Вы тут

Пяць хвілін — і ніякай катаракты!


Самыя распаўсюджаныя афтальмалагічныя захворванні — катаракта, глаўкома, кератакома, блізарукасць і дальназоркасць. Звязаны ўсе яны, галоўным чынам, з анатамічнай будовай вока, парушэннямі ў аптычных і святлоўспрымальных структурах, праводных шляхах. Спадчыннасць мае пэўнае значэнне, аднак асноўныя прычыны «дрэннага самаадчування» нашых вачэй — набыццё самых розных хранічных паталогій і агульнае старэнне арганізма.

Даволі значную частку ў лячэнні пералічаных хвароб займаюць аперацыйныя ўмяшанні. Урачы пры гэтым кажуць, што развіццё сучасных тэхналогій здольнае на сапраўдны цуд. Аднак пацыент, якому рэкамендуюць хірургічны спосаб лячэння, мякка кажучы, панікуе. Трэба патлумачыць, што яшчэ гадоў дваццаць таму пасля хірургічнага выдалення той жа катаракты маглі развіцца цяжкія ўскладненні. Працэнт няўдач быў надта высокім, аднак паступова ён пачаў зніжацца. Сёння ж можна весці размову пра зніжэнне гэтых ускладненняў фактычна да нуля — менш за 1 працэнт!

Цяпер у Медцэнтры МТЗ на суперсучасным абсталяванні выконваецца каля 1,5 тысячы аперацый толькі па выдаленні катаракты. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць забяспечыць добры зрок без рызыкі ўскладненняў.

Загадчык аддзела афтальмалагічнай дапамогі Медыцынскага цэнтра Мінскага трактарнага завода, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, доктар медыцынскіх навук, прафесар Мікалай ПАЗНЯК адказаў на пытанні чытачоў «Звязды».

7-37

Без швоў

— Ірына Генрыхаўна, Мінск. Падкажыце, калі ласка, бясплатныя паслугі ў вашым цэнтры прадугледжаны толькі для работнікаў Мінскага трактарнага завода? І яшчэ: з якога моманту трэба весці размову пра хірургічнае выдаленне катаракты?

— Так, толькі пацыенты з ліку работнікаў завода абслугоўваюцца бясплатна. Што да аперацый па выдаленні катаракты, то іх колькасць значна вырасла па аб'ектыўных прычынах. У апошнія гады ніхто не чакае, пакуль катаракта, як некалі казалі, «саспее». Як толькі паставілі дыягназ і значна пагоршыўся зрок, так, па сутнасці, можна і ісці на аперацыю. Бо тэхналогіі дазваляюць, тэхніка кантралюе адразу вялікую колькасць параметраў. А некалі аперацыю адкладвалі толькі таму, што так было зручней хірургу. «Спелую» катаракту лягчэй было выдаляць, бо ўрач ацэньваў сітуацыю «на вока». Дарэчы, цалкам рэальна, што праз пятнаццаць-дваццаць гадоў аперацыі па выдаленні звычайнай, без ускладненняў, катаракты будзе выконваць робат.

— Аляксандр Валянцінавіч, Мінск. 63 гады. Два гады таму выдаліў катаракту. Спачатку ўрач сказаў, што швы выдаляць не трэба, а цяпер я і сам не звяртаюся. Зрок добры. Ці трэба ўсё ж такі зняць швы?

— Калі вы не адчуваеце ніякага дыскамфорту, то швы могуць застацца. З імі ёсць адзін нюанс — некаторыя віды пры працяглым знаходжанні ў тканках выклікаюць пэўную рэакцыю (штосьці кшталту пролежняў і г.д.). Аднак той хірург, які выконвае аперацыю, паведамляе пацыенту, калі з'явіцца на агляд — звычайна праз год пасля аперацыі. Раней, калі мы ў нашым цэнтры накладвалі швы, то выдалялі іх праз год. Сёння мы выконваем толькі бясшоўныя аперацыі, пасля якіх прапісваем спецыяльныя прэпараты для больш хуткага аднаўлення і зажыўлення.

— Валянціна, Мінск. Ці можна выдаліць катаракту адразу на двух вачах?

— Можна. Сапраўды, здараецца так, што адно вока ў выніку захворвання бачыць крыху лепей, другое — горш, але ў любым выпадку аперыраваць неабходна абодва. Такія пацыенты былі і ў нас, але ўвогуле названая аперацыі выконваецца абмежавана. Чаму так? Таму што хочацца перастрахавацца. Усё ж такі існуе верагоднасць узнікнення запаленчага працэсу. Таму мэтазгодна спачатку выдаліць катаракту на адным воку, а далей, можна нават праз тыдзень, — на другім.

