Вы тут

Сарваў праект? Вярні ўчастак!


Прадпрымальнікі, якія ў адведзены заканадаўствам тэрмін не рэалізавалі інвестыцыйныя праекты, павінны вярнуць зямельныя ўчасткі дзяржаве. Аб гэтым заявіў падчас выязнога прыёму грамадзян у горадзе Жодзіна старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра.

Безимени-3

Да Сямёна Шапіры звярнуліся муж і жонка з просьбай пасадзейнічаць ім прадоўжыць тэрмін інвестыцыйнага дагавора, заключанага ў 2011 годзе. Яны не змаглі своечасова арганізаваць вытворчасць будаўнічых матэрыялаў — не хапіла грошай. Высветліўшы падрабязнасці, кіраўнік цэнтральнага рэгіёна ім адмовіў. «У вобласці прынята рашэнне, што інвестары, якія не выконваюць умовы дагавора, павінны вярнуць зямлю дзяржаве. Выключэнняў з агульных правіл не павінна быць», — канстатаваў Сямён Шапіра, а таксама параіў бізнесоўцам у далейшым пралічваць свае магчымасці.

Святлана Мамыка прыйшла на прыём ад імя 26-ці шматдзетных маці. Будучыя навасёлы скардзяцца на высокі кошт квадратнага метра жылля (амаль 12 млн рублёў). Асіліць яго вельмі цяжка, нават з улікам льготнага дзяржаўнага крэдытавання. Сямён Шапіра даручыў старшыні Жодзінскага гарвыканкама Міхаілу Амельянчуку праверыць абгрунтаванасць такой цаны, а таксама, па магчымасці, дапамагчы шматдзетным сем'ям за кошт бюджэтнага фінансавання.

Малады бацька Арцём Амяльчук мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Сам ён сірата і разлічвае на дзяржаўную падтрымку. У Жодзіне запланавана будаўніцтва 72-кватэрнага сацыяльнага жылога дома. Аднак невядома пакуль, калі ён будзе здадзены, ды і працэс выдзялення кватэры можа зацягнуцца, паколькі ў горадзе на чарзе на атрыманне сацыяльнага жылля стаіць 482 чалавекі. Сямён Шапіра параіў мужчыну ўладкавацца на БелАЗ, тым больш што завод мае патрэбу ў зваршчыках. У прадпрыемства ёсць свае інтэрнаты, куды ён зможа пераехаць з сям'ёй.

Усяго старшыня аблвыканкама разгледзеў 12 заяў. Як ён адзначыў, для вырашэння кожнай праблемы, з якой звяртаюцца да ўлады, павінен быць выпрацаваны канкрэтны і зразумелы людзям механізм.  «Трэба дзейнічаць па справядлівасці, а не вырашаць пытанні толькі тых, каму ўдалося трапіць на прыём», — рэзюмаваў Сямён Шапіра.

Падчас прыёму былі і прыемныя моманты. Напрыклад, ветэран працы Іван Ляскоўскі паказаў атэстат аб заканчэнні Туроцкай сярэдняй школы, атрыманым у 1957 годзе. Пад ім стаіць подпіс дырэктара Барыса Шапіры — бацькі губернатара.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.