Вы тут

Праблемы пераадольвае той, хто працуе на сучасным узроўні


За тры гады ў Астраўцы ўвялі ў эксплуатацыю 19 шматпавярховых жылых дамоў, шэраг іншых сацыяльных аб'ектаў. Сёлета на будаўніцтве ўсяго, што спадарожнічае ўзвядзенню Беларускай АЭС (інжынерныя сеткі, камунікацыі, аб'екты сацыяльнай сферы) прадугледжана асвоіць больш за 1 трыльён 300 мільярдаў рублёў — фактычна трэць сродкаў усёй дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы нашай краіны, паведаміў падчас наведвання горада энергетыкаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ.

Рабочая сіла: попыт і прапанова

Паводле слоў Уладзіміра Краўцова, з някепскай дынамікай у вобласці працуе будаўнічы комплекс, ёсць рост у сельскай гаспадарцы. А вось сітуацыя ў прамысловасці ў сувязі з крызіснымі з'явамі ў сусветнай эканоміцы і, перш за ўсё, у нашых суседзяў, дзе асноўныя рынкі для беларускай прадукцыі, цяпер даволі складаная: ёсць падзенне аб'ёмаў вытворчасці, экспарту тавараў, не катастрафічныя, але трывожныя тэндэнцыі з занятасцю кадраў. Калі на пачатак года на адну вакансію было 0,8 беспрацоўнага, то на 1 сакавіка — 1,4. На шэрагу прадпрыемстваў працуюць няпоўны рабочы тыдзень, на некаторых, каб была нармальная эканоміка, трэба аптымізаваць кадравы састаў.

— Гэтай праблемай мы цяпер займаемся вельмі прадметна, каб хутчэй ажыццявіць праекты, дзякуючы якім з'явяцца новыя рабочыя месцы, — зазначыў Уладзімір Краўцоў.

Ужо ў красавіку ў Ваўкавыску будзе запушчана сучасная імпар-тазамяшчальная вытворчасць па вырабе пладовых напаўняльнікаў для малакаперапрацоўшчыкаў. Цяпер яна стварае 100 рабочых месцаў, а ў перспектыве іх колькасць павялічыцца ў разы. Ідуць пусканаладачныя работы новай вытворчасці шклаваты на шклозаводзе «Нёман» — гэта таксама каля 100 рабочых месцаў. Спатрэбяцца кадры і новаму заводу па перапрацоўцы малочнай сыроваткі ў Шчучыне, на шэрагу іншых прадпрыемствах.

3-37

3-37

 

Гродзенскі аблвыканкам правёў аналіз балансу попыту і прапановы рабочай сілы на сёлетні год. Увогуле ў вобласці запланавалі стварыць на 3,5 тысячы рабочых месцаў больш, чым скарачаецца вакансій. Але ў некаторых рэгіёнах не выключана пэўная напружанасць, і таму Уладзімір Краўцоў даў адпаведныя даручэнні кіраўнікам гэтых раёнаў.

Тавар трэба ўмець прадаць

Ключавая праблема — экспарт нашых тавараў, і ў гэтай сферы далёка не ўсё ўпіраецца ў аб'ектыўныя цяжкасці, лічыць Уладзімір Краўцоў:

— Свой тавар трэба ўмець прадаць, аднак не ўсе працуюць па-сучаснаму. Пачынаеш разбірацца: хто займаецца на прадпрыемстве экспартам? У аддзеле маркетынгу «сядзяць на званках» супрацоўнікі і, як за савецкім часам, прапануюць прыйсці і купіць у іх. Так поспеху ў сённяшніх рэаліях не дамагчыся. І я ўжо папярэджваў кіраўнікоў такіх прадпрыемстваў, што мы не будзем назіраць за гэтым і ноймем іншых менеджараў, якія ведаюць, як гандляваць у сучасных умовах. Інструментаў тут мноства.

Ды і павучыцца ёсць у каго. Нядаўна ўдзельнікі выязнога пасяджэння Гродзенскага аблвыканкама пабывалі ў ААТ «Слоніммэбля», дзе львіная частка тавару ідзе на экспарт. Так, ёсць праблемы. Аднак калі пагоршылася сітуацыя на расійскім рынку, то павялічылі пастаўкі ў Казахстан. Пастаянна абнаўляюць, згодна з запатрабаваннямі спажыўцоў, асартымент прадукцыі, ствараюць сваю тавараправодную сетку.

З разлікам на добры ўраджай

Цяжкасці з забеспячэннем веснавых палявых работ матэрыяламі (насенне, паліва, мінеральныя ўгнаенні) былі, але яны вырашаны, паведаміў Уладзімір Краўцоў. У добрым стане выйшлі з зімы азімыя, іх гібель — невялікая, у межах прагнозу. Пастаўлена задача да 10 красавіка завяршыць сяўбу яравых збожжавых культур. І ўвогуле разлік на высокі ўраджай, які дазволіць у тым ліку добра карміць жывёлу і атрымаць добрыя вынікі па вытворчасці малака і мяса, тым самым забяспечыўшы сыравінай новыя магутнасці на шэрагу перапрацоўчых прадпрыемствах.

За два гады нашэсця афрыканскай чумы на Гродзеншчыне страцілі каля 120 тысяч пагалоўя свіней. Але разам з тым ёсць і пазітыў — мадэрнізацыя свінагадоўчай галіны. 38 зачыненых малых фермаў, дзе было праблематычна забяспечыць належны санітарны, біялагічны кантроль, заменяць сучасныя комплексы, якія павінны даць значна лепшы вынік. Неўзабаве прыватныя інвестары распачнуць будаўніцтва двух буйных комплексаў у Бераставіцкім і Слонімскіх раёнах.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.