Вы тут

Першы, але не апошні


За паўторныя парушэнні Мінгандаль канчаткова закрые аб'ект у Магілёве. Гандлёвая інспекцыя лічыць, што такая практыка можа працягнуцца

Восем месяцаў прайшло з моманту ўступлення ў сілу Закона «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь», які пашырыў паўнамоцтвы гандлёвай інспекцыі. Палову гэтага часу праходзіла пад дзеяннем Указа ад 5 снежня 2014 года № 567 «Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўцоў». Надзелены яшчэ большай уладай Мінгандаль за 4 месяцы праверыў больш за 600 аб'ектаў. Для ліквідацыі выяўленых парушэнняў на тэрмін ад 4 да 16 дзён спынялі дзейнасць 173 аб'екты гандлю і грамадскага харчавання. З іх за парушэнне заканадаўства аб цэнаўтварэнні — 18 аб'ектаў, у тым ліку за парушэнне нормаў Пастановы Савета Міністраў Беларусі ад 19 снежня 2014 года № 1207 «Аб некаторых пытаннях спажывецкага рынку» (якая вызначае парадак фарміравання цэн) — 17. У якіх выпадках гандлёвай інспекцыі даводзіцца прымяняць самыя строгія санкцыі? Наколькі шмат зваротаў грамадзян аб парушэннях? Што чакае суб'екты гандлю, якія не паспелі ўнесці абноўленыя звесткі ў гандлёвы рэестр да 1 красавіка 2015 года? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА начальнік упраўлення кантролю спажывецкага рынку — гандлёвай інспекцыі Міністэрства гандлю Валяр'ян Бяспалы і начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Віялета Бразоўская.

4-36

Міністэрства не паспявае апрацоўваць заявы

Суб'екты гаспадарання ў Беларусі абавязаны былі адкарэктаваць звесткі ў гандлёвым рэестры да 1 красавіка. «На гэту дату ў базе звестак змяшчаецца інфармацыя аб 182 тысячах 342 аб'ектах, уключаючы рознічныя і аптовыя гандлёвыя аб'екты, інтэрнэт-крамы, формы гандлю без (па-за) гандлёвых аб'ектаў, аб'екты грамадскага харчавання, гандлёвыя цэнтры і рынкі, — гаворыць Віялета Бразоўская. — Аднак толькі 36% з іх унеслі змены ў звесткі. Гэта не значыць, што суб'екты гандлю да нас не прыйшлі, — да нас звярнулася вельмі шмат суб'ектаў, цяпер мы павінны ўсе гэтыя заявы апрацаваць. Склалася такая сітуацыя, што яшчэ досыць шмат заяў не апрацавана ў сілу чалавечага фактару. Не тое, што мы не хочам, мы проста фізічна не паспелі гэта зрабіць».

За што выключаць з рэестра?

«У адпаведнасці з пунктам 30 Палажэння аб гандлёвым рэестры ў выпадку ўстанаўлення недакладных звестак мясцовы выканаўчы і распарадчы орган выносіць суб'екту гандлю, суб'екту грамадскага харчавання, адміністрацыі гандлёвага цэнтра, адміністрацыі рынку загад аб скасаванні або змене недакладных звестак. У выпадку невыканання ў вызначаны ў прадпісанні тэрмін мясцовы выканаўчы і распарадчы орган мае права прыняць рашэнне аб выключэнні звестак з рэестра», — канстатуе Віялета Бразоўская.

Акрамя гэтага, такая мера будзе ўжывацца пры наяўнасці несапраўдных звестак у дачыненні да: формы рознічнага гандлю без (па-за) гандлёвых аб'ектаў; даменнага імя сайта інтэрнэт-крамы; месца знаходжання гандлёвага аб'екта, аб'екта грамадскага харчавання, гандлёвага цэнтра, рынку; выгляду і тыпу гандлёвага аб'екта; тыпу аб'екта грамадскага харчавання; класа аб'екта грамадскага харчавання (пры наяўнасці); спецыялізацыі аб'екта грамадскага харчавання (пры наяўнасці); спецыялізацыі гандлёвага цэнтра; тыпу, спецыялізацыі рынку, нумара і даты выдачы дазволу на стварэнне рынку, назвы органа, які выдаў дазвол на стварэнне рынку; звестак аб рознічным і аптовым таваразвароце суб'ектаў гандлю за папярэдні фінансавы год.

