Вы тут

Удзячныя вайне за... каханне


«Яны настолькі ўсё жыццё кахалі адно аднаго, што я заўсёды думала: што ўсе людзі такія, што ўсе так жывуць», — пачынае гутарку Жанна Кацянкова, да якой я прыйшла, каб даведацца пра дзіўны лёс гэтай сям'і. Гісторыя жыцця яе бацькоў — прыклад таго, як трэба кахаць. І гэта нягледзячы на тое, што яно, каханне, было выпрабавана самым страшным — вайной...

[caption id="attachment_78584" align="alignnone" width="400"]Ілья Лей­бман і Але­на Ка­цян­ко­ва. 1945 год. Ілья Лей­бман і Але­на Ка­цян­ко­ва. 1945 год.[/caption]

Яны пазнаёміліся ў тыя далёкія саракавыя-ракавыя. На фронце. Убачыўшыся ўсяго толькі раз, не маглі жыць адно без аднаго. Аднак увесь час быць разам проста не маглі. Не мелі права. Вайна-ліхадзейка іх то разлучала, то зноў зводзіла разам. Але менавіта ёй яны былі ўдзячныя, бо каб не вайна, не было б і гэтай сям'і, і гэтай гісторыі.

Беглі са сталіцы...

Ілья Лейбман нарадзіўся ў 1921 годзе ў Мінску. Калі пачалася вайна, ён заканчваў трэці курс Беларускага медыцынскага інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). Якраз здаваў апошні экзамен, пасля якога, захапіўшы ўсе дакументы, разам са сваёй сям'ёй, суседзямі і тысячамі мінчан вымушаны быў бегчы са сталіцы.

— Толькі на пахаванні бацькі я даведалася, што ўвесь гэты няпросты і доўгі шлях ён нёс на сваіх плячах суседскага хлопчыка, — расказвае дачка. — Сам ён ніколі пра гэта не казаў. Магчыма, не лічыў патрэбным.

Так, лясамі і балотамі, дайшлі да Магілёва. Адтуль трапілі ў эвакуацыю ў Фрунзэ. Там экстэрнам — год лічыўся за два — Ілья скончыў Кіргізскі медыцынскі інстытут. І адразу пасля атрымання дыплома яго забралі на фронт. Ішоў 1942 год...

На фронт. Добраахвотнікамі

Ён ніводнага дня не быў у тыле, не знаходзіўся і ў прыфрантавым шпіталі. Ілья Лейбман адразу трапіў на перадавую. Быўшы ўрачом санітарнай лятучкі, ён ішоў разам з войскамі, аказваючы падчас і пасля баёў першую медыцынскую дапамогу параненым салдатам і афіцэрам.

Наколькі гэта было складана і фізічна, і маральна, добра ведала яго каханая. Алена Кацянкова ваявала старшым сяржантам медслужбы ў складзе 996-й ваенна-санітарнай лятучкі 6-й арміі 3-га Украінскага фронту. Маладая медсястра была родам з Казані. Да вайны скончыла тры курсы Казанскага медінстытута. Толькі тады давучыцца ёй так і не давялося, хоць і была такая магчымасць.

Жыць спакойным жыццём, калі там, зусім недалёка, гінуць і пакутуюць ад болю людзі, яна не магла. І разам з сястрой Алена Кацянкова пайшла на фронт. Добраахвотнікам.

Маладая дзяўчына прайшла ўсю вайну. У яе ваенным білеце, які беражліва захоўвае дачка, пазначаны наступныя даты: 25 ліпеня 1941 года і лістапад 1945-га. 9 мая Алена Кацянкова сустрэла ў Вене. Той дзень стаў для яе другім днём народзінаў. І не толькі таму, што гэта Дзень Перамогі.

— Калі яна везла параненых, на іх напалі ўласаўцы, якія, па расказах мамы, былі яшчэ больш жорсткімі, — распавядае Жанна Кацянкова. — І літаральна ў долю секунды падышлі нашы войскі і іх выратавалі. Спазніліся б яны ўсяго на пяць хвілін — усе б загінулі... Таму 9 мая быў для яе асаблівым днём. У гэты дзень яна апранала сваю чорную сукенку, вешала на яе ўсе свае ўзнагароды і святкавала.

— Колькі памятаю сваю маму, яна ўвесь час курыла, — працягвае дачка. — І паколькі сама медык, я з ёй увесь час на гэты конт сварылася. Перастала, калі аднойчы яна мне сказала наступнае: «Я курыла пад Сталінградам. Волга была чырвоная ад крыві...»

Пісалі, быццам у апошні раз...

Усю вайну Ілья Лейбман і Алена Кацянкова прайшлі на перадавой. Былі то ў адной ваенна-санітарнай лятучцы, то ў розных. Увесь час знаходзіліся паміж жыццём і смерцю: куля ж не выбірае — салдат ты ці ўрач. Шмат медыцынскіх работнікаў загінула...

