Вы тут

Пад зоркай Рыгора Шырмы


Што сёння спявае легендарны харавы калектыў?

«Спявае цудоўна», — хутчэй за ўсё скажуць тыя, хто пойдзе на канцэрт у вялікую залу Беларускай дзяржаўнай філармоніі 7 красавіка, дзе будзе выступаць Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Шырмы ў гонар свайго 75-годдзя. Цудоўна, што спявае. Але што спявае? Калісьці стваральнік заклаў кірунак для працы калектыву: народная песня. Тая, у якой душа народа. А народ жа ёсць.
А колькі песень у яго: сам Рыгор Шырма быў апантаным збіральнікам фальклору, які яго сілкаваў па жыцці. Ён на ўсе выклікі, калі можна было засумнявацца, трошкі сцішыцца, асадзіць у сваёй актыўнасці, знаходзіў адказ: ствараў хор. Хор, можа быць, тады быў не толькі музычным калектывам людзей, якія прыгожа і зладжана спяваюць.Хор у тых варунках —- гэта сімвал моцы і еднасці людзей, якія належаць да пэўнага народа. Хор дзяржаўны гэта ўвасабляе і цяпер. Таму першы, каго хочацца ўзгадацьу Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле імя Шырмы, — гэта самога стваральніка.

4-24

Усё пачыналася з песні — простай народнай, якую чуў Рыгор Шырма з маленства, а потым ужо ў дарослым жыцці стаў ёю зараджаць іншых, як тых, хто спявае, так і тых, хто слухае. Ён сам пачаў спяваць у хоры яшчэ са школьных гадоў. І ўжо тады зразумеў: родныя песні трэба абараняць. Абараняць — гэта значыць захоўваць, каб былі, і выконваць, каб прыгажосць гучала. Потым адчуваннем прыгажосці праз музыку і песні ён будзе захопліваць сваіх вучняў. Але не толькі гэтым. Ён быў чалавек, які праз песню нёс ідэю, не саступаючы пад ціскам розных жыццёвых абставінаў, якіх багата было ў той час на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Наогул, быць беларусам было не проста. А для яго гэта было прынцыпова (нават пашпарт за польскім часам ён не мог атрымаць). Прынцыповасць — яго якасць і ў працы, грамадскай і мастацкай. А між іншым, з гэтай прынцыповасці (асобных людзей, але вельмі яркіх) фарміравалася і ўзрастала наша краіна. Шырма — з тых асоб, якія натхнялі і ўвасаблялі нацыянальную ідэю на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Так мяркуе доктар філалагічных навук Арсень Ліс, які ведаў Рыгора Раманавіча, пісаў пра яго і стаў аўтарам дакументальнага фільма «Песня на ўсё жыццё», створанага ў 1984 годзе. Назва гаворыць сама за сябе, але хочацца зразумець, што гэта азначала для самога Шырмы. Арсень Ліс гаворыць:

— Свой першы хор ён арганізаваў, калі беларусы былі ў бежанстве ў Першую сусветную вайну. Пасля другі хор ён арганізаваў на радзіме ў Пружанах, фактычна беспрацоўны, калі вярнуўся з бежанства ў Польшчу. Там яго ангажаваў Браніслаў Тарашкевіч. Тагачасны старшыня Беларускага пасольскага клуба, вядомы вучоны і палітычны дзеяч выступаў у Пружанах. Ён быў уражаны канцэртам мясцовага хору, паклікаў Шырму і сказаў: «Вы патрэбны нам у Вільні». У Вільні Шырма быў у сакратарыяце Грамады, удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым руху Заходняй Беларусі. У Віленскай беларускай гімназіі, дзе пачаў працаваць, арганізаваў хор, а пазней хор так званага Беларускага студэнцкага саюза. Ужо больш сталыя харысты, беларусы, студэнты Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя складалі аснову яго калектыву. Ён ствараў хор — з'яву, якая сцвярджала беларусаў як народ, як нацыю. Гэты хор быў рэпрэзентатарам беларускай культуры і самога народа ў Вільні, горадзе поліэтнічным са старажытных часоў. Гэта быў адзін з найлепшых хароў у Вільні, дзе на той час іх было некалькі. Шырма кіраваўся нацыянальнай ідэяй і ў творчай, і ў грамадскай працы. Ён быў у кіраўніцтве Таварыства беларускай школы, а гэтая культурна-грамадская арганізацыя адстойвала інтарэсы беларускай школы. Быў у рэдакцыі часопіса «Беларускі летапіс», які быў органам таварыства. Ён быў культурна-гармадскі дзеяч не павятовага маштабу, а агульнанацыянальнага.

