Вы тут

«Люблю ў рабоце сістэмнасць»


Старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Ісачанка — пра грамадскае самакіраванне, дэпутацкую асацыяцыю і неабыякавасць да справы

Пра Анатоля Ісачанку, які знаходзіцца на сваёй пасадзе амаль год, неаднойчы даводзілася чуць станоўчыя водгукі. Ён не з тых, хто кіруе працэсам з рабочага кабінета. З ім хутчэй можна сустрэцца недзе ў раёне, чым у Магілёве. Наконт інтэрв'ю мы дамовіліся загадзя, але вызваліцца ад спраў у Анатоля Міхайлавіча ўсё роўна атрымалася толькі пад канец працоўнага дня. І хоць яго тэлефон час ад часу нагадваў пра сябе, можна было ў больш-менш спакойнай абстаноўцы паразважаць пра складанасці і нюансы дэпутацкай працы.

Безимени-2

— Ставіць адзнаку ўсяму дэпутацкаму корпусу некарэктна, але ж скажу, што мы пастараліся ахапіць менавіта тыя тэмы, якія былі актуальныя і балючыя для людзей. Напрыклад, мабільнае паштовае абслугоўванне насельніцтва. Гэта абсалютна правільны напрамак, трэба рухацца, аптымізоўваць выдаткі, але ні ў якім разе не пагаршаць умовы жыцця людзей. Чалавека неабходна падрыхтаваць, у яго павінен быць перыяд прывыкання, разумення. Напэўна, спачатку трэба было пакінуць усё як ёсць і пераходзіць на перасоўны від паслуг паступова. Паказаць, што ёсць і такі варыянт. Мы ж добра памятаем, як пачынала спажыўкааперацыя, калі адпраўляла свае машыны ў аддаленыя вёскі. Таксама спачатку былі праблемы. А цяпер людзі яшчэ і дзякуюць. Машыны сталі іншага ўзроўню і якасці, яны абсталяваны ўсім неабходным, вязуць прадукты пад заяўку. Акрамя гэтага, можна рэгуляваць і частату выездаў, і маршрут.

— Асабіста мне цікавымі здаліся тыя семінары, якія вы праводзіце ў раёнах. Акцэнт робіцца на тым, чаму можна ў гэтым раёне павучыцца. У Глуску, напрыклад, вельмі добра быў арганізаваны прыватнікамі збор малака ў насельніцтва...

— Дарэчы, пасля сустрэчы з імі многія раёны пайшлі па гэтым шляху — Чэрыкаў, Клімавічы... Я люблю ў рабоце сістэмнасць і разуменне працэсу. Разавыя акцыі — гэта непрафесійна. Трэба шукаць тую праблематыку, якая ёсць, і шляхі яе вырашэння. Або, наадварот, павучыцца там, дзе гэта ўжо вырашана.

Адным з пытанняў, якія разглядаліся на базе Глускага раёна, былі сацыяльныя стандарты. Мы наглядна пабачылі, што прыйшоў час нешта тут мяняць. Лічбы прыгожыя, перавыкананні — у 5 разоў, але рэальную карціну яны не адлюстроўваюць. Мы звярнулі ўвагу мясцовых улад на недахопы, а дэпутаты, якія прысутнічалі на семінары, разглядзелі такое ж пытанне ў сваіх раёнах.

Але фармалізм можа сапсаваць нават вельмі добрую справу. Мне не вельмі спадабалася, як мы правялі ў Магілёве сумесна з санслужбай семінар «Магілёўшчына — тэрыторыя здароўя». Не было той масавасці і запалу, што існуюць у раёнах. Калі мы праводзілі такое мерапрыемства на базе Клічаўскага раёна, гэта быў зусім іншы прыклад. Відаць, што людзі там рыхтаваліся, чакалі мерапрыемства.

Наконт спартакіяды доўга думалі, раіліся і дыскуціравалі, але калі правялі, атрымалася лепш, чым нават чакалі. Справа добрая. Па-першае, людзі падчас такіх мерапрыемстваў раскрываюцца, па-другое, на такіх неафіцыйных сустрэчах нараджаецца шмат новых ідэй, а па-трэцяе, папулярызуецца здаровы лад жыцця.

— Якія праблемы зараз найбольш актуальныя? Як вырашаюцца такія з іх, як знос старога жылля, добраўпарадкаванне могілак?