Ім было цяжэй за ўсё. На іх вачах паміралі людзі, пакутавалі ад страшных боляў параненыя. Яны моцна перажывалі, што часам як медыкі былі бяссільныя... І ў той жа час перажывалі асабістую трагедыю.

У тыя цяжкія дні расстання яны пісалі адно аднаму лісты. Пісалі вельмі шчыра — так, як быццам у апошні раз. Гэтыя франтавыя трохвугольнікі як самую каштоўную сямейную рэліквію захоўвае дачка. Разгарнуўшы некалькі з іх, здаецца, што іх толькі даслалі з фронту...

«Мілы, родны мой Люсік (Ілья. — Аўт.)! Прывітанне! Цяжка на душы пасля нашага ад'езду. Дакладней, пасля таго, як мы з табой рассталіся. Я проста не знаходжу сабе месца. Цягне нешта невядомае. Выйду на падножку або пагляджу ў акно — ці не ідзеш ты. Але цябе няма... Я сябе супакойваю толькі тым, што хутка павінна ўбачыць цябе.

Мілы Люсік! Я, напэўна, па тысячы разоў на дзень перачытваю твае лісты... Жыццё без цябе мне няміла. Я зараз самотная, як кропля дажджу на лісце бярозы, якая чакае чарговага парыву: панясе яе і хто ведае куды?.. Мне так становіцца сумна, калі прамільгне думка аб тым, што я не так хутка ўбачу цябе... Люсік, родны, чаму цябе няма са мной, чаму ўсё так? Вядома, у гэтым вінавата вайна. Праўда, яна ж вінаватая ў нашай сустрэчы. Каб не яна, я б цябе не ведала. Я яе ў адным вельмі вінавачу, што яна разлучыла нас... Да пабачэння! Моцна цябе цалую. Лена» (1 кастрычніка 1944 года).

А вось што пісаў Ілья Лейбман каханай Алене 25 студзеня 1945 года:

«Прывітанне, мой дарагі Лянусік! Пішу табе на выпадак, калі я з табой размінуся. Па-першае, паведамляю, што я сёння ў аддзеле атрымаў твае два лісты і табе сардэчна ўдзячны. Мне вельмі крыўдна было чытаць твой ліст. Ты мяне ў ім папракаеш. А хіба я заслужыў гэта? Ты ведаеш мае пачуцці да цябе. Ты ведаеш, што я цябе кахаю да смерці.

Як хочацца мне з табой сустрэцца і падрабязна пра ўсё пагаварыць! Бо ты ў мяне адна, адна на ўсім свеце, за выключэннем бацькоў. Я беззапаветна кахаю, як звар'яцелы. Спадзяюся, што неўзабаве мы зноў сустрэнемся, а галоўнае, што хутка кончыцца вайна. І тады мы будзем назаўсёды разам. Моцна цалую. Твой Ілья».

Былі шчаслівымі, што выжылі

— Самае дзіўнае, што бацькі ніколі нічога адмоўнага пра вайну не казалі, — узгадвае Жанна Кацянкова. — Ва ўсіх іх аповедах заўсёды было нешта станоўчае. Відаць, яны настолькі былі шчаслівымі, што абое выжылі, што не хацелася ўспамінаць увесь той жах. Я вельмі добра памятаю, як тата расказваў, што, калі яны ўвайшлі ў Адэсу, адэсіты паставілі на ўсю Дэрэбасаўскую сталы і шчодра частавалі нашых салдат. Мама расказвала, што самым страшным на вайне былі абгарэлыя танкісты. Гэта жудасныя болі і жах...

Трымаю ў руках паштоўку, аднагодку Перамогі. Дата адпраўкі — 10 мая 1945 года. У ёй Ілья Лейбман віншуе Алену з Вялікай Перамогай: «Мілая, Лянусік! Віншую, мая дарагая, з Перамогай! Мілы Лянусік, нарэшце вайна скончана і мы з табой зажывём выдатна! Яшчэ раз віншую цябе з Перамогай і зычу табе шчасця, галоўнае — здароўя».

Ілья Лейбман і Алена Кацянкова служылі разам, калі нашы войскі вызвалялі Захад. Па Еўропе за імі шлі і яны. Ужо — удваіх. У лістападзе 1945 года вярнуліся ў Мінск. У снежні нарадзілася іх адзіная дачушка.

— Для мамы вайна магла скончыцца значна раней, — упэўнена Жанна Ільінічна. — Але яна нікому не казала, што цяжарная, бо яе адправілі б у тыл. А яна хацела быць з бацькам, са сваім каханым.

Жыццё пасля вайны

Дзіўна, але бацькоўская хата, куды яны вярнуліся пасля вайны, захавалася. Мінск быў амаль цалкам зруйнаваны. А дом пад нумарам 21 на вуліцы Ульянаўскай — драўляны! — стаяў цалюткі, быццам чакаў сваіх гаспадароў.

