Вы тут

Жыць па сродках. І выжыць


Пры сельвыканкаме паспяхова працуе невялікае камунальнае прадпрыемства. Адзінае на ўсю вобласць

Сёння ў камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Псышчаўскае» заявак на ворыва агародаў няшмат — добры гаспадар пераворвае зямлю восенню. Цяпер жа замаўляюць культывацыю, нарэзку радкоў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

— Патэлефануе бабулька, каб ёй апрацавалі тры соткі, — едзем апрацоўваем тры соткі, расказвае дырэктар КУПа Галіна МЕЛЬНІК. Для зручнасці людзей зрабілі максімальна просты разлік. Вяскоўцу не трэба самому прыходзіць, каб унесці грошы ў касу. Трактарыст, калі выязджае на прысядзібны ўчастак, бярэ з сабой тыпавы дагавор, чалавек падпісвае паперу, аддае грошы. Расцэнкі за апрацоўку соткі людзі ведаюць, грошы рыхтуюць загадзя. Не будзеш жа ганяць пажылую бабку, якая з кійком ледзьве ходзіць, у суседнюю вёску па разлік, — кажа Галіна Мікалаеўна.

Самыя стойкія

Дровы, піламатэрыялы таксама па заяўках людзям дастаўляюць на падворак, выконваюць і шэраг іншых дробных паслуг. Прадпрыемства і стваралі пры сельвыканкаме восем гадоў таму найперш для аказання паслуг насельніцтву. Калі пачалася актыўная рэарганізацыя калгасаў у бок іх узбуйнення, цэнтры гаспадарак аказаліся ад некаторых населеных пунктаў за дзясяткі кіламетраў. І яшчэ: коней у калектыўных гаспадарках амаль не засталося — яны набываюць буйную тэхніку. Не пойдзе такая машына бабульцы агарод араць, бо, па-першае, не развернецца там, па-другое, дорага абыдзецца пенсіянеру такая паслуга. Вось тады і быў падпісаны Указ №21, дзе ў прыватнасці гаварылася аб стварэнні КУПаў. І падобныя невялікія прадпрыемствы сталі масава з'яўляцца па ўсёй краіне.

Але, аказалася, што ім вельмі складана выжыць у новых рыначных умовах. Стала ясна, што на адных паслугах насельніцтву эканоміку нават маленькай гаспадарча-разліковай структуры не пабудуеш. Паступова КУПы пачалі адміраць адзін за другім. Неўзабаве і тэрмін дзеянне ўказа скончыўся.

Засталіся самыя стойкія, тыя, хто змог развіць матэрыяльна-тэхнічную базу, знайшоў аб'ём работ, здолеў захаваць працоўны калектыў. У Брэсцкай вобласці такое прадпрыемства адно — КУП «Псышчаўскае» ў Іванаўскім раёне.

Пачыналі, згадвае яго дырэктар, з беспрацэнтнай пазыкі, якую выдзеліў райвыканкам пад стварэнне новых працоўных месцаў. На той час 150 мільёнаў былі вялікай сумай, і аддаць іх менавіта ў пэўныя тэрміны каштавала вялікіх намаганняў. Але справіліся, і гэта стала першай загартоўкай, а таксама ўрокам. З таго часу ніякіх крэдытаў прадпрыемства не брала і жыве дакладна па сродках. А з першай пазыкі ўдалося набыць два трактары: «МТЗ-32» і патрыманы «МТЗ-80» з прычэпам, глебаапрацоўчыя агрэгаты і аўтагідрапад'ёмнік, грузавы і легкавы аўтамабілі. За гэтыя гады тэхнічны парк КУПа папоўніўся, купілі яшчэ легкавую машыну і цэлы шэраг дапаможных агрэгатаў для розных відаў работ.