— Яшчэ адзін калектыў Шырмы, пра які цяпер гаворка, першы раз выступіў пасля ўз'яднання Беларусі, у 1940 годзе (Беларускі ансамбль песні і танца). Але па вайне лёс яго стваральніка аказаўся няпросты.

— І да вайны: палякі 2 разы садзілі. А ў 1941 годзе ён апынуўся на Лубянцы, яго выручыў Колас, звярнуўшыся да Панамарэнкі. Інакш невядома, ці быў бы ён далей кіраўніком той капэлы, якая стала выдатнай з'явай у беларускай культуры. Насамрэч, у Савецкім Саюзе было тры выдатныя харавыя калектывы: адзін у Эстоніі, адзін у Расіі, а трэці ў Беларусі — той, што стварыў Шырма. Спявалі акапэла, без музычнага суправаджэння, спецыялісты цанілі гэта вельмі высока. Дзяржаўны хор існаваў у Гродне, а потым яго перавялі ў Мінск. У 1955 годзе Рыгору Шырму далі званне народнага артыста БССР, пасля таго, як калектыў выступіў у Маскве на Дэкадзе беларускага мастацтва, дзе быў высока ацэнены.

— Тады ж і ўзнікла гэтая назва: Дзяржаўная харавая капэла Беларускай ССР... А як Рыгор Раманавіч перастаў ёй кіраваць?

— Яго ад капэлы апошні час аддалілі. Ён моцна перажываў, гэта скараціла яму жыццё... Машэраў пытаўся ў загадчыка аддзела культуры: «Няўжо ён сам хоча ісці на пенсію?» Той пацвердзіў. Дык Шырма, калі даведаўся, сказаў: «Жулік з партыйным білетам». Гэта была складаная гісторыя. Былі людзі, якім ён перашкаджаў.

— Але ж ён быў збіральнікам фальклору і паказаў яго як перліну.

— Так, выдадзена 4 тамы сабраных ім песень. І 2 тамы апрацаваных музыкантамі беларускіх народных песень, у тым ліку Грачанінавым (рускі кампазітар, які ў Францыю з'ехаў), потым яшчэ звяртаўся да ўкраінскіх і беларускіх кампазітараў. Шырма дасылаў ім беларускія песні, свае запісы — яны апрацоўвалі. Можа, каля 50 кампазітараў апрацавалі песні, якія ён потым выконваў разам з капэлай. Але, на жаль, сёння мы не пачуем іх у запісах: багатая фанатэка радыё пацярпела ў 1990-я гады, калі шмат што было знішчана. У тым ліку і выступленні капэлы разам з Шырмам. Можа быць, некаторыя запісы калектыву таго часу застаюцца ў расійскіх архівах.

— Магчыма, так здарылася таму, што некаторыя думаюць: беларуская народная песня сваё аджыла? І цяпер трэба іншая музыка?

— Народная песня ніколі не аджывае, гэта вялікае сведчанне духоўнасці народа. Трэба толькі ўмець яе данесці. Яна жывіць прафесійную музыку да сённяшняга дня.

Што ёсць сёння капэла, якая носіць імя свайго стваральніка (пасля яго смерці)?

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы атрымала званне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь. Яе цяперашні (з 1987 года) кіраўнік — народная артыстка Беларусі Людміла Яфімава, выхаванка Санкт-Пецярбургскай харавой школы. У калектыву іншае жыццё, у іншых умовах, дзе не трэба, як пры Шырму, нікому нічога даказваць, а толькі пацвярджаць узровень. Але вось задача прадстаўляць беларускую культуру засталася. І пашырылася — у кантэксце гастроляў за мяжой, падчас якіх людзі іншых краін знаёмяцца з беларускай культурай. Напрыклад, быў удзел у культурнай праграме Алімпійскіх гульняў 1992 года ў Барселоне. Поспех на Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі ў польскай Гайнаўцы, дзе здабылі Гран-пры ў 2004 годзе. Выступленні з вядомымі дырыжорамі і аркестрамі. З Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам будзе выступаць Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы і 7 красавіка. У праграме — творы Агінскага, Гендэля, Гуно, Шуберта, Вердзі, Вагнера, Шастаковіча, Барадзіна, Паплаўскага, Казловай. У тым ліку прагучаць і народныя песні — рускія і беларускія.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.