Вы тут

Сплачаны доўг


«Высокі» сэрвіс можа незаўважна пераўтварыцца ў маральную дэградацыю?

— Малады чалавек, вось вазьміце вербачку! Ужо пасвячоная! — жанчына гадоў трыццаці з нечым імкнулася прадаць як мага болей тавару. І таму ішла на любыя маркетынгавыя хітрыкі. Але ж капіталізм недзе павінен заканчвацца. Не мае канца, відаць, толькі прага грошай.

7-49

Я ўвесь час расказваю вам пра канкурэнцыю і прадпрымальніцтва, заклікаю да ініцыятывы і смеласці ў эканамічнай дзейнасці нашых кіраўнікоў і вытворцаў. Але ж ніводнага разу, здаецца, я не заклікаў да продажу сумлення. На гэты выпадак можна паглядзець вачыма двух розных людзей: эканаміста і звычайнага чалавека.

З першага пункту гледжання, прадаўшчыца прыйшла самай першай у Вербную нядзелю да царквы. Прынесла з сабою ўпрыгожаныя вербачкі, мерзла, чакала, асвячала іх разам з іншымі людзьмі. Потым стала каля царквы і пачала гандляваць. Фактычна для людзей, якія прыходзяць пасля гэтай гандляркі, аказана вельмі якасная паслуга — застаецца толькі купіць. Можна было б, вядома, зрабіць сэрвіс яшчэ больш «высокім»: прыносіць па замове вербачкі дадому. Хто ведае, можа, нехта і да такога дадумаўся... Карацей, жанчына сочыць за эканамічнымі тэндэнцыямі і наўмысна «ідзе ў народ», бо спажыўцы становяцца ўсё больш патрабавальнымі і лянівымі.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што часам і самі цэрквы прадаюць пасвячоныя вербачкі. Аднак гэта робіцца, хутчэй, для тых, хто мае аб'ектыўную прычыну, каб не наведаць храм (напрыклад, хвароба).

З пункту гледжання звычайнага чалавека, сітуацыя выглядае так. Гэтая жанчына вырашыла, што на свяце можна нядрэнна зарабіць. Людзей будзе шмат, часу хадзіць па галінкі ў лес і ўпрыгожваць іх няма, таму будуць купляць (10-12 тысяч за штуку нядорага, але прыбыткова). «Але такіх, як я, напэўна, будзе шмат, — падумала жанчына. — Тады я буду прадаваць ужо пасвячоныя: людзі возьмуць, каб не стаяць у чарзе».

Няўжо ёсць людзі, якія думаюць, што Вербная нядзеля заключаецца толькі ў тым, каб пасвяціць вербачку? Шчыра кажучы, ёсць. Сам доўга такім быў.

Яшчэ добра, калі проста купляюць гатовыя галінкі, а потым ідуць свяціць. Але калі ўжо нам прапануюць адразу пасвячоную, то нешта тут насцярожвае. Тым больш калі прапануюць, значыць ёсць і попыт, бо толькі ён нараджае прапанову. Ці гэта ўжо не эканамічныя, а маральныя законы дзейнічаюць?

Цяжка сказаць, але будзе нямала тых, хто не пройдзе міма той жанчыны, хто набудзе «ўжо пасвячоныя» вербачкі і, не дайшоўшы да царквы літаральна сотню крокаў, развернецца і пашыбуе дадому з пачуццём сплачанага доўгу...

А наперадзе яшчэ Вялікдзень.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?