Вы тут

Дзеля чалавека


Стварыце яго, а ён створыць усё астатняе

Прынцып мастакоў-адраджэнцаў па ранейшаму актуальны, хоць прамінулі стагоддзі, якія прыносілі іншыя ідэі і тэмы. Але, відаць, праз мастацтва Сусвет нагадвае пра тое, што самае важнае цяпер. І цяжка не пагадзіцца з беларускім мастаком Уладзімірам Вішнеўскім, адраджэнцам па сутнасці адносінаў да жыцця і творчасці, калі адной з задач у сваёй працы ён называе «будаўніцтва чалавека». Насамрэч, гэта назва яго персанальнай выставы, якая да сярэдзіны красавіка працуе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

4-26

Яму дадзена шмат. Па-першае: бачыць, заўважаць, разумець. Па-другое: зразумеўшы для сябе нешта, імкнуцца абуджаць, нараджаць думкі ў іншых. Па-трэцяе: нараджаць думкі праз вобразы, метафары, праз дзіўныя сімвалы, якія трэба абавязкова разгадаць, бо ў гэтым ёсць нейкі сакральны сэнс. Для самога Уладзіміра Вішнеўскага жыццё прыгатавала не адзін сэнс. Ён чалавек, што для сябе вызначыў прыярытэт, тое каштоўнае, вакол якога могуць аб'ядноўвацца іншыя людзі, і тады яны ўжо не адзінкі, а народ (і як жа мог абмінуць гэта чалавек, народжаны на Случчыне, дзе сама зямля, здаецца, задае лад мыслення?). Ён і творца, які свае думкі ўмее паказаць у розных тэхніках (выстава да 60-годдзя мастака ў гэтым упэўніць). Ён і настаўнік, дзякуючы якому наша краіна атрымала шмат таленавітых творцаў, што вучыліся на кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (у тым ліку ў Вішнеўскага). Ён адзін з тых, дзякуючы каму мы сёння можам ганарыцца існаваннем нацыянальнай школы графікі, якой уласціва асаблівая пластычнасць вобразаў і філасофскі погляд на свет.

Гэта адчуць можна і праз назву выставы «Будаўніцтва чалавека», і праз сутнасць гэтага працэсу, адлюстраванага мастаком. «Гэта апавяданне аб адзінай матэрыі Сусвету з рознымі слаямі «часу», з якіх узнікаюць разнастайныя светы, асобы, гістарычныя постаці і падзеі, аб святле і сутонні чалавечых душ», — акрэслівае сваю тэму Вішнеўскі. Але і паказвае праз працы, праз творы з філасофскімі развагамі, падмацаванымі прыкладамі рэальных асоб з айчыннай гісторыі і сітуацый змагання за чалавека.

4-27

Можна сказаць, што выстава драматычная паводле гучання. Гэты драматызм адчуваецца і праз тэму, у якой галоўная катэгорыя — святло. З ім чалавек атаясамлівае тое, што добра. Святло праступае (і перамагае) у творах мастака, нават тых, якія падаюцца не надта радаснымі на першы погляд. Але святло перамагае, таму што за яго чапляешся ўнутрана, асабліва калі яго няшмат, яно і падаецца галоўным. А як паказаць святло (і дабро) і зрабіць так, каб яно заззяла, калі пазбягаць цемры? Чалавек існуе сярод іх, уцягнуты ў іх змаганне і вымушаны змагацца за сябе, сваю душу. І так спакон веку, ад Адама і Евы, якія першымі паддаліся спакусам, здрадзіўшы духоўнаму, сталі спасцігаць матэрыяльны свет. Але ж ён розны, шматгранны, цікавы, і ў ім ідзе сваё змаганне: штучнага і прыроднага, гнуткага і цвёрдага. У гэтым чалавечым свеце можна ўбачыць духоўнае ў матэрыяльным. Вішнеўскі гэта дэманструе праз абраныя матэрыялы для твораў. Напрыклад, скульптура: яна можа быць драўлянай і гранітнай. Нават выяўленчыя вобразы можна ствараць, змешваючы розныя тэхнікі — гэта акурат пра сучаснага чалавека з яго імкненнем да багацця выбару. І ў гэтым багацці — да пошуку існага, пра што напісана ў добрых мудрых кнігах. Пра іх таксама падумаць давядзецца, бо Уладзімір Вішнеўскі — адзін з выдатных кніжных графікаў Беларусі, які неаднойчы быў адзначаны на конкурсе «Мастацтва кнігі». Ён будуе чалавека, каб той будаваў свой матэрыяльны свет з разуменнем дабра. З адказнасцю перад дабром — перад жыццём. Таму абраў складаныя тэмы, дзе ёсць і рэальныя драмы людзей ці народа. Думка пра тое, што дабро перамагае, у яго творах зусім не казачная. Ён умее паказаць, якім неверагодна яркім здаецца святло ў цемры. Нават маленькая кропачка святла падаецца чароўна прывабнай. Што ў навакольным матэрыяльным свеце, што ў чалавеку.

Ларыса ЦІМОШЫК

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.