Вы тут

Таямніца пад вокладкай


або На што арыентавацца дзіцячай літаратуры?

Кнігу можна лічыць сімвалам свабоды. Бо вы самі выбіраеце, куды адправіцца ў вандроўку, на чыім баку адстойваць праўду і ў каго вучыцца мудрасці жыцця. І разам з тым, кожная кніга — гэта таямніца, бо вы не ведаеце, будзе знаёмства з ёй для вас незабыўным альбо пасля некалькіх старонак вы страціце інтарэс да гісторыі, схаванай пад яе вокладкай. Выбіраючы той ці іншы твор, мы арыентуемся на парады сяброў, навінкі ў любімым часопісе, «раскручанае» прозвішча аўтара... Але сітуацыя ўскладняецца, калі размова ідзе пра дзіцячае чытанне. Улічваючы, якімі тэмпамі сёння развіваюцца тэхналогіі і якую колькасць літаратуры прапаноўваюць юным чытачам, узнікаюць заканамерныя пытанні: ці можа кніга канкурыраваць, скажам, з тым жа інтэрнэтам? Як маладому чалавеку зарыентавацца ў свеце кніжных навінак і зрабіць правільны выбар? Над гэтымі і шэрагам іншых пытанняў, якія хвалююць у наш час бацькоў, настаўнікаў, бібліятэкараў, выдаўцоў, а таксама саміх пісьменнікаў, разважалі ўдзельнікі круглага стала, зладжанага Выдавецкім домам «Звязда» і інфармацыйным агенцтвам «Мінск-Навіны».

 

 

4-21

Алесь Карлюкевіч:

4-14

— У мінулым годзе ў нас, лічу, атрымалася акцыя «Лета з добрай кнігай». Нашы пісьменнікі працавалі ў фармаце сустрэч, прэзентацый, выходзілі ў паркі і праводзілі мерапрыемствы не толькі ў Мінску, але і ў Мінскай вобласці. Мы зараз хацелі падкрэсліць, што гэта стане традыцыяй. Будзем грукаць ва ўсе дзверы, каб акцыю працягнуць. Нас, у першую чаргу журналістаў, якія займаюцца друкаванымі масмедыя, не ў меншай ступені, чым бібліятэкараў і пісьменнікаў, хвалюе пытанне: дзе ж чытач? Ці можам мы выхаваць з дзяцей і падлеткаў таго чытача, які зацікавіцца потым дарослымі газетамі? Бо калі не будзем займацца гэтай метадычнай распрацоўкай, то ў будучыні не тое што застанёмся без працы, але не будзе ўплыву на фарміраванне свядомасці, грамадскай і сацыяльнай актыўнасці, духоўнага стрыжня маладога чалавека.

Нядаўна на сімпозіуме пісьменнікаў я прывёў цытату вядомага кіеўскага вучонага, які сказаў: нягледзячы на актыўнае развіццё інфармацыйных тэхналогій і сённяшні велізарны ўплыў інфармацыйных, інавацыйных працэсаў, можа здарыцца так, што яны прынясуць бяду, бо чалавек як адзінка будзе мысліць шмат меней, чым мысліў у ХІХ стагоддзі... Ні ў якай меры не прыніжаючы гаджэты і іншыя тэхналогіі, усё ж такі хачу сказаць, што на мысленне чалавека, на ўсе яго дзеі і ўчынкі вельмі ўплывае гуманітарны працэс, само чытанне розных тэкстаў, у тым ліку мастацкіх. Таму мы заклапочаны гэтым і хацелі б разам з агенцтвам «Мінск-Навіны» стварыць пэўную прастору для абмеркавання і, можа быць, для рашэння, каб грамадства задумалася пра гэта.

Што чытаць і як заахвоціць?

