Вы тут

Радкі памяці


Кожны дзень у «Звязду» ідуць пісьмы пра вайну, якая ў кожнага свая

Вялікая Айчынная вайна... Яна ў памяці кожнай беларускай сям'і. Ветэрана, які адважна змагаўся на фронце або ў партызанскім атрадзе. Працаўніка тылу, які аддаваў усё дзеля Перамогі. Жанчыны, якая штодзень малілася за свайго мужа або сына, што былі на перадавой. Падлетка, які нароўні з дарослымі змагаўся з ворагам. І нават дзіцяці, міжволі ўцягнутага ў гэты вялікі жах.

Безимени-3

У кожнага была свая вайна. Памяць аб ёй перадаецца з пакалення ў пакаленне. Амаль за кожнай такой гісторыяй — трагедыя цэлай вёскі, усёй сям'і, асобнага чалавека... У некаторых была і іншая вайна, поўная асабістых перамог і высокіх званняў, славы і гонару. Пра гэта — у падборцы лістоў, якія штодзень папаўняюць рэдакцыйную скрыню.

Тры вайны — на адзін лёс

Святлана Кошур, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, расказвае пра сваіх землякоў, якія ў гады Вялікай Айчыннай змагаліся з ворагам далёка ад дому. Адзін з іх — ураджэнец вёскі Вялікая Слабада, генерал-лейтэнант Аляксандр Пулка-Дзмітрыеў.

«Прафесійны ваенны нарадзіўся ў 1893 годзе ў сям'і селяніна. У 1909 годзе скончыў вышэйшае пачатковае вучылішча, затым — настаўніцкія курсы пры Навагрудскім гарадскім вучылішчы. Працу настаўнікам прыпыніла Першая сусветная вайна, у якой ён браў удзел. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне. Пасля вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ, скончыў Акадэмію Генеральнага штаба Чырвонай Арміі. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў інтэнданцкую акадэмію.

З 1942 года наш зямляк знаходзіўся на Паўднёва-Заходнім, Бранскім, Цэнтральным, Беларускім і Прыбалтыйскіх франтах. Займаў пасады начальніка штаба ўпраўлення тылу фронту, намесніка камандуючага арміяй па тыле і начальніка штаба арміі. Аляксандр Дзмітрыевіч — удзельнік Сталінградскай бітвы і бітвы на Курскай дузе. Вызваляў Беларусь, Прыбалтыку, Польшчу, удзельнічаў у Берлінскай аперацыі. Пасля вайны, у 1952 годзе, быў назначаны начальнікам штаба і першым намеснікам камандуючага войскамі Беларускай ваеннай акругі».

Расказвае аўтарка і пра яшчэ аднаго земляка, удзельніка войнаў Андрэя Карпа. У сям'і яго ўнука, Уладзіміра Кушаля, захавалася некалькі ўнікальных фотаздымкаў. На адным з іх — Андрэй Карп у форме салдата Першай сусветнай вайны са сваім таварышам (на фота справа). Ужо тады яму давялося аказваць дапамогу параненым аднапалчанам. Пра гэта сведчыць атрыманы ім медаль Чырвонага Крыжа, які ў 1906 годзе быў заснаваны па загадзе імператара Мікалая ІІ. Ім узнагароджвалі ўрачоў, санітараў, сясцёр міласэрнасці, усіх тых, хто ў ваенны час браў удзел у дзейнасці Расійскага Чырвонага Крыжа, а пасля 1907 года — і вайскоўцаў.

«У час грамадзянскай вайны арміі патрэбны былі медыкі, — удакладняе Святлана Кошур. — У 1918 годзе Андрэй Карп скончыў фельчарскую школу ў Смаленску і атрымаў пасведчанне. Некаторы час працаваў у Маскве ў інфекцыйным шпіталі, а з мая 1918 года стаў штатным фельчарам Тульскага ваеннага лазарэта... Медыцынскі вопыт вельмі спатрэбіўся Андрэю Сільвестравічу ў час Вялікай Айчыннай вайны. У пачатку вайны ў будынку Вялікаслабодскай школы ён арганізаваў лазарэт, дзе аказваў дапамогу параненым чырвонаармейцам, якім у той час даводзілася адступаць. Здаралася, да яго ноччу прыходзілі партызаны, забіралі ў атрад, дзе ён рабіў перавязку параненым, лячыў партызанаў і іх сем'і. Дапамагаў ён і іншым людзям, хаця лекаў катастрафічна не хапала і, каб зрабіць лячэбную мазь, фельчару часам даводзілася выменьваць патрэбныя для яе інгрэдыенты на прадукты».

