дарога», а таксама планы па далейшым удасканаленні працы распавялі журналістам супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі сталіцы. Акрамя гэтага, закраналіся пытанні змены хуткаснага рэжыму на некаторых вуліцах горада і выкарыстання новых тэхналогій.

Змяненні са згоды грамадства

3-49

Паводле слоў начальніка аддзела тэхнічных сродкаў і сістэм ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя НАВОЯ, пераважная большасць паказчыкаў, па якіх ацэньваецца эфектыўнасць «Добрай дарогі», у 2014 годзе была на высокім узроўні. Колькасць загінулых на дарогах сталіцы працягвае зніжацца з года ў год, і гэта галоўны індыкатар правільнасці мераў, што прымаюцца Дзяржаўтаінспекцыяй. Параўнальны аналіз іншых буйных гарадоў Еўропы па названым паказчыку паказвае, што дарожная сітуацыя ў беларускай сталіцы лепшая, чым, напрыклад, у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Вільнюсе, Рызе, Таліне, Рыме. Апераджаюць нас Стакгольм, Брусель, Лондан, Амстэрдам, Варшава.

Аднак Дзмітрый Навой звярнуў увагу на праблему дзіцячай бяспекі на дарозе. Штогод у Мінску адбываецца адно-два ДТЗ з удзелам дзяцей са смяротным зыходам. «Добрая дарога» скіравана на тое, каб такіх здарэнняў не было ўвогуле. Большасць трагічных выпадкаў адбываецца праз невысокую ступень бачнасці, калі ўздоўж праезнай часткі прыпаркаваны аўтамабілі, з-за якіх нечакана з'яўляюцца дзеці, або дварах. Сярод спосабаў рашэння праблемы — выкарыстанне звужэнняў і астраўкоў бяспекі на некаторых участках дарог, а таксама ўсталяванне агароджаў не толькі на тэрыторыі школ, але і дварах жылых дамоў (выкарыстоўваецца ў Швецыі, дзе асобна вылучаюцца дзіцячая зона, зона руху і зона паркоўкі).

— Патрабаванні па раздзяленні дваровай тэрыторыі ДАІ будзе выстаўляць да праекціроўшчыкаў, — сказаў Дзмітрый Навой. — Але трэба сказаць, што ўсе дэталі прапісаць у тэхнічных кодэксах немагчыма, там надта шмат нюансаў. І ўсе змяненні адбываюцца толькі тады, калі грамадства да гэтага гатова. Менавіта яно павінна ўсведамляць, што на першым месцы — людзі, а не аўтамабілі. Трэба супольна зрабіць усё, каб ніводнае дзіця не загінула на вуліцах.

Разумны святлафор прапусціць пешахода

Зараз у стадыі распрацоўкі знаходзіцца новая канцэпцыя «Добрая дарога» на перыяд 2016—2020 гадоў. Сярод мераў, якія будуць выкарыстоўвацца, — экспертызы бяспекі дарожнага руху ў праектах забудовы. Працягнецца стварэнне інтэлектуальнай транспартнай сістэмы Мінска. Галоўная праблема ў рэалізацыі гэтай задумы цяпер — адсутнасць інтэграцыі паміж асобнымі блокамі. Напрыклад няма ўзаемадзеяння паміж сістэмай кіравання грамадскім транспартам і святлафорамі. У ідэале праца апошніх павінна ўзаемадзейнічаць з транспартам так, што паездка на аўтобусе ці тралейбусе будзе максімальна хуткай і камфортнай. Відэаназіранне, сістэма апавяшчэння пра заторы і аварыі, сістэма кіравання парковачнай прасторай і іншыя будуць інтэграваны ў адзін механізм, які стане кіраваць дарожным рухам сталіцы.

Па словах Дзмітрыя Навоя, сёлета пачнецца і тэсціраванне пілотных зонаў з пешаходнымі датчыкамі. Яны ўжо ўсталяваны на скрыжаваннях вуліц Кіжаватава і Сярова, а таксама Платонава і Казлова. Калі пешаход выйшаў на праезную частку і не паспеў перайсці дарогу, то датчык можа падоўжыць працу зялёнага сігналу святлафора на некаторы час.

Канцэпцыя веласіпеднага руху ў сталіцы працягне развівацца. Мэта — з'яўленне ў Мінску 500 кіламетраў новых веладарожак. 50 з іх будуць магістральнымі (адасобленымі ад тратуараў), 450 — сумешчанымі. На гэты год запланавана стварэнне 100 кіламетраў веладарожак другога тыпу. З'явяцца на праезных частках і новыя «зялёныя пераходы», на якіх веласіпедыстам можна не спешвацца.

Хутчэй — не заўсёды лепш

Пра змяненні ў хуткасным рэжыме на мінскіх дарогах распавёў намеснік начальніка ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй ЗЫРАНАЎ. Паводле яго слоў, павелічэнне дапушчальнай хуткасці на некаторых участках МКАД, насуперак меркаванням кіроўцаў, не прывяло да большай аварыйнасці. Такія месцы выбіраюцца невыпадкова, гэтаму папярэднічае дасканалы аналіз з боку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі.

Зараз разглядаецца магчымасць павышэння хуткасці на некаторых гарадскіх вуліцах, у тым ліку на МКАД, існуе шэраг перспектыўных участкаў для ўвядзення такіх змяненняў. Ужо прынята рашэнне аб павышэнні дапушчальнай хуткасці руху да 70 кіламетраў за гадзіну на двух участках вуліцы Даўгінаўскі тракт (ад МКАД да вуліцы Будслаўскай і ад павароту на РНПЦ псіхічнага здароўя да завулка Чарвякова). Да гэтай жа лічбы вырашана падняць хуткасць і на праспекце Дзяржынскага (участак ад вуліцы Шчорса да вуліцы Голубева), аднак да ўвядзення змяненняў неабходна правесці мерапрыемствы па ўпарадкаванні дарожнага руху — тамтэйшыя жыхары часта не звяртаюць увагі на небяспеку і ігнаруюць падземныя пераходы.

Ці ўратуюць
дзяцей смартфоны?

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце Юрый ВАЖНІК таксама звярнуў увагу на праблему гібелі на сталічных дарогах дзяцей. Калі дарослыя церпяць ад ДТЗ у спецыфічных кропках горада, то школьнікі трапляюць пад колы паўсюдна: у дварах, на магістральных дарогах і малых вуліцах. Адным з метадаў, які дазволіць зменшыць колькасць ДТЗ з іх удзелам, Юрый Важнік назваў нядаўна распрацаваны дадатак для смартфонаў і планшэтаў пад назвай SAFETYMETER, або БАЭС-лакатар. Яго ўжо можна бясплатна ўсталяваць на любыя прылады пад упраўленнем аперацыйнай сістэмы Androіd з крамы GooglePlay.

Пасля рэгістрацыі, якая адбываецца пры ўказанні нумара школы і паралелі, для карыстальніка становяцца даступнымі ўсе магчымасці дадатку. Сярод іх найважнейшае месца займае функцыя паведамлення пра небяспечныя для дзіцяці сітуацыі, напрыклад манеўраванне, няправільную паркоўку, перавышэнне хуткасці кіроўцамі. Пасля адпраўкі звесткі паступаюць у агульны цэнтр з пазнакай, калі і ў якім месцы гэта адбылося. Такім чынам, з цягам часу перад спецыялістамі з'яўляецца дэталёвая карта праблемных месцаў, на якія трэба звярнуць увагу. Праект ужо тэсціруецца ў некаторых школах, а яго паўсюднае ўвядзенне запланавана на 1 верасня гэтага года.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.