Алесь Бадак:

4-15

— Я больш практык, і мне цяжка адказаць на пытанне, што чытаць падлеткам. Сёння, калі зыходзіць з актуальнасці тэматыкі твораў, нічога не змянілася. Ва ўсе часы дзеці хацелі чытаць пра школу, пра сваіх равеснікаў. З другога боку, іх цікавіць прыгодніцкая літаратура, далёкая ад іх сённяшніх рэалій: ці гэта гістарычныя творы, ці фантастыка альбо нешта з элементамі дэтэктыву. Іншая справа, што змяніліся самі юныя чытачы. І калі мы гаворым пра сённяшніх дзяцей, то, безумоўна, яны жывуць крышку іншымі клопатамі і ў іншым рытме, чым іх бацькі, калі былі ў такім жа ўзросце. Напэўна, і пісьменнікам пра гэта таксама трэба думаць. Арыентуючыся, вядома, на класіку, на найлепшыя традыцыі беларускай літаратуры. Трэба шукаць у дзіцячай літаратуры новыя тэмы, кірункі і магчымасці, як зацікавіць дзіця, падлетка. У школьнікаў малодшага ўзросту, мне здаецца, менш праблем з чытаннем. А вось калі разглядаць патрэбы чытача сярэдняга і тым больш старэйшага школьнага ўзросту, тут пачынаецца вялікая канкурэнцыя — камп'ютар, інтэрнэт, кабельнае тэлебачанне. І пісьменніку сёння вельмі цяжка з імі канкурыраваць. Класічным творам, уключаным у школьную праграму, у гэтым плане крыху лягчэй. Ёсць дамашняе заданне, ёсць спіс літаратуры, ёсць настаўнік, які пасля выкліча да дошкі... Але ж нельга ўсё цікавае, арыгінальнае ўключыць у школьную праграму. І вось як дзіцячаму пісьменніку даказаць, што з цэлага мора літаратуры, у тым ліку і замежнай, школьніку варта выбраць менавіта яго новую кнігу? А даказваць трэба!

Уладзімір Ліпскі:

4-16

— Безумоўна, гэта вельмі важная размова. Народ наш, якому мы адрасуем сёння словы свае і кніжкі, сур'ёзны. Калі хто ўспрымае дзяцей па-іншаму, то ён глыбока памыляецца. Перш за ўсё трэба навучыцца іх паважаць. Калі пачнеш іх паважаць, разумець, тады прыходзіць і ўсведамленне, што яму даць, якое чытво. Вы даруйце, але я хацеў бы прывесці прыклад «Вясёлкі». Тыраж часопіса — 11,5 тысячы. Сябры, мы штодня тупаем да дзіцячай аўдыторыі, рэкламу робім і гэтак далей, але, як бы мы ні шабуршэлі, не будуць выпісваць, калі часопіс не цікавы. І давайце прызнаем: перш за ўсё тыраж вызначаецца зместам. Я пачаў у гэтым годзе пісаць аповесць «Грошык і таямнічы кошык». Здавалася б, складаная тэма: фінансы, сямейны бюджэт, з чаго ён складаецца. Мы павінны ствараць вобразы, таму з мастаком доўга думалі, якім павінен быць Грошык — вырашылі, як дамавічок...

Да таго ж глыбокі змест патрэбны для дзяцей. Тады і яны, і іх бацькі адгукнуцца. Давайце ўсвядомім, што перш за ўсё тэмы і тыя праблемы, якія хвалююць бацькоў, наша грамадства, яны хвалююць і нашых дзяцей. Вось, глядзіце, з Алесем Мікалаевічам Карлюкевічам выдалі кніжку «Вясёлка над Нёманам» пра раёны Гродзенскай вобласці. Мастакі спецыяльна намалявалі карты раёнаў. Мы расказалі пра герб кожнага. Гэта цікава дзецям, і беларускамоўная кніжка выйшла 12-тысячным тыражом. Я да таго, што калі зачэпіш, то будзе і вынік, і жаданы ўзлёт, і прыцягненне ўвагі да літаратуры.

Алесь Бадак:

— Заўважце: Уладзімір Сцяпанавіч пачаў гаварыць — і каго адразу згадаў? Грошыка. Усё ж такі хочам мы таго ці не, але часопіс павінен жыць у тую эпоху, у якую выходзіць.

