Вы тут

Рашэнні ёсць. Падтрымка — таксама


Час праяўляць актыўнасць на месцах

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіла Мясніковіча аб першых выніках работы маніторынгавай групы, якую ўзначальвае спікер верхняй палаты беларускага парламента, паведамляе БЕЛТА.

Па выніках даклада Міхаіл Мясніковіч расказаў журналістам, што маніторынгавая група, мэтай дзейнасці якой з'яўляецца выпрацоўка канкрэтных прапаноў па тых ці іншых актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, вывучае іх у комплексе з выездам у рэгіёны і наведваннем канкрэтных прадпрыемстваў, каб непасрэдна пачуць меркаванне кіраўніцтва гэтых арганізацый і прадстаўнікоў мясцовай улады. «Усе прапановы накіроўваюцца па назначэнні ва ўрад або Нацыянальны банк», — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі.

«У першую чаргу мы звяртаем увагу на сістэма- і горадаўтваральныя прадпрыемствы, такія як МАЗ, Мінскі трактарны завод, «Гомсельмаш». Думаю, што выпрацаваныя рашэнні трэба больш актыўна рэалізоўваць», — лічыць Міхаіл Мясніковіч.

«У кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў і галін беларускай эканомікі прысутнічаюць пэўныя ўтрыманскія настроі», — выказаў меркаванне старшыня Савета Рэспублікі. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю ў аграпрамысловым комплексе, адносна якога ўвогуле ў Беларусі выбудавана неабходная сістэма падтрымкі. «Але недастаткова актыўныя нашы сельгасвытворцы, каб паспяхова рэалізоўваць вырабленую прадукцыю», — сказаў Міхаіл Мясніковіч. «Неабходна гібка працаваць з цэнамі і рынкамі. Так, расійскі рынак для нас прэміяльны, але не трэба забывацца пра вялікі кітайскі рынак, дзе, можа, даходнасць некалькі ніжэйшая, але аб'ёмы продажаў могуць быць значна вышэйшымі. І трэба мець на ўвазе, што тая ж Расія значна нарошчвае аб'ёмы вытворчасці ўласных прадуктаў харчавання, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. — Тое, што патрабуе Прэзідэнт па дыверсіфікацыі рынкаў, датычыцца не толькі ўрада або маніторынгавай групы. У першую чаргу за стан спраў павінен несці адказнасць кіраўнік прадпрыемства».

Разам з тым Міхаіл Мясніковіч канстатаваў, што прадпрыемствы ў сваёй рабоце, у тым ліку пры рэалізацыі бізнес-планаў па мадэрнізацыі, сутыкнуліся з шэрагам аб'ектыўных цяжкасцяў у выглядзе знешніх фактараў. «Таму я сёння дакладваў пэўныя меркаванні па валютнай палітыцы. Тут трэба разумець, што фінансавы рынак павінен абслугоўваць эканоміку, а не эканоміка павінна абслугоўваць фінансы», — лічыць старшыня Савета Рэспублікі. Пры гэтым ён зазначыў, што неабходна аказваць дзяржпадтрымку ў першую чаргу навукаёмістым інавацыйным вытворчасцям.

Падчас дакладу ў Прэзідэнта размова таксама ішла і пра ўзаемадзеянне Савета Рэспублікі з дэпутатамі мясцовага ўзроўню, якіх у краіне налічваецца амаль 19,5 тысячы. Міхаіл Мясніковіч далажыў, што гэта работа з'яўляецца адным з важных напрамкаў дзейнасці верхняй палаты парламента. Таксама ён паведаміў Прэзідэнту аб тым, што работа Савета Рэспублікі ідзе ў штатным рэжыме. Цяпер на разглядзе знаходзяцца прыкладна 65 законапраектаў і звязаных з імі дакументаў.

Міхаіл Мясніковіч нядаўна ажыццявіў візіт у Туркменістан, і гэта тэма была закранута падчас дакладу. У прыватнасці будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Яно, на думку Прэзідэнта, даказвае, што беларусы ўмеюць ствараць сучасныя прадпрыемствы, а не толькі захоўваць і эксплуатаваць тое, што дасталося ад папярэдніх пакаленняў. У размове з журналістамі па выніках сустрэчы Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што Беларусь яшчэ нідзе за мяжой не будавала такія буйныя аб'екты, як Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат. Але яго будаўніцтва не адзіны важны праект у развіцці беларуска-туркменістанскага супрацоўніцтва: «Да канца гэтага года ўжо будзе ў рабоце самы буйны цэнтр беларускай тэхнікі. Пачынаўся ён як МАЗаўскі, але цяпер мы скарэкціравалі праект, і гэта будзе агульнае прадстаўніцтва беларускай тэхнікі: перадпрадажная падрыхтоўка, сэрвіснае абслугоўванне і падрыхтоўка кадраў. Акрамя таго, Прэзідэнт сёння скарэкціраваў нашы дзеянні і сказаў, што гэта павінен быць комплексны цэнтр беларускай эканомікі, які будзе вырашаць пытанні і па іншых таварах, не толькі прадукцыі машынабудавання».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.