7-36

— Ала Іванаўна, Ваўкавыск. 78 гадоў. Трэба выдаляць катаракту, аднак ёсць кардыястымулятар, заменены каленны сустаў. Ці не перашкода гэта для аперацыі?

— Ні адно, ні другое не з'яўляецца проціпаказаннем. Абсалютна няма ніякай сувязі тут. Анестэзіялагічнае забеспячэнне зараз такое, што можна спакойна выканаць любы від аперацыйнага ўмяшання пры любым відзе паталогіі. Проціпаказанні для афтальмалагічных аперацый існуюць, аднак іх так мала, што не мае сэнсу нават спыняцца на гэтым.

— Аксана, Віцебская вобласць. Чыёй вытворчасці хрусталікі выкарыстоўваюцца ў вашай клініцы? Ці ёсць магчымасць хірургічнай карэкцыі астыгматызму? Наколькі складаная гэта аперацыя?

— Мы выкарыстоўваем хрусталікі, якія закупляюцца шмат гадоў у амерыканскай фірмы-манапаліста. Галоўнае, што гэта мадэль сертыфікаваная. Беларускіх аналагаў не існуе. Пацыенты часта пытаюцца: які хрусталік найлепшы? Трэба сказаць, што для розных паталогій выкарыстоўваюцца розныя мадэлі. Самы дарагі хрусталік каштуе каля 1 тысячы долараў, самы танны — каля 100 долараў. Гарантыя ў любым выпадку даецца на ўсё жыццё. А зажывае ўсё літаральна праз тыдзень.

Што да карэкцыі астыгматызму, то ў нас ёсць такая магчымасць дзякуючы эксімернаму лазеру. Калі астыгматызм двух вачэй, то аперыруюць адразу абодва. Кожны пацыент, якому прапануецца аперацыйнае ўмяшанне на вачах, павінен разумець, што простых аперацый не бывае: можна нават палец параніць так, што ён і праз месяц не зажыве. Штосьці залежыць ад тэхналогіі, штосьці ад майстэрства хірурга, а штосьці і ад агульнага стану здароўя пацыента.

— Аркадзь Міхайлавіч, Мінская вобласць. У бацькі была глаўкома. Як можна ацаніць такую спадчыннасць? Ці можна спрагназаваць верагоднасць развіцця глаўкомы? Што рабіць, каб папярэдзіць рызыку ўзнікнення захворвання?

— Для пацыентаў групы рызыкі распрацаваны спецыяльныя рэкамендацыі, паколькі ў тых, чые сваякі хварэлі на глаўкому, сапраўды павінна быць пэўная насцярожанасць. Неабходна часцей абследавацца, праходзіць спецыяльныя тэсты, якія пакажуць аб'ектыўны стан зрокавага нерву, нервовых валокнаў, сятчаткі. Неабходна дакладна адсочваць дынаміку стану вачэй, ці ёсць ужо нейкія змяненні. Вам трэба звярнуцца да ўрача-афтальмолага і абследавацца, а далей ён скажа, калі павінен адбыцца наступны візіт. Для самога пацыента самым важным быў і застаецца здаровы лад жыцця — заняткі фізкультурай, прагулкі і г.д. Як мага радзей трэба знаходзіцца ў становішчы з нізка нахіленай галавой, чым звычайна грашаць жанчыны, калі апрацоўваюць свае прысядзібныя ўчасткі.

7-35

Хвілінка расслаблення

— Вольга Іосіфаўна, Слуцк. Пра што могуць сведчыць сасуды, якія палопаліся ў воку? І яшчэ: калі трэба рабіць аперацыю па выдаленні катаракты? Што гэта за аперацыя, дзе яе робяць?

— Як правіла, гэта сведчыць аб слабасці сасудаў. А характэрна для тых, у каго артэрыяльны ціск пастаянна хістаецца. У нейкім сэнсе добра, што сасуд лопнуў у воку, а не ў сэрцы — гэта быў бы інфаркт, калі б у галаўным мозгу — інсульт... У любым выпадку неабходна звярнуць увагу на свой артэрыяльны ціск, наведаць урача і прымаць тэрапію, якая стабілізуе ціск, адновіць тонус сасудаў.