— Сур'ёзна працуем па Указу №100, наводзім парадак на зямлі. Землеўпарадкавальная служба правяла інвентарызацыю зямель амаль у 3000 населеных пунктах і выявіла, што не выкарыстоўваюцца тысячы гектараў. Але, каб увесці іх у севазварот, трэба дзесьці сады прыбраць, дзесьці гаспадарчыя пабудовы знесці. Спраў шмат, за год усё не зробіш. Па-першае, гэта вялікія выдаткі — трэба 7-10 мільёнаў рублёў, каб знесці 1 дом з гаспадарчымі пабудовамі. Мы заклалі патрэбныя грошы ў бюджэт, цяпер яны асвойваюцца. Дамовіліся з раёнамі: колькі сродкаў укладзяце ў гэтую справу, столькі ж атрымаеце з абласнога бюджэту.

З могілкамі таксама трэба разбірацца. У горадзе з гэтым парадак, а на вёсцы, на жаль, не зусім. Па вобласці толькі каля 300 могілак дакументальна аформленыя. А іх насамрэч у некалькі разоў больш... Участкі мы ўжо агарадзілі, але іх трэба яшчэ і зарэгістраваць. Гэта каштуе вялікіх грошай. Сёння афармленне толькі аднаго ўчастка абыдзецца прыкладна ў 8 мільёнаў рублёў. Каб «узаконіць» усе могілкі, спатрэбяцца мільярды! Супакойвае толькі тое, што мы цвяроза ацэньваем становішча, добра ведаем праблему, і працэс па яе вырашэнні пайшоў ужо.

Не менш балючае пытанне — калодзежы. Таксама не зусім зразумела, хто гэтым павінен займацца. У Дрыбінскім раёне, напрыклад, стварылі пры камунгасе брыгаду, склалі графік і працуюць. Але трэба, каб і жыхары прымалі нейкі ўдзел. Невялікую суму яны ж таксама могуць заплаціць. Некаторыя супраць, адмаўляюцца: маўляў, ніколі не плацілі і не збіраемся. Але ж паслугі тых, хто чысціць, таксама не бясплатныя.

— Звароты грамадзян сёння на асаблівым кантролі. Ці многія да вас звяртаюцца? Якога кшталту гэтыя скаргі, чаго не хапае насельніцтву?

— З рознымі праблемамі прыходзяць. Вось адна жанчына збіраецца стварыць прытулак для свойскіх жывёл. Ужо нават будынак прыгледзела. Папрасіла дапамагчы прасунуць гэтую ідэю. А нядаўна звярталіся людзі з садоўніцкага таварыства, каб іх... аб'явілі вёскай. Калі ты жывеш у таварыстве, балон газу, умоўна кажучы, каштуе каля 200 тысяч рублёў, а калі ў вёсцы — каля 80 тысяч... Але ёсць закон, які ніхто не адмяняў. Калісьці людзі ўступалі ў гэтае таварыства і, у адрозненне ад вясковых жыхароў, карысталіся пэўнымі льготамі і прэферэнцыямі. Правілы гульні змяніліся, і з'явіліся незадаволеныя. Гэта не вельмі правільна.

Мне больш падабаецца праводзіць прыёмы ў сельсавеце — там ёсць магчымасць пагутарыць з людзьмі, абмеркаваць іх праблемы. Вось ездзіў нядаўна ў Краснаполле і Касцюковічы. Сустракаўся з украінцамі, у якіх былі пытанні наконт працаўладкавання, дапамогі. Іх патрабаванні таксама не заўсёды бываюць абгрунтаваныя. Мы іх прынялі ў сябе ў краіне і забяспечваем усім магчымым у рамках нашага заканадаўства.

— Дэпутаты заўсёды скардзяцца: грошай няма, працуем на голым энтузіязме...

— Кожнаму сельсавету выдзяляецца пэўная сума грошай, яна невялікая, але ёсць — на ўтрыманне апарата і нейкія справы. Грошы накіроўваюцца на добраўпарадкаванне і вулічнае асвятленне. Менш электраэнергіі спалілі — можна іншую праблему прафінансаваць. Плюс выдзяляюцца сродкі па «сотым» указе, па лініях розных службаў — на рамонт, абслугоўванне і работы па доглядзе. Дзесьці можна і самаабкладанне прымяніць. На мой погляд, фінансаў дастаткова, трэба ўмець разумна імі распараджацца.

