Вы тут

На кароткай назе


Праграма кароткаметражнага кіно з 17 краін у беларускіх гарадах

Ужо ў чацвёрты раз рыхтуецца да адкрыцця міжнародны фестываль «Cіnema Perpetuum Mobіle». 110 кароткаметражных фільмаў з 17 краін-удзельніц будуць паказаны на сталічных пляцоўках — у кінатэатры «Цэнтральны», Цэнтры сучасных мастацтваў і Музеі гісторыі беларускага кіно, а таксама ў Брэсце, Магілёве, Баранавічах, Мазыры, Салігорску і іншых гарадах. Найлепшым фільмамі, па меркаванні гледачоў, фестываль адкрыецца 10 красавіка ў бары «ДК». Хоць і гучыць гэта дзіўна: фестываль яшчэ не пачаўся, а ўжо мае глядацкі рэйтынг.

4-28

Насамрэч, можна сказаць, што ІV «Cіnema Perpetuum Mobіle» пачаўся даўно — у верасні мінулага года са старту перадпраглядаў, на якіх гледачы выступаюць у якасці своеасаблівага журы і адбіраюць фільмы. Гэта можна назваць фішкай фестывалю, які яшчэ чатыры гады таму выразна акрэсліў сваю канцэпцыю — некамерцыйнага праекта, закліканага прасоўваць незалежнае кіно, падтрымліваць яго разнастайнасць, дэманстраваць новыя формы і падыходы. І галоўнае — скарачаць разрыў паміж стваральнікамі і гледачамі, а хутчэй, паміж прафесіяналамі кіно і абывацелямі, з дапамогай тых самых перадпраглядаў, дзе гледачы становяцца адначасова і цэнзарамі, і крытыкамі, і звычайнымі сведкамі.

«Першапачаткова мэтай перадпраглядаў было даследаванне глядацкага густу. Яны былі сродкам самаасэнсавання гледача ў гэтай галіне мастацтва, — каментуе каардынатар праекта Анора Лангар. — Сярод нашых прыхільнікаў шмат тых, хто наведвае перадпрагляды пастаянна. Гэта — своеасаблівы дыскусійны клуб, дзе думаючыя людзі могуць сустрэць адзін аднаго і, што важна, самаарганізавацца. Ён патрэбны моладзі. Можна сказаць, што большасць з нашай каманды прыйшла менавіта з перадпраглядаў».

У гэтым годзе заявак на ўдзел у фестывалі было каля 1100 са ста краін свету. Праграма падзяляецца на секцыі ігравога, дакументальнага, эксперыментальнага і анімацыйнага кіно, якое будуць ацэньваць члены журы з Бельгіі, Швейцарыі, Чэхіі і Расіі. Навіной гэтага года стала арганізацыя першага за чатыры гады спецыяльнага конкурсу найноўшых фільмаў беларускіх рэжысёраў.

«Частка аўтараў — выпускнікі беларускіх культурных ВНУ, але ёсць і незалежныя кінавытворцы. У гэтым годзе ўдзельнічаюць беларускія рэжысёры з ігравымі і дакументальнымі фільмамі, хоць у мінулым яны былі прадстаўлены толькі анімацыяй (калі не лічыць пазаконкурснай праграмы з выключна беларускімі аўтарамі). Гэта паказвае, што якасць нашых фільмаў дастатковая, каб сапернічаць з іншымі кароткаметражкамі на міжнародным узроўні», — адзначае каардынатар праекта.

4-29

У журы асобнага конкурсу беларускага кіно ўвайшлі праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў, беларускі дакументаліст Андрэй Куціла, культуролаг і кіназнаўца Вольга Раманава. Спецыяльнага конкурсу аказалася недастаткова, каб паказаць увесь варты беларускі кароткі метр, таму ў рамках «Cіnema Perpetuum Mobіle» арганізавана і пазаконкурсная праграма работ нашых аўтараў.

За чатыры гады маштаб фестывалю павялічыўся: арганізатары атрымліваюць фільмы больш шырокай геаграфіі, усё больш гарадоў Беларусі падключаюцца да яго.

Фестываль таксама паступова прымае ўсё больш замежных гасцей. На гэты раз прыязджаюць нямецкая кінагрупа «Хаос»(з ідэяй сапраўднага андэграўднага і незалежнага кіно імі створаны кароткаметражныя эксперыментальныя, анімацыйныя і дакументальныя фільмы), прадстаўнікі польскага фестывалю кароткаметражнага кіно ў рэгіёне Падляшша ZUBROFFKA, аўтары расійскага фільма «Масоны», нямецкай дакументальнай карціны «Туман».

Праграма фестывалю — аўтарскія працы з Іспаніі, Францыі, Індыі, Даніі, Нарвегіі, іншых краін і, безумоўна, Беларусі — разлічана да 19 красавіка.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».