Што да катаракты, то аперацыю па яе выдаленні выконваюць ва ўсіх рэгіёнах краіны, так што вы можаце выбраць, у якім цэнтры гэта зрабіць. У нас гэта аперацыя выконваецца амбулаторна, без шпіталізацыі пацыента. Рэкамендацыя па тэрмінах толькі адна. Калі зрок значна знізіўся, чаго ж чакаць? Здараецца, што катаракта толькі з'явілася, але ўжо вельмі моцна перашкаджае. Значыць, трэба аперыраваць. Сам жа па сабе дыягназ не азначае тэрміновага ўмяшання. Што ўяўляе сабой аперацыя? Для пацыента ўсё даволі проста. Ён укладваецца на аперацыйны стол, яму ўводзіцца анестэзія, а літаральна праз 2-5 хвілін яго вывозяць у асобны пакой, адкуль ужо праз некалькі хвілін можна ісці дадому. Наогул працэдура займае да паўгадзіны.

— Марыя Феліксаўна, Гомельская вобласць. 73 гады. Дыягназ — дыябетычная рэцінапатыя сярэдняй цяжкасці. Што вы параіце ў якасці лячэння?

— Дыябетычная рэцінапатыя бывае не «сярэдняй цяжкасці», а непраліфератыўная, прэпраліфератыўная або праліфератыўная. Пачынаюць пры дыябетычнай рэцінапатыі з медыкаментознай тэрапіі, якая ўплывае на вугляводны, бялковы і тлушчавы абмен. Другі момант — умацаванне сасудзістай сценкі і сятчаткі з дапамогай лазернай каагуляцыі. Нанясенне каагулятаў на сятчатку прафілактуе далейшыя ўскладненні. Такія пацыенты павінны назірацца не толькі ў эндакрынолага, але і ў афтальмолага.

— Дзмітрый Аляксандравіч, Мінск. Пасля інсульту зрок на адным воку знізіўся. Ці можа гэта быць звязана?

— Падчас інсульту ў галаўным мозгу могуць пашкоджвацца зрокавыя цэнтры або праводныя нервовыя шляхі. Таму зніжэнне зроку цалкам можа быць. Неабходна праводзіць лячэнне ў афтальмолага і неўролага. Ёсць спецыяльныя метады, прызначаюцца прэпараты.

— Зінаіда Арцем'еўна, Мінск. Дыягназ — катаракта. На кансультацыі ў 3-й бальніцы і ў «Нардзіне» кажуць, што для правядзення аперацыі вельмі малыя вочы. Ці варта ісці на ўмяшанне?

— Магу сказаць, што аперацыя ў такіх выпадках цалкам магчымая. У маёй практыцы прыкладна 30 працэнтаў хворых маюць менавіта малыя, як вы кажаце, вочы. Сучасныя тэхналогіі і вопыт хірурга дазваляюць абсалютна спакойна праводзіць аперацыйныя ўмяшанні на вачах любога памеру. Вы можаце звярнуцца ў іншы афтальмалагічны цэнтр, у тым ліку ў наш.

Кроплі не лішнія

— Іван Андрэевіч, Светлагорск. 80 гадоў. Кроплі «Вітадэн» і іншыя могуць дапамагчы прыпыніць развіццё катаракты? Дыягназ паставілі два гады таму.

— Існуе памылковае меркаванне, што лекі нічога не даюць пры катаракце. Гэта не зусім так. Калі захворванне выяўляецца на самай ранняй стадыі і яшчэ няма перашкоды зроку, то наша з пацыентам задача — прыпыніць, стабілізаваць сітуацыю. Адваротны працэс, зразумела, немагчымы. Я ніколі не бачыў пацыента, у якога катаракта сышла б дзякуючы прымяненню кропляў. Можа быць, у свеце ёсць нейкія адзінкавыя выпадкі, але трэба мець на ўвазе, што размова ідзе ўсё ж такі пра незваротны працэс. Кроплі проста даюць шанц адцягнуць аперацыйнае ўмяшанне. Калі зрок пачне вельмі хутка зніжацца, значыць, можна будзе рабіць аперацыю.

— Алена Васільеўна, Мінск. Маці 80 гадоў. Паўгода таму выявілі трахому правага вока. Ёсць і катаракта (левы — не бачыць зусім, на правым — зрок падае). Адчувае яна дыскамфорт, як быццам іншароднае цела ў вачах. Ад катаракты капае кроплі, а што рабіць з трахомай, не ведаем.

