Вы тут

Хто куды крочыць?


Напрыканцы сакавіка ў Мінску чыталі санеты Шэкспіра, адначасова дэманструючы прыёмы ўсходніх адзінаборстваў. Спасцігалі мудрасць старажытных літоўскіх прыказак. Сачылі за шахматнай партыяй у Залюстаркоўі... Адбыліся ж усе гэтыя і іншыя цікавыя падзеі ў межах ІІІ Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму «Крокі».

[caption id="attachment_78422" align="alignnone" width="600"]7-34 Сцэ­на са спек­так­ля «Алі­са ў За­люс­тар­коўі».[/caption]

Крокі насустрач

Ідэя форуму — аб'яднаць самыя цікавыя і адметныя пастаноўкі айчынных ды замежных тэатральных студый, у якіх тэатр для дзяцей ствараюць самі дзеці пад кіраўніцтвам прафесійных педагогаў. Арыентацыя на міжнародную прастору і вылучае «Крокі» сярод іншых вядомых дзіцячых тэатральных фестываляў нашай краіны.

Так, вядомыя віцебскія сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр», што ў красавіку пройдуць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа 19-ы раз, найперш скіраваны на тое, каб папулярызаваць беларускую драматургію сярод школьнікаў, і гуртуюць школьныя тэатры Віцебска (часам, у залежнасці ад фінансавання, і Віцебскай вобласці). Адкрыты абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак», што ладзяць у Любані, у першую чаргу аб'ядноўвае дзіцячыя тэатры Мінскай вобласці, хоць госці з іншых куткоў Беларусі ды замежжа ў яго афішы таксама заўважныя.

Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум «Крокі» ад пачатку быў скіраваны на тое, каб збіраць міжнародную конкурсную праграму дзіцячых спектакляў. Сёлета арганізатары (Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама) і ініцыятары (тэатральнае аддзяленне Дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў №2 г. Мінска) прадставілі гледачам на пляцоўцы Новага драматычнага тэатра 8 дзіцячых тэатраў з Азербайджана, Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі, Эстоніі.

Крокі ў пэўным напрамку

Разнастайная конкурсная праграма «Крокаў» дазваляе вылучыць пэўныя тэндэнцыі той часткі сучаснага тэатральнага працэсу, якую ствараюць дзіцячыя тэатры. Так, заўважны зварот да класічнай драматургіі і літаратуры. Прычым як дзіцячай (тэатральнае аддзяленне Дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў №2 г. Мінска распачало форум прем'ерай спектакля «Аліса ў Залюстаркоўі» паводле казкі Льюіса Кэрала), так і дарослай (дзіцячая тэатр-студыя «Гюнай» з Баку прывезла на «Крокі» музычную камедыю Узеіра Гаджыбекава «Аршын мал алан», а тэатр-студыя «Лятаючая карова» з Таліна — паэтычна-музычную феерыю «What іs a Youth?» паводле твораў Уільяма Шэкспіра). Але ж і зварот да сучаснай драматургіі быў заўважаны ў спектаклі «10 запаветаў баабаба» тэатральнай студыі цэнтра культуры «Элементарус» з Вільнюса: школьная гісторыя Юргі Чэкатаўскайтэ пра настаўніка, яік павёў дзяцей у паход і сцвердзіў жыццёвую праўду 10 літоўскіх прыказак. Дарэчы, спектаклі калектываў з Азербайджана, Латвіі, Літвы, Расіі абазначылі цікавасць удзельнікаў менавіта да нацыянальных твораў. Яшчэ адна асаблівасць форуму — перавага музычных жанраў. Так, апроч вышэйзгаданых пастановак у праграму ўвайшоў мюзікл Міхаіла Барценьева «Тук-тук! Хто там?» тэатральнай студыі «ЭсТэР» з Масквы.

Нагадаю, што праграма форуму была конкурснай. На «Кроках» працавала прафесійнае журы пад старшынствам загадчыцы літаратурна-драматургічнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, тэатральнага крытыка Жанны Лашкевіч. Гран-пры гэтым разам застаўся ў Беларусі і быў прысуджаны спектаклю «Аліса ў Залюстаркоўі». Рэжысёр Віргінія Тарнаускайтэ спалучыла дарослае і дзіцячае асэнсаванне вядомай кэралаўскай гісторыі, стварыўшы густоўную сцэнічную інтэрпрэтацыю.

«Аршын мал алан» скарыў гледачоў і журы нацыянальным каларытам, здольнасцю артыстаў-падлеткаў імправізаваць, што б ні здарылася на сцэне. Да таго ж члены журы не адзін раз зазірнулі ў праграмку, каб пераканацца, што ролю Султанбека выконвае дзяўчына (Лала Рзаева), — настолькі ўпэўнена актрыса адчувала сябе ў амплуа травесці.

Шмат каму запомніліся акцёры-маскі з эстонскай інтэпрэтацыі Шэкспіра. І белая казка пра зіму са спектакля «Казкі пра фарбы» паводле Іманта Зіедоніса дзіцячага тэатра «Кніфіньш» з Латвіі. І сапраўдная паходная атмасфера з «10 запаветаў баабаба» ды безліч іншага, што адбылося на сцэне Новага драматычнага тэатра ў гэтыя чатыры сакавіцкія дні.

Крокі ў будучыню

Трэба заўважыць, што форум «Крокі» збірае тэатры, якія адпавядаюць пэўнаму прафесійнаму ўзроўню працы з юнымі артыстамі. Сутыкненне дзіцячай арганікі (узгадайце, як часта тэатральныя дзеячы адзначаюць, што перайграць дзяцей на сцэне немагчыма) з законамі прафесійнага тэатра — надзвычай цікавае поле для мастацкага даследавання і працы дарослых, а таксама добрая глеба для адукацыі і сацыялізацыі дзяцей. А яшчэ важны складнік будучыні тэатральнага мастацтва. Менавіта на гэтым полі, на гэтай глебе вырастаюць вядомыя тэатральныя артысты і выдатныя тэатральныя гледачы.

Спектакль, што атрымаў гран-пры — «Аліса ў Залюстаркоўі», — не толькі падкрэслівае ўзровень працы з дзецьмі і прафесіяналізм педагогаў, якія з імі займаюцца (артысты вольна адчуваюць сябе ў жорсткім каркасе тэатральнай формы, дакладна разумеючы, што такое тэатральная ўмоўнасць, што такое тэатральная метафара, што такое кэралаўскі абсурд), але ў той жа момант выяўляе праблему беларускай тэатральнай прасторы: мізэрную колькасць дзіцячых тэатраў, здольных яму адпавядаць.

Аднак тое, што сёлета Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум «Крокі» прайшоў трэці раз, згуртаваўшы самыя лепшыя ўзоры айчыннага і замежнага тэатральнага выхавання, пакідае спадзяванні на тое, што сітуацыя можа выправіцца. І цікавасць дарослых да таго, каб даць праявіцца дзіцячаму і падлеткаваму патэнцыялу, будзе толькі павялічвацца.

Алена Мальчэўская

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.