Вы тут

Падайце, людзі добрыя!


Што аддаў, тое тваё. Ці заўсёды так?

Імчуся пасля работы ў свой універсам, часу, як заўсёды, нестае. Абмінаю аднаго чалавека, другога і раптам налятаю на жанчыну паміж шклянымі дзвярыма. Яна ціхутка стаіць у закутку з файлам у руцэ. А ў ім самаробная аб'ява, змест якой не можа пакінуць раўнадушнай: «Дапамажыце сабраць грошы на лячэнне сына!» Таропка адкрываю кашалёк і працягваю банкноту. «Ой, дзякуй!» — сума яе, па ўсім відаць, прыемна здзівіла. Я не магу інакш — раптам для жанчыны гэта сапраўды апошняя надзея? Неўзабаве паехала ў госці да сяброўкі. І ў тамтэйшай краме... зноў убачыла знаёмы файлік. Хлопчык на фота быў той жа, а вось мама — іншая... Я літаральна аслупянела, а потым вырашыла пакапацца ў гэтай гісторыі. Мае пытанні пра тое, дзе будзе лячыцца хлопчык, ці адкрыты для яго спецыяльны рахунак, у якія арганізацыі сям'я звярталася па дапамогу, літаральна зрываюць жанчыну з месца і яна кідае ў мой бок моцнае слоўца.

4-12

А нядаўна мая перакананасць, што не ўсё так проста, толькі ўмацавалася. Бабуля ледзьве не біла кійком маладую жанчыну і крычала на ўсю вуліцу: «Ідзі дадому, валацуга, не падманвай людзей!» Прыгледзелася — дык гэта «маладуха» з мясцовых жабрачак, якая збірае грошы «на пратэзы для мамы». Гэта было добрай навукай: я перастала слепа давяраць тым, хто, як на працу, прыходзіць да метро, магазіна, рынку.

Сёння аматары спекуляваць на «ўласным няшчасці» звычайна выкарыстоўваюць новыя спосабы выманьвання грошай у даверлівых грамадзян. Так, у Мінску дабрачынны фонд актыўна збіраў грошы на лячэнне хворай дачкі адной жанчыны. Сума была вялікая — некалькі дзясяткаў тысяч долараў. Рахункі на Яндэкс-грошы і Вэб-мані шчодра папаўняліся, пакуль праверка не выявіла, што ўся гісторыя — «ліпавая». Скандал раздуваць не сталі, пашкадавалі жанчыну, а яна неўзабаве зноў «змадэлявала» сітуацыю — ужо пра цяжкавылечную хваробу малодшай дачкі. Але гэтым разам махляркай зацікавіліся праваахоўныя органы.

Другі выпадак: валанцёры не могуць знайсці «канцы» сабраных на лячэнне гомельскай дзяўчынкі сродкаў (размова ідзе ўжо пра 200—300 тысяч еўра). Лена, на жаль, не дажыла да аперацыі — лейкоз, але на яе горы ўвішны «памочнік» нядрэнна зарабіў. Прыкра і балюча, калі дабрачыннасць ператвараецца ў бізнес. Цынічны і амаральны.

Але і аматары падзарабіць па старых схемах не пераводзяцца. І іх, дарэчы, хапаць за руку ніхто не збіраецца. Як паведамляюць прадстаўнікі праваахоўных органаў, калі жабрак не стварае нязручнасцяў для іншых (напрыклад, не замінае праходу, калі ён не выклікае неахайным выглядам агіду, то да яго і прэтэнзій няма. Гэта ў савецкія часы «касту прасіцеляў» праганялі з вуліц. А цяпер стаяць ці не стаяць каля перахода — справа ўласнага сумлення.

А тым часам у іншых краінах да жабракоў ставяцца не настолькі лагодна. Скажам, у Нарвегіі вырашылі караць тых, хто просіць міласціну, турэмным зняволеннем, не кажучы ўжо пра крымінальныя элементы, якія зарабляюць на «прасіцелях». А заадно строга спаганяюць і з тых, хто аказвае дапамогу бяздом-
ным і жабракам. У нас жа многія лічаць, што пакараннем жабракоў мы адаб'ём у астатніх грамадзян жаданне спагадаць, а міласэрнасць заўсёды была часткай нашага менталітэту. На думку члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталлі Гуйвік, сама гэтая з'ява носіць у нашай краіне несістэмны характар, не стварае вялікіх нязручнасцяў для грамадзян, не спараджае ў грамадстве канфліктаў. А калі так, то і размовы пра адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць не можа быць. Іншая справа — жабрацтва не павінна быць прафесіяй, што асабліва актуальна зараз, калі распачынаецца барацьба з дармаедствам.

Словам, аддаваць заробленыя грошы чалавеку характэрнай знешнасці ў падземным пераходзе, стымуляваць «прасіцеляў» да працягу дзейнасці ці не, кожны вырашае сам.

Вера МІХЕЙКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.