«Такім чынам, суб'ектам гаспадарання, якія да 1 красавіка 2015 года не звярнуліся за ўнясеннем звестак у гандлёвы рэестр, у тым ліку не падалі звесткі пра таваразварот, будуць накіраваны прадпісанні аб ліквідацыі недакладных звестак у рэестры (тэрмін ліквідацыі — не больш за 30 каляндарных дзён)», — удакладніла Віялета Бразоўская. Пры невыкананні — выключэнне з рэестра.

Права на промах — толькі раз на год

«Як правіла, суб'екты гаспадарання хутка рэагуюць на прадпісанні аб прыпыненні дзейнасці і ліквідуюць парушэнні на працягу 3-5 дзён, — паведамляе Валяр'ян Бяспалы. — Аднак заўважу, што суб'екты гаспадарання, якія дапусцілі парушэнні, знаходзяцца пад кантролем Мінгандлю. У адпаведнасці з Указам № 567 у выпадку неліквідацыі парушэнняў або выяўлення паўторна на працягу года парушэнняў, што паслужылі падставай для прыпынення работы аб'ектаў, Міністэрства гандлю можа вынесці рашэнне аб забароне іх працы. Адзін такі выпадак ужо быў. Літаральна на гэтым тыдні міністр гандлю прыняў рашэнне канчаткова закрыць адзін аб'ект у Магілёве. Гэта будзе першае такое рашэнне, але я думаю, яно не будзе апошнім».

Адносіны банкіра і спажыўца ўрэгулююць?

«На сёння ў краіне сфарміравана заканадаўчая база па абароне правоў спажыўцоў, — заявіла Віялета Бразоўская. — Але Міністэрствам гандлю плануецца ўключэнне ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2016 год работ па комплекснай перапрацоўцы Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў». У праекце плануецца больш падрабязна спыніцца на рэгуляванні ўзаемаадносін банкіраў і спажыўцоў, улічыць навацыі сённяшняга дня ў развіцці формаў гандлю (гандаль на прэзентацыях, дыстанцыйны гандаль) і паслуг (тэлематычныя паслугі, паслугі рэкрутарскіх кампаній і г.д.)».

Шквал званкоў пасля мараторыя

«Зваротаў грамадзян на тэлефон даверу, асабліва ў канцы мінулага года, быў проста шквал, — распавядае Валяр'ян Бяспалы. — Калі быў абвешчаны мараторый цэн, колькасць зваротаў павялічылася ў сярэднім у два-тры разы. Цяпер іх колькасць зменшылася (каля 30-40 у дзень), але гэта не значыць, што грамадзяне звяртаюцца толькі па пытаннях праверкі аб'ектаў гандлю. Яны тэлефануюць на гэты тэлефон і па іншых пытаннях, якія патрабуюць тлумачэння або ўдакладнення. Не толькі гандлёвая інспекцыя іх разглядае. Задзейнічаны ўсе ўпраўленні Міністэрства гандлю».

Звяртайцеся праз інтэрнэт

Некаторыя людзі незадаволены тым, што дазваніцца на «гарачую лінію» гандлёвай інспекцыі вельмі складана. Можа, было б варта зрабіць гэты тэлефон шматканальным ці неяк яшчэ ўдасканаліць працу інспекцыі са зваротамі грамадзян?

«Шматканальнасць пакуль міністэрствам не разглядалася. Дадаткова ў нас штодня вызначаны графік, калі начальнікі ўпраўленняў або іх намеснікі знаходзяцца на тэлефонах. Гэта значыць, выкарыстоўваецца не толькі тэлефон «гарачай лініі», але і іншыя тэлефоны супрацоўнікаў міністэрства, — сцвярджае Валяр'ян Бяспалы. — Акрамя гэтага, у грамадзян ёсць магчымасць звярнуцца ў пісьмовай форме і па электроннай пошце, што ў апошні час актыўна выкарыстоўваецца».

Кантроль застанецца

Неаднойчы з'яўлялася інфармацыя, што Пастанова №1207 будзе адменена і краіна вернецца да свабоднага цэнаўтварэння. Ці будзе гандлёвая інспекцыя кантраляваць абгрунтаванасць фарміравання цаны, ці ж гэты абавязак пяройдзе да Мінэканомікі, якое выконвае функцыю антыманапольнага органа?

«Пастанова №1207 сёння дзейнічае, і Мінгандаль з улікам таго, што Указам №567 на міністэрства ўскладзена функцыя па кантролі за цэнаўтварэннем, будзе пастаянна кантраляваць пытанне дысцыпліны цэн у дачыненні да тавараў народнага спажывання. Гэта тычыцца не толькі гандлю і грамадскага харчавання, але і працы вытворцаў», — сказаў Валяр'ян Бяспалы.

Падрыхтаваў
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.