Вы тут

Свае людзі — разбяромся


Гарадскі пасёлак Смілавічы, што ў Чэрвеньскім раёне, сустрэў пафарбаванымі агароджамі і вымеценымі тратуарамі.

— Так, у нас людзі працалюбівыя, кожны стараецца «навесці глянец» на сваіх сядзібах, тэрыторыі, што прылягае да дома, — пагаджаецца са мной старшыня Смілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Валянціна Півавар. — У гарадскім пасёлку і навакольных вёсках пражывае каля 12 тысяч чалавек. Акрамя таго, у нас размешчана сем садовых таварыстваў. Наладзілі добрыя стасункі з іх старшынямі, разам удалося навесці парадак. Цяпер тут няма звалак, ніхто з дачнікаў не выкідвае смецце ў лес ці на поле. Уласнікі заключылі дагаворы з прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі на вываз бытавых адходаў, вядзём з імі работу па ўстаноўцы кантэйнераў.

— І ўсё ж, якія праблемы больш за ўсё хвалююць людзей? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.

— Сёння ў мяне прыём грамадзян, вось і паслухаеце, з якімі пытаннямі прыходзяць жыхары сельсавета, — кажа Валянціна Іванаўна (яна вядзе прыём кожную сераду з 8 да 14 гадзін). — А наогул у нас усе дні прыёмныя. Людзі звяртаюцца ў любы час, калі ім зручна.

Суцін і спонсары

Іван Паўлавіч Ярашэвіч — мясцовы краязнаўца. А зазірнуў ён у сельскі Савет, каб запрасіць старшыню на адкрыццё мемарыяльнага знака ў гонар загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны жыхароў вёскі Жураўковічы.

— У адзін дзень, па адной дарозе пайшлі на фронт Канстанцін Анісімавіч Патапчык і яго бацька. Сын служыў кулямётчыкам, быў цяжка паранены пад Аўгустовым, але выжыў. А старэйшы Патапчык загінуў. Да гэтага часу невядома, дзе ён пахаваны, шукаем яго магілу. Сын пакляўся, што ўшануе памяць роднага чалавека і загінулых землякоў. Мы сваімі сіламі паставілі невялікі мемарыял — самі знайшлі камень, зрабілі агароджу, задзейнічалі людзей, арганізацыі, — расказаў Іван Паўлавіч.

А заадно папрасіў Валянціну Іванаўну дапамагчы арганізаваць абед для запрошаных на адкрыццё помніка.

Яна паабяцала, што звяжацца са старшынёй райспажыўсаюза, параіцца, як гэта лепш зрабіць.

— Ва ўсякім разе гарбату ды булачкі гарантую, — запэўніла яна. — За мемарыялам мы замацуем школьнікаў. А пакуль трэба там пяску падсыпаць ды плітку пакласці. Думаю, усё гэта вырашым.

— У нас зарэгістравана фірма «Спадчына і час», — працягвае мая суразмоўца. — У перспектыве мяркуем зрабіць пасёлак культурным цэнтрам. Тут ёсць што паказаць гасцям. Смілавічы — радзіма мастака Хаіма Суціна, у школе створаны яго музей. Адсюль родам і яшчэ адзін мастак, Царфін. У нас плануецца міжнародны форум, дзе пакажуць дзве арыгінальныя карціны гэтых мастакоў. У Смілавічы перанеслі і музей вядомага кампазітара Манюшкі. Каля Смілавіч знаходзіцца сядзіба Ваньковічаў. Госці змогуць таксама наведаць мужчынскі манастыр у Лядах, музей мануфактуры, валюшна-лямцавую фабрыку, Святую гару са старажытным капішчам. А яшчэ мы хочам зрабіць алею Суціна, магчыма, паставім там бронзавую фігуру нашага земляка, каваныя пад даўніну лаўкі, ліхтары. Мяркую, паступова ажыццявім свае задумы, цяпер жа шукаем спонсараў...

Дарога значыць многа

Нашу размову перапыняе чарговы наведвальнік — выканаўца абавязкаў галоўнага інжынера дарожна-будаўнічай арганізацыі Аляксандр Халадок. Ён на гэтай пасадзе нядаўна, раней працаваў тут майстрам, прарабам. Аляксандр Мікалаевіч прыйшоў узгадніць са старшынёй пытанні па ўладкаванні дарог.