— Калі ў вашай маці сапраўды ёсць трахома, то вы павінны ведаць, што такое захворванне лечыцца спецыяльнымі прэпаратамі — методыка лячэння вядомая і даступная. Але ў шэрагу выпадкаў трахома выклікае ўскладненні: мяняецца рост веек і інш. Аднак гэта можна лячыць з дапамогай хірургічнага ўмяшання. Курс лячэння трахомы — два тыдні, пасля чаго можна аперыраваць і катаракту. Спачатку, можа быць, на адным воку, пасля — на другім.

— Віктар Сцяпанавіч, Старыя Дарогі. 68 гадоў. Абласны афтальмолаг паставіў дыягназ: поўны макулярны разрыў сятчаткі вока. Ці можна выканаць аперацыю па аднаўленні зроку? Ці можа працэс разрыву працягвацца і пры якіх умовах?

— Аперацыю зрабіць можна, і вельмі добра такія выконваюцца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі. У нашым цэнтры сёння няма неабходных расходных матэрыялаў, таму мы можам толькі пракансультаваць вас, паколькі ў захворвання ёсць свае асаблівасці. Важны дыяметр разрыву і іншае. Працэс разрыву сятчаткі можа працягвацца, а таму трэба сітуацыю вырашаць. Можна ў выніку атрымаць вельмі добры зрок.

— Мікалай Мікалаевіч, Карэліцкі раён. 64 гады. Ёсць блізарукасць, яшчэ недзе з 1990 года адчуваю на правым воку нейкае памутненне. Цяпер гэты стан з'яўляецца часцей, вока вельмі дрэнна бачыць. Што можна параіць?

— Важна вызначыць паходжанне памутнення, месца яго размяшчэння — у шклопадобным целе яно, хрусталіку ці рагавіцы. Вам трэба паказацца афтальмолагу па месцы жыхарства. Патрэбна паставіць дыягназ, пасля чаго можна запісацца на кансультацыю і ў наш цэнтр.

— Вераніка, Мінск. Уся праца — за камп'ютарам. Апошнім часам адчуваю, што вочы стамляюцца напрыканцы дня, хоць зрок пакуль добры.

— Не лішне было б, вядома, паказацца ўрачу. Усё ж такі з мэтай прафілактыкі трэба наведваць афтальмолага раз на год або два. Можа быць, праблема зусім не ў звычайнай стомленасці вачэй, а пачаліся нейкія змяненні рэфракцыі. Магчыма, вы проста пакуль не адчуваеце зніжэнне зроку, або ўзнікла сухасць слізістых абалонак.

Наогул, папярэдзіць парушэнне зроку, запаволіць яго пагаршэнне дапамогуць простыя правілы. Рэгулярна праходзьце агляд у афтальмолага з вымярэннем унутрывочнага ціску. Не эканомце на электраэнергіі, калі чытаеце, пішаце, малюеце, вяжаце і г.д. Уключайце не толькі верхняе святло, але і настольны свяцільнік, бра, таршэр. Камп'ютар павінен быць укамплектаваны добрым маніторам. Рабіце гімнастыку для вачэй. Найбольшую карысць такія практыкаванні прыносяць на першых стадыях аслаблення зроку. «Вочны» комплекс пажадана выконваць заўсёды, калі вочы стамляюцца. Нельга іх выконваць толькі пры адслаенні сятчаткі. Такіх практыкаванняў даволі шмат, і вы з лёгкасцю знойдзеце іх у інтэрнэце. У перапынках паміж практыкаваннямі на 10-15 секунд штучна зацямніце вочы цёплымі далонямі, не трэба пры гэтым на іх ціснуць. Гэта максімальна расслабляе вочныя мышцы.

— Уладзімір Уладзіміравіч, Гомель. 84 гады. Ці робяцца ў нас аперацыі пры дыягназе — цэнтральная інвалюцыйная харыярэцінальная дыстрафія сятчаткі, вільготная форма, ускладненая катаракта? Дыягназ паставілі ў 10-й бальніцы.

