Вы тут

Беларусь, будзь краінай уваскрэсення!


Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2015 года

Хрыстос уваскрос — сапраўды ўваскрос!

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

4-34

1. Гэтым пасхальным воклічам сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым, самым вялікім і найбольш важным хрысціянскім святам Уваскрэсення Хрыста! Гэтае свята мы адзначаем з радасцю па трох наступных прычынах. Праўда ўваскрэсення Хрыста з'яўляецца падмуркам хрысціянскай веры. Яна гарантыя нашага ўваскрашэння, дае надзею і падтрымку ў жыццёвых цяжкасцях. Яна таксама нагадвае нам, што варта жыць, бо перад намі перспектыва шчаслівай вечнасці.

2. Велікоднае Евангелле распавядае нам, як жанчыны-міраносіцы на трэці дзень пасля крыжовай смерці Хрыста, які быў першым днём тыдня, пайшлі да магілы свайго любімага Настаўніка, каб паводле яўрэйскага звычаю намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Езус памёр у пятніцу. На наступны дзень прыпадала габрэйская Пасха, і не было часу, каб пахаваць Яго паводле традыцыі выбранага народа. Таму яны вырашылі накіравацца да магілы Хрыста, каб дапоўніць тое, чаго не змаглі зрабіць адразу.

Найбольшым клопатам гэтых жанчын падчас іх шляху да магілы Езуса была праблема доступу да Яго цела, бо грабніца была закрыта вялікім каменем і ўваход у яе вартавалі жаўнеры. Аднак якое ж здзіўленне ахапіла іх, калі яны ўбачылі адкрытую магілу (пар. Мк 16, 1-5).

Але гэта яшчэ не ўсё, бо найбольшае здзіўленне чакала іх унутры яе. Там яны не ўбачылі цела Езуса. Замест яго знаходзіліся палотны, у якія яно было загорнута, і анёла, які ім сказаў: «Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго» (Мк. 16, 6).

3. Убачанае і пачутае было для іх маланкай з яснага неба аж да таго, што, перапужаныя, яны пабеглі да апосталаў, каб абвясціць ім аб тым, што ўбачылі і пачулі (пар. Мц. 28, 8).

Не паверылі таксама і апосталы. Пётр і Ян пабеглі да магілы. Ян, як малодшы, дабег хутчэй, але не ўвайшоў і чакаў Пятра. Прыйшоўшы да магілы, Пётр зазірнуў у яе. Евангеліст нічога не кажа аб рэакцыі Пятра. У той жа час ён падкрэслівае, што калі ў яе ўвайшоў Ян, то паверыў (пар. Ян 20, 3-8).

4. Уся гэтая гісторыя нагадвае нам аб тым, што нават апосталам, якія ў пэўным сэнсе былі пасвячоныя ў таямніцу крыжовай смерці Езуса і Яго ўваскрэсення, цяжка было паверыць, што яно стала рэчаіснасцю.

Больш за тое, засмучаныя і страціўшыя надзею вучні з Эмауса ў той жа дзень вярталіся з Ерузалема ў сваю мясцовасць, калі да іх, размаўляючых аб апошніх, звязаных з Езусам, падзеях, далучыўся ўваскрэслы Хрыстос. Яго, аднак, яны не пазналі і нават са здзіўленнем казалі, што Ён, напэўна, адзіны ў Ерузалеме, хто не ведае, што там сталася, — а менавіта што Езус быў укрыжаваны і пахаваны. Нягледзячы на тое, што некаторыя вучні Хрыста сцвярджалі аб Яго ўваскрэсенні, вучні з Эмауса не маглі ў гэта паверыць.
І толькі на ламанні хлеба, гэта азначае падчас Эўхарыстыі, яны пазналі ў гэтым спадарожніку
Езуса (пар. Лк. 24, 13-35).

Мы ведаем таксама, што ў той самы першы дзень тыдня ўваскрэслы Езус аб'явіўся Марыі Магдалене, якая прыняла Яго за садоўніка (пар. Ян 20, 11-16). Вечарам таго ж дня ў Вячэрніку аб'явіўся Ён і ўсім апосталам, акрамя Тамаша, якога не было з імі (пар. Ян 16, 19-23).

Адсюль вынікае праўда аб тым, чаму хрысціяне святкуюць нядзелю, якая ў хрысціянстве называецца «Днём Панскім» — «Dіes Domіnіca». Бо гэта дзень уваскрэсення Пана — дзень перамогі Хрыста над грахом, смерцю і злым духам. Вымоўна яго назва гучыць на рускай мове: «Воскресенье».

