Вы тут

Імідж пачынаецца з мяжы


Сумленнасць і прафесіяналізм беларускіх мытнікаў — лепшы аргумент на карысць інвестыцыйнай і транзітнай прывабнасці дзяржавы

Учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з дзейнасцю Дзяржаўнага мытнага камітэта і мытных органаў і выступіў перад кіруючым складам Дзяржаўнага мытнага камітэта і мытняў.

У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Адкрытая і арыентаваная на экспарт беларуская эканоміка знаходзіцца сёння пад уздзеяннем рэзкага негатыўнага змянення знешняга эканамічнага асяроддзя. У гэтай вельмі няпростай сітуацыі мытная служба прызначана стаць адным з ключавых элементаў эканамічнай бяспекі дзяржавы, гарантуючы пры гэтым высокую ступень кантролю і актыўна супрацьдзейнічаючы трансгранічнай злачыннасці. Выконваючы такую адказную функцыю, мытнікі павінны паказаць прыклад непадкупнасці, вернасці службоваму абавязку і берагчы гонар мундзіра».

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэта, падкрэсліў, што самае галоўнае — стварыць атмасферу нецярпімасці да праяў карупцыі. «Трэба сфарміраваць усвядомленае разуменне кожным супрацоўнікам — факт хабарніцтва, няхай нават адзінкавы, дыскрэдытуе ўсю мытную службу ў вачах грамадскасці, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І маральны ўрон ад карупцыі нельга змераць ніякімі грашамі. Выпальваць гэтае зло будзем гарачым жалезам». Прэзідэнт расказаў падрабязнасці выпадку хабарніцтва на Ашмянскай мытні. «Крымінальная схема дзейнічала доўгі тэрмін. Фігурантамі з'яўляюцца амаль 20 службовых асоб, агульны злачынны прыбытак вылічаецца мільёнамі долараў, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Хацелася б, каб хто-небудзь адказаў: чаму пры наяўнасці вопытнага цэнтральнага апарату, сістэмы падбору, падрыхтоўкі, расстаноўкі кадраў, усіх службаў унутрыведамаснага кантролю, уласнай бяспекі ў вас пад бокам сфарміравалася такая банда? Я запатрабаваў прынцыпова разабрацца ў рамках крымінальнай справы, хто гэта ўсё арганізаваў і хто да гэтага мае дачыненне». Прэзідэнт загадаў, каб нанесены краіне ўрон быў кампенсаваны не проста ў поўным, а ў
3-5-разовым памеры.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў мытнай службы ёсць рэзервы для паляпшэння работы па напаўняльнасці бюджэту. Адзін з іх — аптымізацыя льгот па мытных плацяжах, якія непасрэдна ўплываюць на напаўненне даходнай часткі дзяржаўнага бюджэту.

Міжнароднае становішча патрабуе прыняцця дадатковых сістэмных захадаў па актывізацыі знешняга гандлю. Як лічыць Прэзідэнт, гэтаму павінна служыць удасканаленне мытнага кантролю, спагнання плацяжоў, прымянення забарон і абмежаванняў адносна тавараў, што перамяшчаюцца праз мяжу.

«Адной з найважнейшых задач сёння з'яўляецца павелічэнне экспарту за кошт яго дыверсіфікацыі. Неабходна сарыентаваць таварныя патокі на новыя перспектыўныя рынкі без страты ўжо існуючых, эфектыўна выкарыстоўваць перавагі ад удзелу ў працэсах рэгіянальнай і глабальнай інтэграцыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Неабходна развіваць усходні напрамак, у прыватнасці актывізаваць удзел у праекце нашага стратэгічнага партнёра Кітая «Эканамічны пояс «Шаўковы шлях». Пашырэнню экспарту павінны паслужыць дамоўленасці аб фарміраванні зон свабоднага гандлю з дзяржавамі Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, дасягнуты ў Беларусі ўзровень прадастаўлення мытных паслуг дае магчымасць выходзіць на стварэнне для тавараў «віртуальных межаў». «Але ў любым выпадку садзейнічанне знешнеэканамічнай дзейнасці нашых прадпрыемстваў і транзіту з боку мытнай службы ў першую чаргу звязваецца са спрашчэннем адміністравання, змяншэннем колькасці мытных дакументаў, поўнамаштабным укараненнем электроннага дакументаабароту, скарачэннем часу афармлення вартасных выдаткаў. Тым больш з улікам прадэманстраванага вамі ўзроўню развіцця інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт асобна спыніўся на пытаннях развіцця мытнай інфраструктуры. Ён падкрэсліў, што ў час наведвання ім ДМК у 1994 годзе гэтае ведамства размяшчалася ў пад'ездзе жылога дома па Партызанскім праспекце. Большасць пунктаў пропуску на мяжы ўяўлялі сабой жалезныя вагончыкі ў чыстым полі. Зарплата мытніка ледзь перавышала $15. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, цяпер мытныя органы працуюць у годных умовах, і для таго, каб сітуацыя змянілася карэнным чынам, укладзены немалыя сродкі.

«Тым не менш чэргі на мяжы перыядычна выстройваюцца. І інфармацыя аб гэтым паступае перыядычна да Прэзідэнта. Аператыўна вырашаць такія пытанні неабходна як праз эфектыўнае ўзаемадзеянне з сумежным бокам, так і шляхам удасканалення ўсіх этапаў дзейнасці мытных органаў. Пара ўводзіць сістэму электроннай чаргі. Калі гэта вырашае праблему, то гэта трэба неадкладна зрабіць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу павышэння інвестыцыйнай і транзітнай прывабнасці дзяржавы. «Для паспяховага вырашэння гэтай найважнейшай задачы асаблівую значнасць мае заканадаўства, якое рэалізуе прынцып свабоды транзіту; выгаднае геаграфічнае становішча; развітая сетка аўтамабільных дарог і чыгунак; пагранічная і лагістычная інфраструктура; канкурэнтныя тарыфы, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — І яшчэ важныя бяспека і хуткасць апрацоўкі грузаў. Вось у гэтым ваша галоўнае поле дзейнасці. Транзіт пачынаецца з мяжы».

Закранаючы тэму барацьбы са злачыннасцю на граніцы, кіраўнік дзяржавы заўважыў: на працягу апошніх гадоў адзначаецца ўстойлівы рост выяўленых злачынстваў і іншых правапарушэнняў у мытнай сферы. «Але колькасць тут не галоўнае, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — У першую чаргу неабходна выяўляць кантрабандныя і іншыя пагрозы, якія могуць нанесці сур'ёзны ўрон галінам эканомікі нашай краіны».

Паводле БЕЛТА.

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.