Вы тут

Мінск не будзе спыняць мадэрнізацыю


Пры гэтым варушыцца павінны ўсе: і прыватнікі, і дзяржаўныя прадпрыемствы

Такое меркаванне карэспандэнту «Звязды» выказала намеснік старшыні Мінгарвыканкама Жанна Бірыч. Яна ўпэўнена, што сталіца мае дастаткова рэсурсаў для пераадолення ўсіх цяжкасцяў.

7-42

Вольныя плошчы — вытворцам

Мінск, нягледзячы на тое, што займае менш за 1% тэрыторыі Беларусі, фарміруе найбольш значную ўдзельную вагу ў аб'ёме асноўных эканамічных параметраў краіны. Пры гэтым практычна ўсе маюць станоўчую дынаміку. Так, доля ВРП горада ў ВУП краіны штогод расце (летась 24%, а цяпер 24,9%), разам з экспартам і інвестыцыямі. І была б дзіўнай адваротная сітуацыя, бо сталіца ёсць сталіца.

За чатыры апошнія гады Мінск забяспечыў станоўчую дынаміку асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Так, тэмп росту валавага рэгіянальнага прадукту склаў 112,4%, інвестыцый у асноўны капітал — 111,7%, рознічнага тавараабароту — 150,9%, экспарту тавараў — 141%, экспарту паслуг — 176,1%. Уведзена ў эксплуатацыю 4,5 млн квадратных метраў жылля, у эканоміку сталіцы прыцягнута 6,7 млрд долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, рэальная заработная плата вырасла ў 1,5 раза.

«Мы павінны разумець, што горад Мінск, нягледзячы на крызіс, канцэнтруе ў сабе ўсе працоўныя рэсурсы і вытворчы патэнцыял. І наша галоўная задача — гэта інавацыйнае развіццё горада, — сцвярджае Жанна Бірыч. — Акрамя таго, стараемся ўсе вольныя плошчы аддаць пад вытворчы бізнес. Больш за палову гарадскіх даходаў даюць прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці. Таму наша мэта — з улікам крызісу частцы прадпрымальнікаў, якія ў асноўным займаюцца гандлем, дапамагчы перайсці да вытворчасці і падтрымаць на гэтым шляху».

Баланс усё роўна дасягнуты

З кожным годам структуру гарадской эканомікі ўсё больш вызначае сфера паслуг (2010 год — 69,3%, 2014 год — 70,5%): ужо дзве трэці дабаўленага кошту створана ў сферы нематэрыяльнай вытворчасці, што характэрна для ўсіх буйных гарадоў свету.

Летась станоўчы ўклад у ВРП Мінска зрабілі тры секцыі: вытворчасць электраэнергіі, газу і вады (109,7%), гандаль (109,3%) і прадастаўленне камунальных і сацыяльных паслуг (115%). Па сутнасці, атрымліваецца, што мінчане становяцца класічнымі спажыўцамі: яны толькі ядуць, купляюць і карыстаюцца пэўнымі паслугамі.

Аднак мінулы год быў усё ж такі складаным. Нашы экспарцёры сутыкнуліся з некалькімі знешнімі фактарамі: замаруджванне тэмпаў росту ВУП Расійскай Федэрацыі з запланаваных 103% да 100,6%, зніжэнне ВУП Украіны на 7,5% пры запланаваным росце на 1,5%. Сітуацыя на рынках асноўных партнёраў аказала каласальнае ўздзеянне на стан экспарту: недаатрымана 124 мільёны долараў (са 140 млн). Гэтыя ж фактары працягваюць уплываць і сёлета.

І, нягледзячы на гэта, па выніках 2014 года Мінскам забяспечана збалансаванасць развіцця эканомікі на аснове апераджальных тэмпаў росту экспарту (102,8%) над імпартам (93,7%), што з'яўляецца асноўнай задачай знешнеэканамічнай дзейнасці: экспарт тавараў і паслуг вырас амаль на 134 млн долараў, у той час як па краіне адбылося падзенне на 3,2%. Пры гэтым сальда знешняга гандлю палепшылася ў параўнанні з 2013 годам амаль на 1 млрд долараў.

Акрамя таго, прадугледжана стварэнне ў кожным раёне на плошчах, якія не выкарыстоўваюцца, не менш за 2 суб'екты гаспадарання вытворчай накіраванасці з колькасцю ад 15 чалавек. «Для гэтага створаны ўсе ўмовы: зацверджаны Мерапрыемствы па павелічэнні долі малога бізнесу ў эканоміцы Мінска ў 2015 годзе; функцыянуе тэхнапарк, які за кароткі час стаў самым буйным у краіне; бюджэтам горада аказваюцца беспрэцэдэнтныя меры падтрымкі інавацыйных прадпрыемстваў усіх форм уласнасці з інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама», — пералічвае Жанна Бірыч.

На пераправе коней не мяняюць

Дарэчы, пазіцыя Мінгарвыканкама адносна распачатай мадэрнізацыі адназначная і цвёрдая — спыняць яе ніхто не збіраецца. Як той казаў, на пераправе коней не мяняюць. Таму мадэрнізацыя Падшыпнікавага завода, МЗКЦ і іншых прадпрыемстваў будзе працягвацца. «Гэта вельмі важна — у час крызісу не спыняць мадэрнізацыю, бо яна дазволіць павысіць якасць прадукцыі, знізіць сабекошт. Акрамя таго, сёння абвастраецца пытанне кадраў. Патрэбны толькі ўзважаныя рашэнні. І, нарэшце, трэба лічыць грошы», — упэўнена Жанна Бірыч. Пры гэтым яна лічыць, што варушыцца павінны ўсе — і прыватнікі, і дзяржаўныя прадпрыемствы.

Станоўчага эфекту чакаюць таксама ад тэхнапарку «Вялікі камень», дзе дадзены значныя прэферэнцыі для развіцця вытворчасці.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.