Вы тут

Рэчы з бабулінага куфра


Ідэя стварэння кутка этнаграфіі ў сярэдняй школе №3 горада Століна нарадзілася ў настаўнікаў задоўга да яго адкрыцця. Калісьці настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Белавус разам з вучнямі пабывала на экскурсіі ў вёсцы Цераблічы. Пасля ўбачанага і пачутага ад разьбяра Івана Супрунчыка, ад таго, як дзецям спадабалася знаёмства з мінулым, яна вырашыла, што трэба зрабіць этнаграфічны куток, каб зацікавіць дзяцей нашай спадчынай.

[caption id="attachment_78425" align="alignnone" width="600"]7-18 Вуч­ні 6 «Б» кла­са Да­р'я Па­лхоў­ская, Сяр­гей Бруц­кі, Тац­ця­на Па­шке­віч пра­вод­зяць эк­скур­сію.[/caption]

— Гэты куток мы стваралі ўсёй школай — ад вучня да тэхработніка прыносілі і прывозілі рэчы — расказвае Святлана Іванаўна. — Вельмі шмат рэчаў прывезла з Рубля Вольга Сімончык. Касцюмы з Альгомеля прынесла Святлана Сцямпкоўская. Самы старэйшы экспанат — ручнік сваёй бабулі, якому больш за 100 гадоў, ахвяраваў вучань Дзмітрый Шыла. Ганна Вярэніч даставіла вырабы свайго дзеда-бондара. Вышыванкі, тканыя вырабы з Гарадной — ад Валянціны Пешкі і Святланы Ільчэўскай.

Стварэнне, ідэю арганізацыі кутка этнаграфіі Святлана Іванаўна раздзяліла са сваёй калегай Людмілай Еськай, але разам з тым яна падкрэслівае вялікі ўклад кожнага настаўніка-беларусазнаўцы.

Куток не з'яўляецца «мёртвым». Яго часткова ці цалкам выкарыстоўваюць на адкрытых і пазакласных мерапрыемствах, на ўроках. Калі чакаецца масавае мерапрыемства, клас становіцца сапраўднай сялянскай хатай, у якой хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных строях вітаюць гасцей.

Экспанаты на сваіх уроках выкарыстоўваюць настаўнікі геаграфіі, пачатковых класаў, але часцей — беларускай мовы. Сама Святлана Іванаўна на ўроках мовы па тэме «Устарэлыя словы» заўжды прымяняе такія рэчы, як вярэнька, кросны, лапці. Наглядна ўбачылі — лягчэй запомнілі і авалодалі тэмай. На ўроках беларускай літаратуры можна практычна заўжды браць нейкую рэч, так дзецям лягчэй акунуцца ў атмасферу ранейшых часоў, «намаляваць карцінку» твора.

Ды часцей за ўсё вучні знаёмяцца з побытам нашых продкаў на экскурсіях, дзе экскурсаводы — навучэнцы 6-8 класаў. Святлана Іванаўна пачынае рыхтаваць да гэтай дзейнасці сваіх вучняў з пятага класа. За год дзеці знаёмяцца з рэчамі, з «прафесіяй» экскурсавода, вывучаюць тэрміны, акунаюцца з галавою ў побыт нашых продкаў. І з шостага класа свабодна вядуць экскурсію для вучняў пачатковай школы.

Цікавасць у наведнікаў экскурсій выклікаюць кросны, сукала. Многія іх тут бачаць упершыню, бо гэтыя рэчы калі і ёсць у прабабуль вучняў, то захоўваюцца высока на гарышчах.

— У час экскурсіі ў вачанятах дзяцей запальваюцца агеньчыкі, якія гавораць больш, чым словы. Экскурсанты даведваюцца пра самыя розныя рэчы, а гэта ж пашырае кругагляд маленькага чалавека, — расказвае настаўніца.

Святлана Іванаўна прызнаецца, што работы з куточкам вельмі многа. Заўжды ў жніўні ўсё трэба перамыць, папрасаваць, а пасля і развесіць на свае месцы. Але разам з тым яна атрымлівае задавальненне ад дакранання да мінулага і ад таго, што дзецям гэта цікава і патрэбна. Так рэчы з бабулінага куфра ў сярэдняй школе №3 знаёмяць дзяцей са спадчынай нашых продкаў, гісторыяй сваёй краіны, родным словам.

Таксама ў настаўніцы шмат планаў і задумак: яна хоча арганізаваць экспазіцыю «Віды тканага палатна».

Таццяна СЕГЕН.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.