Вы тут

Таямніца Берасцейскага пярсцёнка


Устарадаўнім Бярэсці было нямала заможных людзей. І толькі асобныя з іх маглі сабе дазволіць такое ўпрыгажэнне, як залаты пярсцёнак. Золата тады было іншае, ды і тэхналогіі вырабу рэчаў значна адрозніваліся ад цяперашніх. Іх выраблялі ўручную. І ад гэтага яны мелі яшчэ большую каштоўнасць.

8-3

Вось хадзіў такі вяльможа па вузкіх вуліцах Бярэсця, фрагмент якога адкрыты пад шкляным купалам для нашчадкаў на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці... Але той шаноўны гараджанін не насіў сваю ювелірную каштоўнасць на пальцы, а захоўваў, хутчэй за ўсё, дома. Менавіта такую версію выказалі спецыялісты. Бо пярсцёнак велікаваты для цяперашняга сярэднестатыстычнага брастаўчаніна, а тады людзі былі значна меншыя. А можа, жыў адзін сярод іх, які вылучаўся аграмадным ростам і такімі ж пальцамі. Пярсцёнак зрабілі яму на заказ. Хто ведае?

Адным словам, шмат таямніц захоўвае ў сабе залаты выраб, які знайшлі яшчэ ў 1977 годзе пры раскопках старажытнага гарадзішча Бярэсце. Знаходку тады перадаў вучоным доктар гістарычных навук Пётр Фёдаравіч Лысенка, што кіраваў раскопкамі. Пярсцёнак вывучылі, вызначылі яго ўзрост, які вымяраецца больш чым сямю стагоддзямі, паставілі пробу золата — 750-ю — і перадалі на захаванне ў Брэсцкі краязнаўчы музей.

Цікава, што экспанат да гэтай пары ні разу не выстаўляўся. І вось музейныя работнікі палічылі, што прыйшоў яго час. Інтрыга трымалася да апошняга дня. Было аб'яўлена, што краязнаўчы музей праводзіць трохдзённую выставу аднаго экспаната, і ніхто не ведаў якога. На прэзентацыю сабралася шмат гасцей, сярод якіх былі кіраўнікі культурных устаноў Брэста, прадстаўнікі грамадскасці, нават дыпламаты, акрэдытаваныя ў нашым горадзе, а загадкавы экспанат так і хаваўся пад сінім пакрывалам. І вось роўна а 13 гадзіне, як і было сказана загадзя, яго знялі. Гэтае ганаровае права было дадзена старшыні гарвыканкама Аляксандру РАГАЧУКУ. Мэр першым жа і падзяліўся сваімі адчуваннямі. Сказаў, што рэч вельмі дастойная, майстэрства продкаў яго па-сапраўднаму ўразіла.

Падчас прэзентацыі спецыялісты расказалі, што пярсцёнак пачатку ХVІ стагоддзя быў выраблены з дапамогай валачэння, пляцення, пайкі, кавання — самых першых відаў апрацоўкі металу. Мужчынскае ювелірнае ўпрыгажэнне ўяўляе з сябе перавітыя ў касу чатыры тоўстыя жгуты шырынёй у цэнтральнай частцы 10 міліметраў. Канцы пярсцёнка адкрытыя, нязлучаныя. Яго дыяметр складае 20 міліметраў, а вага — 7,8 грама. У свеце вядомы толькі адзін падобны пярсцёнак, які захоўваецца ў Ноўгарадзе.

Экспанат не выстаўлялі раней найперш з меркаванняў бяспекі. Вось і цяпер пасля паказу ён зноў зойме сваё месца ў запасніках. А ў экспазіцыі з'явіцца яго сучасны двайнік. Не копію берасцейскага экспаната, а выраб па матывах знаходкі зрабілі на беларускім ювелірным заводзе «Зорка». Арыгінальны падарунак музею прэзентавала дырэктар па маркетынгу прадпрыемства Юлія Клімішэна. Пярсцёнак выраблены з моднага зараз жоўтага золата, ён уяўляе з сябе 12 залатых дроцікаў, якія скручаны спачатку ў чатыры жгуты, потым у два і адзін. Сучасны ювелірны выраб наведвальнікі маглі разгледзець блізка, нават патрымаць і прымераць на палец. Нехта падказаў, што трэба пры гэтым загадваць жаданне...

Дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей МІЦЮКОЎ сказаў, што ў гэтым годзе брастаўчан чакае яшчэ некалькі выстаў з серыі «Унікальны экспанат». Такім чынам музей адстойвае статус роднага горада як культурнай сталіцы краіны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.