У сувязі з гэтым неабходна звярнуць увагу і на тое, што Бог стварыў свет і чалавека на працягу тыдня, а ў першы дзень тыдня, у нядзелю, Езус аднавіў свет і чалавека. Яго, смяротнага, учыніў несмяротным. Cвету, які страціў на-
дзею, вярнуў яе, нават насуперак надзеі (пар. Рым. 4, 18), бо сапраўды, хто і калі бачыў жывым памерлага! Таму Пасха з'яўляецца вяршыняй Божай дзейнасці ў гісторыі чалавецтва і свету.

5. Напэўна, усім нам вядома грэчаская паэма пра легендарную птушку фенікс. Прадбачачы сваю смерць, яна з галінак пахучага дрэва звіла сабе гняздо, у якім згарэла. Аднак з попелу, што застаўся пасля яе, вылецела новая птушка. Адсюль і паходзіць выраз адрадзіцца як фенікс з попелу.

Такім чынам, у хрысціянскай традыцыі фенікс сімвалізуе несмяротнасць, уваскрэсенне і жыццё пасля смерці. У ім вельмі добра відаць велікоднае пасланне, бо Езус аддаў сваё жыццё за збаўленне свету і на трэці дзень уваскрэс. У Ім новае жыццё ўваскрэсла з попелу смерці.

Сёння мы адзначаем перамогу Хрыста над грахом, смерцю і злым духам. Гэтая перамога з'яўляецца дарам вечнага жыцця для веруючых у Езуса. Менавіта таму фенікс з'яўляецца адным з самых ранніх сімвалаў уваскрэслага Хрыста.

6. Праўда ўваскрэсення Хрыста з'яўляецца таямніцай нашай веры, бо ніхто не бачыў самога моманту ўваскрэсення. Аднак як Евангелле, так і гісторыя пакінулі нам шмат сведчанняў аб гэтай праўдзе. Нездарма святы апостал Павел кажа, што калі б Езус не ўваскрэс, то пустой была б наша вера і пустым было б наша абвяшчэнне Евангелля (пар. 1 Кар. 15, 14). У той жа час, нягледзячы на шматлікія пераследы веры як у першыя стагоддзі хрысціянства, так і ва ўсёй яго гісторыі і яшчэ зусім нядаўна на нашай зямлі, хрысціянства не толькі засталося, але і моцна ўкаранілася паўсюль.

7. Уваскрэсенне Хрыста, будучы праўдай нашай веры, з'яўляецца гарантыяй нашага ўваскрашэння. Езус кажа: «Я — уваскрэсенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі» (Ян 11, 25). Мы верым, што Хрыстос уваскрэсіць нас у апошні дзень.

Але праўдай ёсць і тое, што мы ўжо ўваскрэслі ў Ім у сакрамэнце хросту, у якім памерлі для граху і паўсталі да жыцця ў Божай ласцы. Дзякуючы Духу Святому наша хрысціянскае жыццё на зямлі з'яўляецца ўдзелам у смерці і ўваскрэсенні Хрыста (пар. ККЦ 1002).

Свята Уваскрэсення Хрыста з'яўляецца таксама святам надзеі на вечнае жыццё, якая прыходзіць да нас праз веру і хрост. Нездарма падчас Пасхальнай вігіліі мы аднаўляем абяцанні хросту і вызнаём нашу веру ў Бога.

Хрост — гэта нешта значна большае, чым звычайнае абмыццё ці абрад прыняцця да Касцёла. Ён азначае новае жыццё, якое нас падтрымлівае ў супакоі духу, нягледзячы на цяжкасці часу. «Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстос уваскрэс з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрэсення», — кажа св. апостал Павел (Рым 6, 3-5).

8. Мы скончылі Вялікі пост — час навяртання і паўстання з нашых грахоў. Сёння перажываем збаўчы і радасны дзень Пасхі, які нагадвае нам аб тым, што ў грахоўнай цемры засвяціла нязгаснае святло Уваскрэсення. Гэтая праўда з'яўляецца Божым дарам чалавецтву, якога нельга ацаніць, і адначасова заданнем, каб ім жыць. Кожны дзень мы, падобна феніксу, павінны ўваскрэсаць з нашых грахоў і аднаўляцца ласкай уваскрэслага Хрыста.

Неўзабаве пройдуць святы і зноў распачнецца звычайнае жыццё. Ці ўвойдзем мы ў яго з праўдай Уваскрэсення? Вось пытанне, якое сёння стаіць перад намі. Бо калі святы прыходзяць і адыходзяць, нічога не пакідаючы ў нашых сэрцах, то гэта знак таго, што наша вера з'яўляецца павярхоўнай і не закранае глыбіні сэрца, не вядзе да сапраўднай еднасці з Хрыстом і да нашага ўдасканалення.

Сама ж назва сённяшняга свята, «Уваскрэсенне», нагадвае аб неабходнасці сталага ўваскрашэння з грабніцы грахоў і да змены жыцця на лепшае. «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш нябесны» (Мц 5, 48), — заклікае нас Хрыстос. А імкнуцца да дасканаласці азначае не паддавацца спакусам злога духа і пастаянна яго перамагаць.