Ілья Лейбман уладкаваўся на працу патолагаанатамам. Як расказвае дачка, у пасляваенным Мінску не было ніводнай вакантнай лячэбнай пасады. Нават хацеў з'ехаць. Пераканаў маладога ўрача бацька, які сказаў, што ў любой прафесіі можна знайсці цікавасць. Ілья Лейбман пачаў займацца навукай і ў 1952 годзе абараніў кандыдатскую дысертацыю. Пасля быў галоўным патолагаанатамам Беларускай чыгункі, займаўся навукай у Скурна-венералагічным інстытуце.

Яго жонка, Алена Кацянкова, пасля нараджэння дзіцяці пайшла вучыцца далей. Скончыўшы Мінскі медыцынскі інстытут у 1948 годзе, пачала працаваць у Дом малюткі № 1, які аднавіў сваю працу адразу пасля вызвалення беларускай сталіцы. Адзінокіх немаўлят, якіх пасля вайны засталося вельмі шмат, прыносілі сюды з бальніц, з лясоў, дзе іх знаходзілі. Падкідвалі дзяцей і самі бацькі: не было чым карміць — пасляваенны голад і разруха.

Праз два гады Алена Кацянкова стала галоўным урачом установы і на гэтай пасадзе адпрацавала 36 гадоў. У 1966 годзе за сваю самаадданую працу яна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, пазней на яе святочнай вопратцы з'явіўся значок «Выдатнік аховы здароўя».

Родная для чужых

— Мама настолькі любіла гэтых дзяцей, што сама старанна падбірала персанал, — успамінае дачка. — Яна часта ім казала, што калі прыйшлі працаваць з дзецьмі-сіротамі, то павінны ім аддаваць цяпло, мацярынскую любоў. У мамы была надзвычайная памяць: яна ведала лёс кожнага дзіцяці — іх было 160! Аднойчы прыйшлі муж і жонка, каб усынавіць каго-небудзь. Мама глядзіць на гэтую жанчыну і ўспамінае, што тая калісьці адмовілася ад роднага дзіцяці. Пацвердзіўшы свае здагадкі дакументальна, яна ім сказала, што калі яны маглі адмовіцца ад свайго, то чужога не атрымаюць.

Калі дзеці падрасталі, іх аддавалі ў інтэрнат. Ужо дарослымі многія з іх прыходзілі ў Дом малюткі і хацелі даведацца пра сваіх бацькоў. Аднойчы звярнуўся сюды і адзін малады чалавек. Алена Кацянкова ўспомніла, што яго маці некалі адмовілася ад сына ў 2-й дзіцячай бальніцы. Жанчыну адшукаць усё ж такі ўдалося. Малады чалавек сустрэўся са сваёй маці, якая яго так і не прызнала.

— Ён вярнуўся да маёй мамы і падзяліўся сваімі перажываннямі, — дадае Жанна Кацянкова. — Яна яго супакоіла. І, ужо сыходзячы, ён расплакаўся і сказаў, што так, як мая мама паставілася да яго, не прымала яго нават родная маці...

Яе ўсе любілі і ў той жа час баяліся. Алена Кацянкова за 36 гадоў свайго кіраўніцтва стала жанчынай-легендай, выдатным урачом, самай ласкавай і добрай маці для сотні дзяцей. Прайшоўшы вайну, яна так і не навучылася быць абыякавай да чужых праблем. Чужыя пакуты былі яе асабістым болем.

Увогуле лёс гэтай сям'і надзвычай цікавы. Ілья Лейбман і Алена Кацянкова пражылі разам 49 гадоў! Выхавалі дачку Жанну, унучку Алену, якія таксама сталі ўрачамі. Сямейную дынастыю працягваюць цяпер і іх праўнукі: Ілья працуе ўрачом у шведскай клініцы, Малін заканчвае другі курс замежнага медыцынскага ўніверсітэта.

Алена Кацянкова не надоўга перажыла свайго мужа: жыць без яго, як і тады, у вайну, проста не магла. І не хацела...

* * *

Неўзабаве ў Доме дзіцяці № 1 для дзяцей з арганічным пашкоджаннем цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі (яго сучасная назва) адкрыецца стэнд, прысвечаны памяці Алены Кацянковай. Людзі, якія працавалі з ёй не адзін год запар, выступаюць і за тое, каб у год 70-годдзя Вялікай Перамогі на ўстанове, якую ў самы цяжкі галодны пасляваенны час на працягу 36 гадоў узначальвала Алена Кацянкова, у гонар выдатнага кіраўніка і таленавітага ўрача з'явілася мемарыяльная дошка. Чалавек, які ўсю вайну прайшоў на перадавой і нямала зрабіў у мірны час, гэтага заслугоўвае.

Вераніка КАНЮТА.

Фота з асабістага архіва
Жанны Кацянковай

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.