Я з вогненнай вёскі,
з Сіняўскай Слабады...

У кантэксце ўспамінаў пра вайну варта ўзгадаць і яшчэ адну вёску Карэліцкага раёна — Сіняўскую Слабаду. Вядома, і адсюль былі людзі, якія праславілі сваю малую радзіму на франтах Вялікай Айчыннай. Нарадзіўся тут і Уладзімір Калеснік, удзельнік партызанскага руху, адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» Яго радзіма таксама была вогненнай вёскай.

У Сіняўскай Слабадзе нарадзілася і мясцовая паэтка Зінаіда Балабановіч. Яна не раз расказвала пра трагічны лёс сваёй вёскі. Яе аповед захавала зямлячка, Таісія Сабалеўская, якая падзялілася з намі гэтымі ўспамінамі:

«Да вайны наша вёска была вельмі прыгожай, шматлюднай. Вакол яе — цёмна-зялёны лес, які лагодна абдымалі хвалі сінявата-блакітнага Нёмана. Ён у тыя часы быў шырокі і глыбокі. Вакол вёскі — заліўныя лугі, сенажаці. Любімая рачулка Ціхая, шматлікія азёры, у якіх мачылі каноплі, пукі лёну. Добрыя, працавітыя людзі жылі ў вёсцы. У кожнага быў свой падворак, багаты на ўсялякую жыўнасць, свая гаспадарка: зямля, лес, сенажаць. Была ў вёсцы царква, пачатковая школа, месца для адпачынку. Усё разбурыла вайна. Калі яна пачалася, мне было 6 гадоў».

Бяда здарылася ў верасні 1942 года. Гэты страшны дзень прыпаў на вялікае свята. За два месяцы перад гэтым немцы паабяцалі мясцовым жыхарам спаліць вёску за дапамогу партызанам. Сваё слова стрымалі.

Пажар пачаўся з канца вёскі. Хаты амаль усе былі пакрытыя саломай, туліліся непадалёку адна ад адной. Гумно і хлявы поўніліся ад гаспадарчага набытку: амаль на носе была зіма. Усё гарэла, трашчала і палыхала. На шчасце, людзі засталіся жывыя.

Сям'я Балабановічаў падалася ў мястэчка Турэц. Тут былі родныя маці і бацькі Зінаіды. Там ужо жылі пагарэльцы, але ж і ім знайшлося месца.

«Прыйшлося жабраваць, — успамінала жанчына. — Людзі былі добрыя. Усё давалі. А ў пачатку красавіка 1944 года прыйшло вызваленне. Бацька з вайны не вярнуўся. Паспеў здзейсніць подзвіг на Одэры, паблізу вёскі Берзін. Узнагароду пасмяротна ўручылі маці ў 1953 годзе. Цяжкая праца лягла на яе плечы. Адкуль браліся ў яе сілы?»

І ў гэтай сям'і была свая вайна. У нястачы, голадзе, холадзе, без даху над галавой. У штодзённым чаканні вестачкі з фронту, у той жудаснай навіне аб страце карміцеля. У цяжкім, жабрацкім дзяцінстве, абдзеленым увагай бацькоў, якія ўсе свае сілы аддавалі дзеля будучай Перамогі.

«Захоўваць і берагчы памяць — наш духоўны абавязак»

Так думаюць вучаніцы Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, што ў Жыткавіцкім раёне, Таццяна Дарафей, Наталля Емяльянава, Марыя Катовіч і расказваюць пра родную вёску Мілевічы, якая падзяліла трагічны лёс Хатыні і дзясяткаў іншых населеных пунктаў. Школьніцы сабралі ўспаміны тых, каму пашчасціла ў той дзень адсутнічаць у вёсцы. Гэтых падлеткаў гітлераўцы прымусілі гнаць скаціну на Морач. Пазней менавіта яны будуць сведчыць пра нечуваныя зверствы таго трагічнага дня 15 лютага.