9. Гэта нялёгкае заданне, і нам самім гэта не пад сілу. Нездарма Езус кажа, што без Яго нічога не зробім (пар. Ян 15, 5). Нам патрэбна Яго дапамога, і Ён праз Касцёл, у якім жыве, спяшаецца з ёю да нас. Неабходна толькі яе прыняць. Неразважным мы назвалі б чалавека, які, тонучы, не хапаўся б за выратавальнае кола, якое яму кідаюць з берага, бо, як кажа прыказка, «хто тоне, той хапаецца за саломіну».

Але ці так ёсць у нашым духоўным жыцці? Колькі разоў мы тонем у грахоўным балоце і не хапаемся за руку, якую працягвае нам Езус?! У гэтым крыецца трагедыя чалавека, у якой ён сам, а не хтосьці іншы, вінаваты. Гэта асабліва відаць у наш час дэхрысціянізацыі і дэвальвацыі маральных каштоўнасцяў.

Прыняты і адноўлены хрост яднае нас з Хрыстом — крыніцай нашага жыцця і шчасця, адзінай нашай надзеяй і сталай духоўнай радасцю. Неабходна толькі Яго прыняць як шлях да шчасця ў гэтым жыцці і ў вечнасці.

10. Зважаючы на вельмі небяспечныя выклікі нашага часу, кожны з нас асабіста і наша Айчына — Беларусь — патрабуем Хрыста, каб дапамог супрацьстаяць ім.

10.1. Нам патрэбны ўваскрэслы Езус, каб бараніў нас перад цемрай бязвер'я і холадам абыякавасці, які ўсё больш і больш апаноўвае свет. Найбольш небяспечным ворагам хрысціянства з'яўляецца не ваяўнічы атэізм, бо там мы ведаем, хто нам супрацьстаіць, але абыякавыя сэрцы сучасных хрысціян без моцнай веры і хрысціянскага сведчання.

10.2. Нам Ён патрэбны, каб пастаянна перамяняў нашыя сэрцы і чыніў адважнымі сведкамі ў духоўнай цемры секулярызму.

10.3. Нам патрэбен Хрыстос у нашых сем'ях, калі дэвальвуецца Богам устаноўлены інстытут сям'і як адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай супольнага жыцця, узаемнай дапамогі, працягу патомства і яго выхавання, а разводы і распуста лічацца праявай свабоды.

10.4. Нам патрэбен Езус, каб вучыў сучасных сужэнцаў перамагаць эгаізм і з радасцю прымаць цяжкасці адказнасці адно за аднаго. Сучасны чалавек павінен разумець, што жыццё без шлюбу і на пробу, імкненне да заспакаення эгаістычных імкненняў і задавальненняў вядзе да расчаравання і жыццёвай драмы.

10.5. Нам патрэбен Уваскрэслы, каб вучыў нас клопату пра найбольш каштоўны Божы дар, якім з'яўляецца дар жыцця. Нашы сем'і, асабліва маладыя, павінны быць адкрытымі на пакліканне да адказнага бацькоўства.

10.6. Нам патрэбен Хрыстос, каб бараніў дзяцей і моладзь. Няўзброеным вокам відаць, як шмат драматычных праблем з'яўляецца ў іх жыцці. Бацькі ж павінны адзначацца адвагай і ўменнем выхоўваць іх у Божай праўдзе, знаходзіць для іх час і быць аўтэнтычнымі сведкамі Евангелля.

10.7. Нам патрэбен Езус у нашым грамадскім жыцці, дзе расце алкагалізм, наркаманія, карупцыя, усё больш праяўляецца эканамічны крызіс, паўстаюць розныя канфлікты, у тым ліку сацыяльная і палітычная напружанасць, працоўная міграцыя, якая негатыўна ўплывае на крызіс сям'і і страту веры і г.д. Наша грамадства павінна быць насычана нязменнай праўдай Евангелля і Божай ласкай, каб на іх, як на непахісным падмурку, будаваць будучыню.

10.8. Нам патрэбны Уваскрэслы, каб дапамагаў разбудзіць пачуццё адказнасці за нашу Айчыну і салідарнасці паміж яе жыхарамі, каб паміж усімі панаваў дух узаемнай любові і згоды.

11. Жыхары Беларусі з радасцю і гонарам успрынялі той факт, што Мінск стаўся месцам перамоў і падпісання мірных пагадненняў па Украіне, якія з'яўляюцца новым этапам на шляху да вырашэння гэтага братазабойчага канфлікту ў цэнтры Еўропы, хаця гэты шлях нялёгкі і патрабуе яшчэ шмат намаганняў як з боку канфліктуючых бакоў, так і міжнародных арганізацый.

