Вы тут

Цудоўнае вяртанне Лышчанскага абраза


У вёсцы Лышча Пінскага раёна заўсёды ганарыліся сваім унікальным абразом. Незвычайнасць фрагмента «Тайнай вячэры» ў тым, што за выявай Хрыста ў пачатку ХХ стагоддзя з'явіўся вобраз Божай Маці. Потым выява заступніцы знікла. А ў сярэдзіне 1990-х рысы Багародзіцы сталі з'яўляцца зноў. Спачатку яны былі ледзь прыкметнымі, а потым пачалі набываць большую дакладнасць. Пра гэта наша газета падрабязна расказвала 16 лютага 2008 года.

4-22

І вось у чэрвені 2012 года прыхаджане, вернікі, вяскоўцы перажылі сапраўдны шок. Нехта нахабна вырваў прабой з дзвярэй храма і вынес дарагую людзям святыню. Усяго ў той дзень было скрадзена пяць абразоў ХІХ стагоддзя, адзін — ХХ стагоддзя, Евангелле ХVІІІ стагоддзя, два срэбныя крыжы і іншыя царкоўныя рэчы.

Людзі гаварылі аб крадзяжы «на заказ», выказвалі іншыя версіі, але ніякіх слядоў злачынства праваахоўнікам доўга адшукаць не ўдавалася. Паціху да справы прыцягвалі нават экстрасэнсаў, тыя казалі: «Знойдзеце прапажу, але не цяпер».

Вельмі сумавалі вернікі па сваіх святынях. Асабліва шкадавалі абраз Божай Маці «Лышчанская», які лічыцца галоўнай святыняй храма, і памянёны абраз Збавіцеля, які многія лічаць цудатворным. Вакол яго ў вёсцы склалася шмат легенд, паданняў, гісторый, што перадаюцца з вуснаў у вусны, запісваюцца асобнымі вернікамі. Ён з'явіўся ў Лышчы крыху больш за сто гадоў таму. Калі напісана палатно, ніхто дакладна не ведае. Відавочна, што абраз вельмі стары. На яго маліліся многія пакаленні лышчанцаў. Яны аберагалі, ахоўвалі сваю святыню. Царкоўны стараста вазіў яго з сабой у эвакуацыю ў Першую сусветную вайну. Абраз з вялікімі цяжкасцямі захавалі, калі ў 1962 годзе царкву разабралі на бярвенні. Яго па чарзе хавалі ў сваіх дамах прыхаджанкі.

Потым усёй грамадой аднаўлялі храм у імя Аляксандра Неўскага. 1995 год стаў сапраўдным святам вёскі, калі ў новым храме прайшла першая служба. І пасля гэтага, нібы ва ўдзячнасць за клопаты людзей, за іх старанне пачала паступова паказвацца Божая Маці. Сюды паехалі паломнікі, многія людзі атрымалі палёгку, вылечыліся ад хвароб. Я размаўляла з людзьмі, якія лічаць Лышчанскі абраз сваім паратункам...

І вось у канцы сакавіка гэтага года супрацоўнікі Пінскага райаддзела міліцыі атрымалі звесткі, што ў лесе каля вёскі Бердуны можа знаходзіцца схованка са скрадзенымі абразамі. І, як паведаміў намеснік начальніка Пінскага РАУС Віталь Буднік, інфармацыя пацвердзілася. Усё вераломна ўкрадзенае было знойдзена. Вернікі палічылі гэта чарговым цудам Лышчанскага абраза. А міліцыянеры ўсё ж спадзяюцца вылічыць злодзея.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.