З успамінаў Івана Маркавіча Ефімовіча (памёр у 2004 годзе):

«Вярнуўшыся позна ўвечары, маці сказала, што немцы паляць навакольныя вёскі і хутары, расстрэльваюць людзей. Забілі шасцярых юнакоў з вёскі Старыя Залюцічы, якія адганялі жывёлу. Трэба ратавацца. Маці раіла ісці ў лес мне аднаму: мае брацікі і сястрычкі маленькія. Стаяла суровая зіма, і тлела надзея, што фашысты не крануць дзяцей. Уначы разам з сябрам Нікіфарам Тарцаном мы падаліся за Случ. На наступны дзень з боку вёскі пачуліся стрэлы, крыкі людзей. Я залез на высокае дрэва, каб было лепш відаць. Частку жыхароў Старых Мілевіч сагналі ў хлеў Агрыпіны Хаміцэвіч, астатніх — у хату Сачыловіча, што непадалёк ад ракі. Тых, хто супраціўляўся, забівалі і кідалі ў будынкі нежывымі. Навокал стаялі салдаты з аўтаматамі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі. Так працягвалася некалькі гадзін. Апоўдні хлеў і хата запалалі...»

На наступны дзень карнікі пакінулі вёску. Тыя, хто ўратаваўся, пачалі хаваць ахвяр зверства. Стала вядома, што загінула больш за 400 чалавек. У той жа дзень у суседняй вёсцы Беразнякі згарэлі 200 мірных жыхароў, з іх 71 чалавек — дзеці да 15 гадоў.

З успамінаў Евы Васільеўны Ефімовіч, 1929 года нараджэння:

«Узімку 1942 года мне было 12 гадоў. Усе здарылася ў лютым. Напярэдадні хадзілі чуткі, што немцы паляць людзей у суседніх вёсках. Бацькі не верылі ў тое, што немцы зробяць гэтак, а вось мая баба — наадварот. Самай раніцай бабуля сказала, што пойдзем з Еўкаю ў лес лучыну шукаць. У глыбіні лесу пачулі незразумелую гаворку. Нас заўважылі немцы, якія прачэсвалі лес перад аблавай, і пагналі назад дадому. Ужо ў вёсцы немец падштурхнуў мяне да падлеткаў, якім было загадана гнаць скаціну ў Старобін. Сярод усіх я была самай меншай.

У Старобіне ў нейкай старой школе мы прабылі два тыдні. Наступныя дні нас «грузілі» і звозілі ў мінскую турму для адпраўкі ў Германію. У цягнік запіхалі, як тое быдла. Толькі там-сям праз шчыліны прасочвалася сонечнае святло. Ехалі на працягу трох сутак. Ужо ў Германіі я трапіла ў маёнтак немца, дзе знаходзіліся і палякі, і французы, і італьянцы. Усе жылі ў бараку. Працавалі пераважна на полі: палолі нават пшаніцу, голымі рукамі вырывалі асот, а ён жа такі заразлівы. Рву ды плачу-плачу. Праз дзень усе пальцы і далоні пакрываліся гнойнымі пухірамі. Там мяне ўсе звалі Малюска, бо была сярод усіх не толькі самай маладой, але і самай маленькай.

Ежы, якую нам давалі, нікому не хапала. На сямёра чалавек выдавалі 3 літры малака (на 2 тыдні), праз дзень — адзін бохан хлеба, адзін пачак маргарыну і сахарын, астатняе варылі самі. На полі кралі пшаніцу. З вялікіх камянёў зрабілі жорны: змелем крадзенае зерне — ды спячом сякі-такі хлеб. Кожны з палонных баяўся захварэць, бо ўрачоў тут не было. Захварэў — памёр».

У гэтых мазаічных успамінах былых зняволеных — гісторыя часткі маладога пакалення часоў Вялікай Айчыннай вайны. Захоўваць і берагчы памяць пра іх і ўвогуле пра тыя падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі 70 і больш гадоў таму, — сапраўды наш духоўны абавязак перад самімі сабой, перад нашчадкамі. І яна, гэтая памяць, павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне, як нязгасны факел вялікай любові да Радзімы, да свайго народа.

Вераніка КАНЮТА.

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.