— Вам трэба звярнуцца ў 3-ю гарадскую бальніцу г. Мінска да вопытнага спецыяліста па хваробах сятчаткі — прафесара Людмілы Мікалаеўны Марчанкі, якая пракансультуе і прапануе адпаведнае лячэнне. Адна з методык — увядзенне ўнутр вока лекавага прэпарату «Авасцін». Калі ёсць жаданне, можаце прыехаць і ў нашу клініку.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Для правядзення аперацый на вачах (у краіне выконваюцца ўсе іх віды) сёння карыстаюцца самымі высокадакладнымі тэхналогіямі. Укараняюцца і аўтарскія методыкі беларускіх хірургаў. Так, напрыклад, колькі гадоў таму ў Еўропе ўкаранілі лячэнне кератакомы з дапамогай крослінкінгу. Гэта прымяненне фотасенсібілізатараў для апраменьвання рагавіцы. Тая ў выніку ўздзеяння становіцца больш трывалай — захворванне стабілізуецца. У апошнія гады ў нас не толькі выконваецца ўмяшанне такога кшталту, але з'явілася і айчынная арыгінальная методыка, якая яшчэ больш палепшыла вынік лячэння. Ёй карыстаюцца, напрыклад, афтальмолагі-хірургі Медыцынскага цэнтра МТЗ. Яго афтальмалагічнае аддзяленне аснашчана, што называецца, па апошнім слове тэхнікі. Менавіта тут некалі выканалі першую ў краіне аперацыю па імплантацыі штучнага мяккага хрусталіка пры лячэнні катаракты. Да таго моманту рабілі вялікі разрэз рагавіцы, вымалі хрусталік і... прызначалі пацыенту акуляры. Тэхнічна гэтая аперацыя была выдатна адпрацавана, аднак там былі вялікі разрэз, дэфармаваная рагавіца, швы. Праз нейкі час з'явілася новая тэхналогія ўнутрыкапсульнай устаноўкі штучнага хрусталіка. Спачатку, праўда, той быў грубаватым і вялікім, а таму ўсё роўна аперацыя патрабавала вялікага разрэзу. Сёння ўстаноўка стала магчымай праз разрэз у 2-3 мм, а часам і 1-1,5 мм. Праз такі разрэз выдаляецца хрусталік і з дапамогай спецыяльнага інжэктара імплантуецца штучны, які «раскрываецца» на месцы да патрэбнага памеру. Такая аперацыя займае ў хірурга не больш за 5 хвілін. І ніякай шпіталізацыі!

Практычная памятка

1. Вытрымлівайце зрокавы рэжым, рабіце зрокавую гімнастыку. Практыкаванні могуць быць прыкладна такімі.

• Перавесці позірк улева, затрымаць на 2 секунды, перавесці позірк управа, затрымаць на 2 секунды, вярнуць вочы ў зыходнае становішча. Паўтарыць патрэбную колькасць разоў.

• Перавесці позірк угору, затрымаць на 2 секунды, перавесці уніз, затрымаць на 2 секунды. Вярнуць вочы ў зыходнае становішча. Паўтарыць.

• Перавесці позірк па дыяганалі ўлева-ўгору да ўпору, затрымаць на 2 секунды, перавесці позірк па дыяганалі ўправа-ўніз, затрымаць на 2 секунды.

2. Для выдалення зрокавага дыскамфорту выкарыстоўвайце па меры неабходнасці вочныя кроплі «Сістэйн-ультра» або «Афтагель», або «Натуральная сляза», або «Каціянорм».

3. Курсамі — вітамінныя кроплі («Квінакс», «Афтан Катахром», «Таўфон», «Вітадэнт») па 1-2 кроплі 3 разы ў дзень 1,5-2 месяцы 2 разы ў год прафілактычна.

4. «Эмаксіпін» 1% па 2 кроплі 3 разы ў дзень 1,5-2 месяцы 2 разы ў год прафілактычна.

5. Ешце малочныя прадукты, зяленіва, свежую чорную парэчку ў сезон.

6. Акулярная або кантактная карэкцыя для далі/блізі пастаянна.

7. Прэпараты для паляпшэння мікрацыркуляцыі — «Нейрамульцівіт» (па 1 капсуле 1 раз у дзень 1-1,5 месяца 2 разы ў год), «Неўрабекс», «Танакан», «Кавінтон».

8. Вітамінныя комплексы з лютэінам — «Віталюкс плюс», «Лютаксамід плюс», «Акувайт лютэін», «Чарніцы-мік», «Чарніцы фортэ», «Чарніцы з лютэінам», «Вітрум віжн», «Вітрум мультымакс», «Опцікс» або іншыя комплексы з лютэінам, зеаксанцінам, амега-3 тлустымі кіслотамі.

9. Не забывайцеся на загартоўку, плавайце і рабіце масаж шыйна-каўняровай зоны.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.