Права выбіраць і самавызначацца

Алесь Карлюкевіч:

— Ніхто не сумняваецца, што сацыяльную задачу і ў літаратурна-мастацкіх масмедыя для дзяцей, і ў масмедыя ўвогуле журналісты і пісьменнікі выканаюць. Задача якраз у тым, каб прыдумаць Грошыка. Альбо вось Генадзь Аўласенка напісаў цэлую серыю кніг, якія расказваюць пра бяспечныя паводзіны на рацэ, у лесе... Але давайце вернемся на 20-30 гадоў назад — у памяці ў нас могуць узнікнуць імёны адны і тыя ж. Напрыклад, «Мы з Санькам у тыле ворага» Івана Сяркова. Альбо ўзяць творы Уладзіміра Машкова, Міхася Герчыка. Так, можна з вышыні часу гаварыць пра заідэалагізаванасць. Тым не менш тады яны былі чытабельныя. І нават цяпер перавыдаюцца, хаця столькі часу прайшло. Альбо іншы прыклад: выкананне сацыяльнай задачы — кніга Яўгена Хвалея «Прынцэса з тусоўкі». Сёння складваецца напружаная сітуацыя з распаўсюджваннем спайсу, тэма гучыць усюды. Ахвяры гэтай трагедыі — дзеці 14-15 гадоў, а мастацкага твора на такую тэму няма!

4-13

Алесь Бадак:

— А ён так проста не напішацца. Нават калі праводзіць конкурс. Скажам, у 1934 годзе прайшоў першы Усебеларускі конкурс на найлепшы дзіцячы твор. Было пададзена шмат рукапісаў, а ў гісторыі дзіцячай літаратуры з усіх конкурсных твораў, калі не памыляюся, застаўся толькі «ТВТ» Янкі Маўра. Дык Маўр на той час ужо быў аўтарам і «Палескіх рабінзонаў», і «У краіне райскай птушкі», і «Сына вады», і «Амока». А ў гэты ж час па-за конкурсам узнік «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова — твор, які жыве і сёння.

Вяртаюся на хвілінку да Грошыка — мне вельмі спадабалася, што Уладзімір Сцяпанавіч параўнаў яго з дамавіком. Якія б тэмы мы ні закраналі і пра што б ні пісалі, але калі літаратура, у тым ліку дзіцячая, не будзе нацыянальнай — часам па сваіх нейкіх ледзь улоўных, але вельмі важных асаблівасцях, то яна не будзе цікавай ні айчыннаму, ні замежнаму чытачу. Гэта вельмі важна, гэта робяць і «Бярозка», і «Вясёлка».

Алесь Карлюкевіч:

— Колькасць дзіцячых чытачоў апрыёры павінна быць большай, чым дарослых. Калі людзі прыходзяць у дарослае жыццё, то дадому кніжкі ўжо не купляюць. У найлепшым выпадку, калі іх «прыб'е» да ложка альбо чалавек пачне гультайнічаць, тады і будзе чытаць.

Таццяна Швед:

4-18

— Я не пагаджуся з гэтым, бо вельмі шмат у нас сёння ідуць сем'ямі ў бібліятэку, асабліва ў нядзелю... Маладыя бацькі разумеюць, што трэба дзіця прывесці ў бібліятэку, паказаць кнігі, расказаць пра іх.

Алесь Карлюкевіч:

— Але сёння з'явіліся і бацькі, якія механічна прымушаюць дзіця: прачытай тэрмінова 15 старонак і перакажы. Але, патрабуючы, яны не абавязкова самі чытаюць...

Таццяна Швед:

— Але чытаючых сем'яў па колькасці больш, чым учора і пазаўчора. Такая тэндэнцыя назіраецца ўжо гады тры. Калі весці размову пра тое, што менавіта парэкамендаваць пачытаць, то тут асноўныя тэмы — жывёлы, прырода, радзіма, вершаў дастаткова для маленькіх чытачоў. Не хапае твораў беларускіх аўтараў пра падлеткаў.

Уладзімір Ліпскі:

— Мы можам назваць дзясятак добрых аўтараў, якія працуюць для гэтага ўзросту: Гапееў, Баравікова, Аўласенка і іншыя... Тая ж тэма кахання застаецца актуальнай заўсёды. Трэба паважаць іх узрост, яны ў пошуку сябе. Гэта здаецца, быццам дзеці ўсё ведаюць: у іх жа ёсць камп'ютары. А на самай справе іх трэба падштурхоўваць і даваць такую літаратуру, каб перш за ўсё «трэніраваць мускулы душы».