— У вобласці прынята рашэнне стварыць асацыяцыю дэпутатаў. Што гэта за структура, навошта патрэбна?

— У асацыяцыю будуць уваходзіць Саветы дэпутатаў усіх узроўняў. Яна будзе мець свой разліковы рахунак, на які можна пералічваць дабрачынныя грошы на розныя справы. Пад эгідай гэтай арганізацыі будуць праводзіцца вучобы, выезды, семінары. Сёння кожны старшыня райсавета цягне «кашулю» на сябе, і гэта нармальна. А тут яны павінны будуць рабіць нешта значнае для ўсёй вобласці. Вось, напрыклад, старшыня аблвыканкама прапанаваў падумаць над ідэяй па стварэнні помніка кіраўніку Магілёўскай губерні ў ХІХ стагоддзі Аляксандру Дэмбавецкаму. Гэты чалавек у свой час зрабіў усё магчымае, каб наша губерня з самай адсталай у Расійскай імперыі стала адной з лепшых.

— Не першы год ідзе гаворка пра тое, ці патрэбны органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання...

— На Магілёўшчыне працуе звыш 11 тысяч стараст і крыху больш за 900 калегіяльных органаў грамадскага самакіравання. Лічу, што гэта выдатная форма самакіравання, адзінае, што ёй трэба надаць новы імпульс, «раскруціць». Гэтыя людзі могуць рэальна ўдзельнічаць ва ўсіх пытаннях і працэсах.

— А вось у горадзе кожны жыве сам па сабе, магчыма, нават старшыя па дому не ўсюды ёсць.

— Значыць, трэба, каб былі. Калі я працаваў старшынёй Кіраўскага райвыканкама, мы прынялі рашэнне запрасіць на размову прадстаўнікоў з кожнага дома. Людзей сабралася цэлая зала. Дзве гадзіны слова сказаць не давалі... Калі ўжо «пару» выпусцілі, я ім расказаў пра раённы бюджэт, пра тое, якая сума прадугледжана на добраўпарадкаванне горада. Прапанаваў: куды скажаце, туды і накіруем. Усе ўзрадаваліся, пачалі запісваць, што трэба зрабіць. Адзін папрасіў дах падрамантаваць, другі — дваравую тэрыторыю, трэці яшчэ нешта заказаў, а калі чацвёрты падняўся — грошы ўжо... скончыліся. Людзі між сабой яшчэ паўгадзіны спрачаліся, каб тыя сродкі размеркаваць. Калі супакоіліся, падзяліўся з імі сваімі прапановамі. У Кіраўску на той час цяклі дахі і ішла размова пра замену іх на схільныя — праўда грошай хапіла б толькі на тры новыя дахі. Затое можна было б адрамантаваць усе тыя, якія ўжо меліся. Жыхары запярэчылі: маўляў, рамонт робіцца толькі дзеля «галачкі». І тады я прапанаваў выбраць старшых па доме, каб сачылі за якасцю. І мы за год 11 дахаў адрамантавалі. А галоўнае, ніводнай скаргі на якасць не атрымалі. А на наступны год узяліся за дваравыя тэрыторыі... Магілёў, вядома, не Кіраўск. Усіх у адной зале не збярэш. Але чаму б не зрабіць гэта па мікразонах? І людзі самі сабе адказных выберуць.

Калі б насельніцтва не заставалася збоку, мы б жылі значна лепш. Памятаю, у Кіраўскім раёне, калі аб'язджаў з кіраўніком адной з гаспадарак яго тэрыторыю, убачыў жанчыну, якая шчыравала каля дома на каленях. Як высветлілася, у яе былі хворыя ногі, але яна не магла глядзець на тое смецце, якое валялася пад вокнамі. Мяне гэта вельмі ўразіла. З таго часу, калі чую, што жыхары не могуць самастойна навесці парадак у пад'ездзе ці двары, перад вачамі ўзнікае тая жанчына. Павінны быць сумленне і адказнасць. Калі не перад сабой, дык перад сваімі дзецьмі. Мы ж не для іншых стараемся, а для сябе і для тых, каго выхоўваем.

Нэлі ЗІГУЛЯ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.