Валянціна Півавар уводзіць спецыяліста ў курс справы, падрабязна тлумачыць, на ўпарадкаванне якіх участкаў ёсць неабходная дакументацыя, а на якія трэба яшчэ рабіць праект. Вясной да ўлады звярталіся жыхары вуліцы Юбілейнай — гразка, ні праехаць, ні прайсці. Мікрараён Зарэчанскі пабудавалі нядаўна, правялі камунікацыі. Больш тут капаць не будуць, таму і вуліцу можна падсыпаць.

— Што ж, будзем працаваць, супрацоўнічаць. У мяне на дэпазіце ляжаць грошы ад продажу зямельных участкаў. Разлічымся з вамі за работу, — паабяцала Валянціна Іванаўна.

Каб пацікавіцца магчымасцю грэйдавання дарогі ў вёсцы Верхлес, звярнуўся ў сельскі Савет і стараста Леанід Мікалаевіч Шчарбак.

— Гэта мой найлепшы памочнік, — прадставіла яго Валянціна Іванаўна. — Вельмі адказны і неабыякавы чалавек. Кавалер двух ордэнаў Славы, шмат гадоў адпрацаваў у Нацыянальным аэрапорце, узнагароджаны медалём за асваенне цаліны. Добра, што заглянуў да мяне, бо хацела сама з ім звязацца. У Верхлесе вялікія могілкі. Там ужо быў праведзены суботнік, але трэба арганізаваць яшчэ адзін, каб канчаткова ўсё вычысціць і пафарбаваць агароджу.

— Фарбу я пастараюся знайсці, ад вас патрабуецца толькі павесіць аб'яву. Я ўжо падрыхтавала яе, — папрасіла Валянціна Іванаўна.

— А яшчэ крыжы выкідваюць на сметнік, пасля таго, як паставяць помнік, — працягвае Валянціна Іванаўна. — Не паспяваю вывозіць. Хачу папрасіць айца Валяр'яна, каб пропаведзь прачытаў прыхаджанам, што нельга так рабіць. Ды і наогул, каб навучыў, як сябе паводзіць на могілках...

Калі па-людску

Не паспелі зачыніцца дзверы за Леанідам Мікалаевічам, як увайшла сямейная пара.

— Хацелі б аформіць участак у пажыццёвае карыстанне, — пачала жонка.

— На жаль, не змагу вам дапамагчы, наша землеўпарадчыца захварэла. Але вы можаце звярнуцца ў раённую службу, запішыце, калі ласка, нумар тэлефона, — параіла старшыня.

Праз колькі часу ў кабінет заглянула і старшыня Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Браніславаўна Тарасік:

— Прыехала паглядзець, як ідзе прыём. У Смілавічах заўсёды падчас прыёму шмат грамадзян, — канстатуе яна. — Зразумела, пасёлак вялікі. Ды старшыня спраўляецца, і памочнікі ў яе вельмі прафесіянальныя. Прыёмы вядуць і намеснік, і кіраўнік справамі, і землеўпарадчык. Усе яны, як «шматстаночніцы», могуць замяніць адна адну пры неабходнасці. Здараецца, што чалавек звяртаецца не па адрасе, але яго не адправяць назад: гэта ж свае людзі, вяскоўцы.

— А з якімі пытаннямі звяртаюцца жыхары ў раённы Савет дэпутатаў?—пацікавілася ў Валянціны Браніславаўны.

— З самымі рознымі. Але найбольш наведвальнікаў вясной, калі пачынаюцца агароды, пасадка бульбы, і людзям патрэбна дапамога. Восенню, калі настае час збору ўраджаю, таксама шмат людзей. Некаторыя праблемы вырашаем адразу на месцы — тэлефануем на прадпрыемствы, у арганізацыі, каб аказалі садзейнічанне. А калі пытанне складанае, патрабуе часу, то тлумачым, што трэба пачакаць...

— Наогул, з жыхарамі неабходна сустракацца, выслухоўваць іх, тлумачыць, інфармаваць. Калі з імі па-людску, дык і яны ўсё зразумеюць, — згодна са сваёй калегай Валянціна Півавар.

Усяго ў той дзень яна прыняла больш як 20 чалавек.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.