Алесь Карлюкевіч:

— Як выдавец, я шукаю аповесць пра школьніка 5-га ці 7-га класа, дзе прысутнічалі б нейкія яго калізіі, унутраныя драмы.

Асяроддзе як падказка

Кацярына Дубінская:

4-17

— У мяне і сёння любімымі з'яўляюцца кнігі Уладзіміра Машкова. Або тыя ж «Арбузік і Бебешка», на якіх вырасла я і маё дзіця. Таццяна Аляксееўна правільна сказала пра бібліятэкі як цэнтр прыцягнення да чытання, але хочацца адзначыць, што да любімых кніг, часопісаў павінны быць прыступкі. Я лічу, сімвалічна, што ў вялікага холдынга «Звязда» ёсць часопіс «Бярозка». У нас ёсць «Качели». Такім чынам, мы маем не толькі выданні для дарослых, якія маглі б прапагандаваць любоў да чытання, бо ўсё пачынаецца з сям'і. І калі бацькі чытаюць хоць нешта — гэта ўжо добра. Магчыма, лепш было б назваць акцыю не «Лета з добрай кнігай», а «Лета з адкрытай кнігай», бо часта добрыя кніжкі стаяць закрытымі на паліцах. Важна, каб бабуля, дзядуля, маці і тата чыталі, згадвалі пра бібліятэку. Там сёння праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў. І наша задача пра гэта расказваць пастаянна, напамінаць. Спрыяе таму і наша акцыя «Лета з добрай кнігай». Хочацца перш за ўсё адкрыць яе для дарослых, а дзеці падцягнуцца.

Прыгожы пачатак — гэта добра, а далей патрэбна праца. Складана нават уявіць, куды нас завядзе такая акцыя, але трэба, каб мы займаліся гэтым сістэмна. Бо тут ідзе настрой на добрае, а дзіцячая кніга — гэта дабро для душы.

Алесь Карлюкевіч:

— Мы нядаўна пачалі выпускаць часопіс «Алеся». І яго галоўны рэдактар Ларыса Ракоўская адну са старонак аддала вокладкам дзіцячых кніжак. Магчыма, «Алеся» — не месца для дыскусіі пра аповесці для падлеткаў. Але маці будуць бачыць, што кніг выходзіць дастаткова, і гэта таксама важна. Калі будзем падказваць, звяртаць увагу на навінкі, то, думаю, у гэтым ёсць станоўчы момант. Але я хацеў папытацца ў прысутных: як вы лічыце, ці патрэбны нейкія рэкамендацыйныя спісы?

Ірына Буторына:

4-19

— У мяне зараз сын у сёмым класе, падлетак. Не так даўно яму на ўрок пазакласнага чытання далі заданне пачытаць «Палескіх рабінзонаў». І я была настолькі ўражана, што мой хлопец зачытваўся творам амаль да поўначы. Здавалася б, колькі гадоў прайшло... Фармулёўка «рэкамендацыйныя спісы» многіх палохае і нават адпужвае. Але, на маю думку, калі выходзіць новая кніга, у кожным выпадку ёсць анатацыя, і няблага было б, каб рабіліся невялікія брашуркі, у якіх можна азнаёміцца з навінкамі...

Мне падаецца, трэба прыдумаць нейкую цікавую форму знаёмства з кнігай. Напрыклад, можна пайсці насустрач сучаснаму падлетку, выпускаючы нешта ў электронным выглядзе, гэткі варыянт кніжных навінак. Трэба неяк знітаваць гэты ланцужок: пісьменнік, перыядычны друк, кнігавыдаўцы, настаўнікі, метадысты і дзеці — і расказаць чытачу пра тое, што ёсць, пра што ён не ведае.

«Лета з добрай кнігай», на маю думку, цудоўная акцыя, якая абавязкова павінна мець працяг і, як правільна сказалі, мабыць, будзе існаваць па-за межамі летняга адпачынку. Тут трэба было б папрацаваць з метадычнага боку, каб прапанаваць розныя напрамкі: як лета з кнігай праводзіць у сям'і, у школе. Дзецям неабходна актыўнасць, ім трэба нешта рабіць. Каб гэта не было нешта штучна створанае.