І спецыфічныя заказы

У першыя ж гады работы стала відавочна, што трэба пашыраць пералік паслуг. Першым, што зрабіў КУП, стала піларама. Яе абсталявалі ў вёсцы Упірава, дзе цяпер знаходзіцца ўся база «Псышчаўскага». База размешчана на падворку і ў будынках былой школы. Школу даўно закрылі, бо было мала вучняў. Будынак перадалі на баланс сельвыканкама. І ўжо сельвыканкам перадаў яго ў арэнду камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству. Арэндная плата, якая рэгулярна паступае на рахунак мясцовага органа ўлады, ідзе на добраўпарадкаванне тэрыторый. Так што гэта вельмі выгадна. (Напрыклад, адна з суседніх школ, якая была ўзведзена па аналагічным праекце, зарастае бур'яном і развальваецца.)

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У падсобных памяшканнях Упіраўскай школы КУП зрабіў майстэрню для рамонту і наладкі абсталявання, склад інструментаў. Ёсць пакой адпачынку для рабочых з цёплай печкай, канапай і столікам для абеду. На былым школьным двары чысціня і парадак. Да агароджы прывязаны на выгляд грозны, а насамрэч памяркоўны і міралюбівы сабачка-вартаўнік, якога падабралі на вуліцы і выгадавалі.

У вёску Упірава, дзе не засталося ўжо ніводнага сацыяльнага аб'екта, з пераездам КУПа нібы вярнулася жыццё. Пажылыя людзі заходзяць на школьны падворак не толькі каб заказаць паслугу ці купіць нейкі матэрыял, а проста пагаварыць, паглядзець, як ідзе работа. Калі ж каму трэба дровы ці штыкеціну, каб паправіць агароджу, тут заўсёды можна набыць. Да таго ж піларама выконвае такія спецыфічныя заказы, за якія вялікае прадпрыемства або наогул не возьмецца, альбо запатрабуе непрымальную для вяскоўца суму. Напрыклад, на пілараме зробяць драўляную прыбіральню альбо простую альтанку і ўсё гэта ў сціслыя тэрміны.

Калі мы са старшынёй Опальскага сельскага Савета зазірнулі на базу, тут ішла распілоўка бярвенняў на дровы. Дрэвы, якія рабочыя «Псышчаўскага» высякаюць на могілках ды ў населеных пунктах, трапляюцца з дыяметрам ствала да двух метраў. Такія бярвенні, часта пустыя і трухлявыя ўнутры, нідзе не рэалізуеш, вось і даводзіцца іх ператвараць у дровы.

Канстанцін Міхалевіч, начальнік участка «Псышчаўскага», расказаў, што даволі часта выходзяць са строю пілы. Ужо колькі інструмента папсавала... мінулая вайна. Канстанцін Іосіфавіч прынёс з падсобкі цэлую кучку асколкаў, якія назбіралі рабочыя, калі пілавалі дрэвы на могілках у Лядавічах. Аказваецца, дрэвы гэтыя старэйшыя за Перамогу. Яны пацярпелі ў баях, але дастаялі да нашых дзён. Трапіць піла «зубам» на такі агрызак металу — і мусіш мяняць частку інструмента.

Дазвол на знос

А займацца зносам дрэў стала магчыма таму, што КУП мае аўтагідрапад'ёмнік. За кошт гэтай адзінкі тэхнікі забяспечваецца значны аб'ём работ. Каб атрымаць дазвол на знос дрэў, работнікі прайшлі перападрыхтоўку і атрымалі патрэбныя сертыфікаты. Цяпер кожны год на вясковых вуліцах, на сельскіх могілках яны прыбіраюць сотні дрэў. Гэту работу выконвалі не толькі ў сваім, але і ў Бярозаўскім, Драгічынскім раёнах.

[caption id="attachment_78571" align="alignnone" width="600"]Могілкі пасля добраўпарадкавання. Могілкі пасля добраўпарадкавання.[/caption]

Цяпер прыводзяцца ў парадак могілкі на тэрыторыі вялікага Опальскага сельсавета, у склад якога нядаўна ўвайшоў яшчэ адзін — Псышчаўскі. На могілкі вёскі Святаполка сёння можна заходзіць без асцярогі. Тут усё чыста і прыбрана. Але па колькасці і велічыні пнёў лёгка здагадацца, што нядаўна гэтыя старыя могілкі ўяўлялі сабой ледзь не лес з аварыйных дрэў. Паступова вызваляецца ад старых дрэў і месца спачыну ў вёсцы Лядавічы.