Беларусь, будуючы сваю тоеснасць на прынцыпах Евангелля, таксама павінна быць краінай міру, узаемапавагі і талерантнасці яе грамадзян, людзей розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў, але ў той жа час сыноў і дачок адной Бацькаўшчыны.

Мы з радасцю перажылі нядаўні візіт Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Францішка кардынала П'етра Параліна, які ўмацаваў нашу веру і заклікаў да вернасці Хрысту ў барацьбе са злом, каб жыць свабодай дзяцей Божых. Пасланнік Папы заклікаў змагацца з новымі спакусамі нашага часу. Не дазваляць падкупіць сябе лжывымі вобразамі, якія часта прыходзяць да нас і маюць поспех толькі дзякуючы знешняй прыгажосці, якая прамінае, або папулярнасці, што ў іншых выклікае зайздрасць, або гатоўнасці на ўсё дзеля багацця. У такім выпадку ёсць небяспека, што нашы натуральныя каштоўнасці будуць пашкоджаныя. Неабходна выбраць паміж Богам і ідаламі, паміж Тым, хто стварыў і любіць нас, і тымі рэчамі, якія могуць зрабіць нас сваімі нявольнікамі. Ад нашага адказу будзе залежаць наша вера, наша будучыня і будучыня нашай краіны. Толькі тыя людзі, якія вераць у высокія каштоўнасці і змагаюцца, каб дасягнуць іх, сапраўды з'яўляюцца грамадзянамі, якія дапамагаюць сваёй краіне ісці наперад да лепшай будучыні.

У гэты святочны дзень звяртаемся да Цябе, Уваскрэслы Езус, адары нас ласкай супрацьстаяння секулярнай ідэалогіі, якая нішчыць нашу хрысціянскую самасвядомасць і гэтым самым аслабляе нашае духоўнае жыццё. Дапамажы нам быць сведкамі Тваёй бязмежнай любові ў нашым штодзённым жыцці. Вядзі нас шляхам духоўнага ўваскрэсення, які чыніць нашае жыццё новым ва ўсіх яго праявах.

Як Бог палюбіў нас аж да праліцця апошняй кроплі крыві свайго Адзінароднага Сына, таксама і мы павінны насуперак секулярным тэндэнцыям любіць Яго праз выкананне Божага закону. У абставінах, калі людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бог зусім не існуе, неабходна супрацьстаяць ідалам сучаснага свету: эгаізму, ідэалогіі спажывецтва, ілюзіі лёгкага шчасця і ўзбагачэння, абыякавасці да чужых праблем, страты пачуцця дабра і зла, адсутнасці сэнсу і мэты жыцця і г.д.

Няхай жа бязмежная любоў Хрыста ззяе ў кожным нашым дзеянні і стане нашым штодзённым жыццём. У адной са сваіх пасхальных гамілій святы Аўгустын казаў, што калі Хрыстос пакутаваў, то і нам трэба памерці для граху. Калі Хрыстос уваскрэс, то і нам неабходна жыць для Бога. Калі Хрыстос перайшоў з гэтага свету ў дом Айца, то і мы не павінны засяроджваць нашы сэрцы на зямных справах, а ісці за Ім да вышэйшых. Калі Ён быў укрыжаваны, то і нам трэба крыжаваць пажадлівасць нашага цела. Калі Ён ляжаў у магіле, то і мы, разам з Ім памерлыя для граху, павінны забыцца пра старога грэшнага чалавека і стаць новым. Калі Ён знаходзіцца ў небе, то і нам неабходна перамяніць нашы зямныя жаданні на вышэйшыя.

12. Дарагія браты і сёстры! Усе людзі добрай волі!

Віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Хрыстовай Пасхі! Віншую католікаў і іншых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята свят! Няхай велікодная радасць напоўніць нашыя сэрцы надзеяй і ласкамі ўваскрэслага Пана!

Са словамі асаблівай павагі звяртаюся да нашых праваслаўных братоў і сясцёр, якія праз тыдзень будуць адзначаць свята Уваскрэсення Хрыста! Зычу ім так перажыць Пакутны ты-
дзень, які распачынаецца, каб ён увёў у сапраўдную радасць пасхальнага «Аллелюя».

Уваскрэслы Езус, адары нашу Айчыну, Беларусь, патрэбнымі ёй ласкамі, каб яна была краінай духоўнага ўваскрэсення, якое з'яўляецца гарантыяй гарманічнага жыцця на зямлі паводле Божага плану і шчаслівай вечнасці. Зычу ўсім вам, суайчыннікі і ўсе людзі добрай волі, шчаслівых, поўных Божай ласкі і Яго супакою свят Уваскрэсення Хрыста.

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю блаславеннем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Архіепіскап
Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 25 сакавіка 2015 г.

Урачыстасць Звеставання Пана.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».