Алесь Карлюкевіч:

— Трэба абмяркоўваць, тады не будзе тых, хто не ведае. Павінен быць агульны інфармацыйны рэсурс. Хацелася б усё ж такі мець і рэкамендацыйны спіс, можа, па-іншаму ён называцца павінен. Сёння прыходзіць чалавек да кіёска — і ў разгубленасці ад таго, колькі там часопісаў. У Мінску амаль што 500 гандлёвых пунктаў «Белсаюздрука». І калі б з двух экзэмпляраў убачылі і ўзялі ў кіёску хаця б адзін, ужо выдатна.

Святлана Дзянісава:

4-20

— Сапраўды, гэта слушная заўвага, што ў нас прэса не прадстаўлена ў кіёсках менавіта як наша, айчынная. Асабіста я вось ужо некалькі гадоў на розных мерапрыемствах заўсёды кажу, што нам патрэбны такая ж акцыя і такі ж слоган, як «Купляйце беларускае!». Няхай будзе «Чытайце беларускае!», і каб у кіёсках гэта працавала. Таму што нашу прэсу трэба прадстаўляць асобна на самых ганаровых месцах, а не заціскаць паміж расійскім глянцам і кулінарнымі «скараспелкамі».

Таццяна Швед:

— Чытаюць па-беларуску і маленькія дзеткі, і падлеткі, але насамрэч не хапае і рэкламы. Добра, калі прыйшлі і ўзялі кнігу, а як быць з тымі, хто не прыйшоў і не ўзяў? Мы павінны пайсці да іх і правесці адпаведную працу.

Святлана Дзянісава:

— У часопісе «Бярозка» ёсць чатыры ступені, якія падпадаюць пад гэтыя мэты і маюць магчымасці для развіцця літаратуры і мастацкай перыёдыкі. Першая — блок «Літаратурныя старонкі»: проза, паэзія, дзе прадстаўлена творчасць сталых паэтаў і празаікаў для дзяцей і падлеткаў. Такім чынам, калі школьнік, чытач «Бярозкі», бачыць гэтыя прозвішчы, то знаёміцца не толькі з імі, але і з творамі, і героямі гэтых твораў. Другая ступень — гэта рубрыка «Беларуская літаратура». Яна спецыяльна створана для таго, каб паказваць праграмныя творы ў нейкім нестандартным аспекце, каб вучань захацеў іх пачытаць. Гэта адначасова яшчэ і дапаможнік для настаўніка. Бо ўвогуле, ідэя стварэння новай версіі «Бярозкі» ў тым, каб яна выдавалася не толькі для дзяцей, але і для настаўнікаў, якія маглі б, у прыватнасці, прачытаць у гэтай рубрыцы, як найлепш расказаць пра той ці іншы твор. Рубрыка, дарэчы, заўсёды мае пазнаку, у якім класе твор вывучаецца. У яе мы запрашаем пісаць і метадыстаў, і школьных настаўнікаў, і нават саміх аўтараў твораў школьнай праграмы. Трэцяя ступень заклікана не толькі зрабіць чытача «Бярозкі», калі той пажадае, «спажыўцом» літаратуры праз літаратурныя старонкі, але і ўключыць яго ў творчы працэс. Пад гэта, па-першае, «заточана» рубрыка «Практыкум» (яна мае на мэце навучыць, як пісаць, як даць загаловак свайму твору, з чаго яго пачаць). Гэткі кароткі майстар-клас. І чацвёртая ступень, «Верасок-паэзія» і «Верасок-проза», — канкрэтны вынік таго, чаму «Бярозка» магла б навучыць і чаму навучыліся нашы дзеці, што ўжо можна сапраўды друкаваць у часопісе. Аналізуючы тое, што дасылаецца ў «Верасок», можна адзначыць такую асаблівасць: дзеці, калі пачынаюць пісаць, спачатку капіруюць тое, што чыталі ў беларускай дзіцячай літаратуры. Заўсёды пазнаецца нейкі твор, уплыў нейкага пісьменніка. Гэта, здавалася б, адмоўны момант, але ёсць і станоўчае: значыць, усё гэта дзеці чыталі...

Алена ДРАПКО.

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.