І такая вялікая работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі стала магчымай дзякуючы існаванню КУПа. Напрыклад, па выніках мінулага года ў бюджэт сельсавета было пералічана 40 мільёнаў рублёў у адпаведнасці са статутам (КУП пералічвае свайму заснавальніку 22% ад прыбытку). Бо на грошы, што выдзяляюцца з раённага бюджэту, столькі па добраўпарадкаванні не зробіш.

Фінансы і разлікі

— Леташні год быў для нас вельмі няпростым, — расказвае дырэктар КУПа Галіна Мельнік. — Надзвычай цяжка было зводзіць канцы з канцамі ў фінансавым плане. Было б прасцей, каб нашы вытворчыя партнёры своечасова разлічваліся. А так Драгічынскае ДРСУ за знесеныя летам аварыйныя дрэвы не пералічыла да гэтай пары 39 мільёнаў рублёў.
Не аддае заробленыя намі летась 22 мільёны і мінская фірма «СаюзІнвестБуд». Апошняя наогул, паводле нашых звестак, абанкруцілася і ліквідуецца. Названыя сумы для нас — вялікія грошы. І яны ўжо значна абясцэніліся. Нядаўна ў нас працавалі правяраючыя. Яны сказалі, што ўпершыню бачаць такое прадпрыемства, якому многія павінны, а яно не мае даўгоў ні перад кім. Нам жа ніхто не дасць у доўг паліва альбо інструмент. А вось спагнаць сваё з недысцыплінаваных партнёраў бывае надзвычай складана.

Але ж неяк «выкруціліся» летась. Спадзяюцца, што ўсё будзе добра і сёлета. З пачатку года заўсёды складана з работай, няма заказаў. З наступленнем цяпла многія арганізацыі пачынаюць заказваць валку дрэў, рамонт дахаў на гаспадарчых пабудовах, іншую работу, за якую КУП ахвотна бярэцца.

Яшчэ прадпрыемства займаецца зборам малака ад насельніцтва. Праўда, аб'ёмы работы на гэтым накірунку за апошнія гады значна скараціліся. Раней працавала пяць малаказборшыкаў, цяпер засталося два, бо на прыватных падворках утрымліваецца ўсяго 98 кароў. Але летам аб'ёмы нарыхтоўкі таксама вырастуць.

Стварыў у свой час названы КУП Сяргей МЕЛЬНІК, старшыня Опальскага сельскага Савета — калі яшчэ ўзначальваў Псышчаўскі сельскі Савет. Апошні трапіў пад скасаванне падчас аптымізацыі тэрыторый. Цяпер правы заснавальніка перайшлі да новага выканкама.

[caption id="attachment_78572" align="alignnone" width="600"]Тое, што застаецца пасля спілаваных дрэў. Тое, што застаецца пасля спілаваных дрэў.[/caption]

— Давялося толькі ўнесці змены ў статут і перапісаць шэраг дакументаў. А так для КУПа ўсё засталося па-ранейшаму, — гаворыць Сяргей Рыгоравіч. — Прадпрыемства для мясцовай улады выгаднае: рэгулярна плаціць арэндную плату і пералічвае частку прыбытку.

Яшчэ кіраўнік мясцовай улады звярнуў маю ўвагу на Указ №135, які быў падпісаны зусім нядаўна — 23 сакавіка. У 4-м яго пункце гаворыцца аб неабходнасці паляпшэння работы па арганізацыі платных паслуг насельніцтву па правядзенні сельгасработ, дастаўцы дроў, іншага паліва.

— Значыць, — працягвае суразмоўца, — ёсць такая праблема ў краіне. А мы яе ўжо даўно вырашаем з дапамогай свайго маленькага прадпрыемства з калектывам у 16 чалавек.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.