Вы тут

Не хочаш працаваць — мусіш заплаціць


Дзе дармаеды будуць адпрацоўваць грамадска карысныя работы, вырашыць мясцовая ўлада

Прыняты ў чацвер Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» абавязвае грамадзян, чый удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў за мінулы год складае менш за 183 дні, плаціць штраф у памеры 20 базавых велічынь (сёння гэта 3 мільёны 600 тысяч рублёў). У дакуменце таксама вызначаны катэгорыі асоб, якія будуць вызвалены ад падатка.

Удзельнікамі фінансавання бюджэту прызнаюцца, напрыклад, тыя, хто працуе па кантракце або на ўмовах членства ў вытворчым каааператыве ці фермерскай гаспадарцы; вайскоўцы; рэзервісты ў час праходжання заняткаў і навучальных збораў; святары; удзельнікі (члены) манастыра і манаскай абшчыны, вяскоўцы і жыхары пасёлкаў гарадскога тыпу, якія вядуць асабістую падсобную гаспадарку. Не будуць лічыцца дармаедамі і незанятыя беларусы, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных ці накіраваныя на прафесійную падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі.

Па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны ШЧОТКІНАЙ, з улікамновага дэкрэта ўнясуць папраўкі ў Закон «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» і іншыя прававыя акты:

— Гэтыя змены прадугледжваюць сістэматызацыю і замацаванне абавязкаў беспрацоўных, узмацненне адказнасці незанятых грамадзян за парушэнне заканадаўства аб занятасці, змяненне парадку аказання садзеяння ў працаўладкаванні. Так, наймальнік павінен паведамляць органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пра новыя вакансіі ў пяцідзённы тэрмін.

Дадатковыя палажэнні з'явяцца ў Падатковым кодэксе, Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Міністр адзначыла, што распрацоўваецца механізм узаемадзеяння (у тым ліку і інфармацыйнага) дзяржаўных органаў і ўстаноў. Спісы дармаедаў-плацельшчыкаў будуць перадавацца ў тэрытарыяльныя падатковыя органы. Сабраныя грошы залічаць у мясцовыя бюджэты. Гэта дазволіць павялічыць рэсурсную базу на лакальным узроўні і накіраваць сродкі на вырашэнне найбольш актуальных сацыяльных задач. Грамадзяне, якія не разлічацца са штрафам самастойна, атрымаюць да 1 кастрычніка 2016 года паведамленне на выплату збору ў тэрмін да 15 лістапада. Калі чалавек мае дакументы, што вызваляюць яго ад гэтага падатку, ён павінен на працягу 30 дзён з дня атрымання паведамлення падаць тлумачальныя паперы ў падатковы орган.

Беспрацоўных, якія не заплацяць 3,6 мільёна, чакае штраф у памеры ад 2 да 4 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт і грамадска карысныя работы. Пералік аб'ектаў і віды гэтых работ зацвярджаюць тэрытарыяльныя выканаўчыя органы. У выпадку парушэння працоўнай дысцыпліны, патрабаванняў бяспекі ці адмовы ад грамадскіх работ да асоб могуць прымяніць дысцыплінарныя спагнанні, прапісаныя ў артыкуле 18.10 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Адміністрацыйны арышт прызначае раённы ці гарадскі суд. Спагнанні за правапарушэнні могуць накладацца не пазней за 3 гады з дня ўчынення і 6 месяцаў з моманту выяўлення гэтага правапарушэння.

У Міністэрстве ўнутраных спраў, якое было ініцыятарам увядзення адміністрацыйнай адказнасці ў дачыненні дармаедаў, лічаць, што Дэкрэт № 3 дазволіць знізіць крымінагенную рызыку. Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МДБ МУС, летась больш за 60 працэнтаў злачынстваў, сярод якіх і асабліва цяжкія, учынілі людзі, якія не працуюць і не вучацца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

 

Зінаіда Мандроўская, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях:

— Самае важнае, што мы можам мець у нашай краіне — вынікі працы кожнага грамадзяніна. Таму што іншай крыніцы для атрымання сацыяльных гарантый няма. А атрымліваецца, што за апошнія
20 гадоў некаторыя зразумелі, што можна жыць, нічога не ўкладаючы. Жыць ці за чужы кошт, ці ўтойваць свае даходы. Выкарыстоўваць заробленыя грошы і пры гэтым бясплатна атрымліваць сацыяльныя гарантыі. Дэкрэт — гэта матывацыя гэтых людзей удзельнічаць разам з усімі ў рашэнні дзяржаўных і сацыяльных пытанняў Беларусі.

У нас бясплатная ахова здароўя і сярэдняя адукацыя. І гэта забяспечваецца толькі тады, калі сродкі ў сацыяльным фондзе папаўняюцца. Для гэтага неабходна, каб беларусы не толькі працавалі, але і плацілі падаткі са сваіх даходаў.

Сяргей Рудзько, начальнік аддзела аховы правапарадку
і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкама:

— З пэўнай часткай гэтай катэгорыі асоб мы працавалі яшчэ і да прыняцця дэкрэта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Аказвалі дапамогу ў працаўладкаванні людзей, якія вярнуліся з ЛПП ці месцаў пазбаўлення волі. Інфармацыя на іх перадаецца ў цэнтр занятасці, дзе для іх браніруюцца вакансіі. Потым мы адсочваем, як яны працуюць. Пытанне наконт таго, як наладзіць кантроль за дармаедамі ў цэлым, ужо абмяркоўвалася на ўзроўні старшыні Бабруйскага гарвыканкама з удзелам усіх зацікаўленых службаў. Цяпер вядзецца выпрацоўка алгарытму дзеянняў.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага
тэхнічнага ўніверсітэта:

— Сёння ранкам іду на працу і назіраю такую карціну: з маленькай крамкі на рагу, што адкрываецца вельмі рана, вяртаецца ўжо групка заўсёднікаў з чырвонымі задаволенымі тварамі. Насустрач ідзе наша дворнік, добрасумленная і станоўчая жанчына, і вітае іх такімі словамі: «Ну што, панове дармаеды, дэкрэт адзначылі?». У адказ яны дружна рагочуць. Баюся, што гэты кантынгент прымусіць працаваць будзе вельмі складана. А яшчэ больш пытанняў узнікае ў дачыненні да вясковых непрацуючых, што фактычна сядзяць на шыі ў бацькоў-пенсіянераў. Мала што яны са старых маці, якія іх кормяць, цягнуць грошы на выпіўку, дык яшчэ, чаго добрага, будуць прымушаць іх плаціць са сваёй пенсіі прадугледжаны Дэкрэтам №3 збор. Не хацелася б, каб так было з прыняццем важнага для дзяржавы заканадаўчага акта.

Iгар СIРАТА, галоўны iнжынер ААТ «Дарожна-будаўнiчы
трэст № 6», г. Гродна:

— Захады, прынятыя па папярэджаннi сацыяльнага ўтрыманства, лiчу вельмi правiльнымi. Мажлiва, гэта трэба было зрабiць раней. Але добра, што нарэшце грамадства выстройвае прынцыповую пазiцыю ў дачыненнi да людзей, якiя прызвычаiлiся жыць за «чужы кошт». Бо сапраўды, чаму хтосьцi павiнен працаваць, плацiць падаткi, якiя забяспечваюць жыццядзейнасць нашай краiны, накiроўваюцца ў медыцыну, адукацыю, iншыя сацыяльныя сферы, а iншым напляваць на дзяржаўныя выдаткi — па сутнасцi, сродкi ўсiх нас?

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.