Вы тут

Перамога... пасля заканчэння сезона


У тыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» расказвае пра спартыўны подзвіг дынамаўца Фатаса Бечырая, медальны поспех Меліціны Станюты ў Бухарэсце і апошнюю перамогу ў сезоне Дар'і Домрачавай.

7-28

1. Зборная краіны па хакеі ў другім таварыскім матчы саступіла камандзе Латвіі — 0:1. Адзіную шайбу ў вароты Сцяпана Гарачэўскіх у самым пачатку сустрэчы закінуў Мікс Індрашыс. Адзначым, што на рахунку нашых хакеістаў было больш кідкоў, але рэалізаваць іх так і не атрымалася. «Безумоўна, не хапала лідараў, — рэзюмаваў пасля матча форвард зборнай Беларусі Павел РАЗВАДОЎСКІ. — У нас былі моманты, калі трэба было закідваць. Праводзілі нядрэнныя камбінацыі, але не хапіла стрыманасці. Можна сказаць, варатар саперніка перайграў усю нашу каманду. І вядома, трэба было рэалізоўваць большасць...».

Нагадаем, у першым матчы Еўравыкліку падапечныя Дэйва Льюіса перамаглі зборную Латвіі. Наступную сустрэчу ў рамках таварыскага турніру беларускія хакеісты правядуць 9 красавіка ў дацкім Ольбургу супраць каманды Даніі.

2. Навабранец мінскага «Дынама» Фатас Бечырай выцягнуў сваю каманду ў паўфінал Кубка Беларусі. У матчы ў адказ супраць «Віцебска» «бела-сінія» святкавалі перамогу — 3:1. Усе галы мінчан — на рахунку форварда з Чарнагорыі. Адзначым, што Бечырай стаў першым «дынамаўцам» за 2,5 года, якому ўдалося зрабіць хет-трык.

Што датычыцца іншых вынікаў: БАТЭ здабыў другую перамогу над «Нёманам» (2:1), брэсцкае «Дынама» з такім жа лікам перайграла «Белшыну», а «Шахцёр» разграміў навабранца вышэйшай лігі мікашэвіцкі «Граніт» — 3:0. Такім чынам, усе пераможцы гэтых матчаў здабылі пуцёўкі ў паўфінал Кубка Беларусі, дзе БАТЭ згуляе з мінскім «Дынама», а «Шахцёр» праэкзаменуе «Дынама-Брэст». Першыя матчы 1/2 фіналу адбудуцца 15 красавіка, матчы ў адказ — 29 красавіка.

3. Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» атрымаў трэцюю перамогу за апошнія чатыры матчы і шостую ў сезоне. На хатняй арэне «драконы» перамаглі «Астану» — 94:86. Сапраўдным героем матча стаў Джастын Грэй, які назбіраў 25 ачкоў і адзначыўся шасцю пасамі. Нагадаем, што 30-гадовага форварда з ЗША «Цмокі» падпісалі толькі ў канцы лютага.

4. На этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы ў Бухарэсце беларуская грацыя Меліціна Станюта здабыла ажно чатыры бронзавыя ўзнагароды! На трэцюю прыступку п'едэстала наша гімнастка ўзнімалася па выніках шматбор'я, а таксама практыкаванняў з мячом, абручом і стужкай.

5. На апошнім неафіцыйным старце сезона — гонцы на прызы губернатара Цюменскай вобласці — Дар'я Дом-
рачава святкавала перамогу ў мегамасстарце. На васьмі агнявых рубяжах уладальніца Вялікага хрустальнага глобуса дапусціла толькі тры промахі і на фінішы на 24 секунды апярэдзіла расіянку Дар'ю Віралайнен.

6. Каманда Прэзідэнта па хакеі выйшла ў фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод аматараў. У паўфінале, які праходзіў на лёдзе «Чыжоўка-Арэны», капітулявала дружына Гродзенскай вобласці — 9:2. У другім паядынку хакеісты Міншчыны ў напружанай барацьбе перайгралі каманду Брэсцкага рэгіёна (4:3, па булітах).

Пераможцу вызначыць серыя да дзвюх перамог. Першы матч адбудзецца 11 красавіка, другі — 18-га.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.