Вы тут

Фрылансер — дармаед


Калі ён дзейнічае без адпаведнага афармлення

У грамадскасці працягваецца абмеркаванне палажэнняў Дэкрэта кіраўніка дзяржавы № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». На актуальныя пытанні гэтай тэмы адказаў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.Папярэдняя аплата збору вітаецца трыманцы

8-49

Гэтым дакументам сёння пачалі актыўна цікавіцца так званыя «свабодныя мастакі», якія зарабляюць грошы непасрэдна ў хатніх умовах. Наконт іх спецыяліст спыніўся асобна. Так, згодна з дэкрэтам №3 грамадзянін прызнаецца асобай, якая ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў у перыяд работы па працоўным дагаворы (кантракце) альбо на ўмовах удзелу ў вытворчым кааператыве або сялянскай (фермерскай) гаспадарцы. Сюды ўваходзіць і дзейнасць па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з'яўляецца выкананне работ, аказанне паслуг і стварэнне аб'ектаў інтэлек-туальнай уласнасці, на суму, не менш за 70 базавых велічынь. У тым выпадку, калі чалавек працуе без афіцыйнага афармлення працы і без аплаты падаткаў, то ён будзе з'яўляцца плацельшчыкам збору.

Разам з тым, падобны збор увогуле адменяць, калі фрылансер ужо заплаціў за адпаведны падатковы перыяд падаткі ў памеры не менш за 20 базавых велічынь. Пры аплаце падаткаў у меншым аб'ёме, яго памер адмінусуюць ад сумы збору.

Расходы пракантралююць абавязкова

У адносінах да плацельшчыкаў збору падатковым органам дадзена права ажыццяўляць кантроль у сферы дэкларавання даходаў і маёмасці і кантроль за адпаведнасцю расходаў грамадзяніна яго даходам. Ці ўсе плацельшчыкі збору цяпер трапяць пад асобы кантроль падатковых інспекцый? «Гэта сапраўды так, — паведамляе Міхаіл Расолька. — У першую чаргу будуць правераны грамадзяне, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, але пры гэтым здзяйснялі дарагія пакупкі».

Не вінаваты — дакажы дакументальна

Цікава, а ці існуе механізм для таго, каб грамадзянін мог даказаць у выпадку неабходнасці, што ён не абавязаны плаціць збор? Спецыяліст падатковай галіны адзначае, што такі механізм прадугледжаны пунктам 11 дэкрэта. Грамадзянін мае права на працягу 30 каляндарных дзён з дня атрымання паведамлення прадставіць у падатковы орган дакументы, тлумачэнні, якія сведчаць аб адсутнасці ў яго абавязкаў па аплаце збору за адпаведны падатковы перыяд альбо аб няправільным вылічэнні сумы збору. Гэтыя дакументы і тлумачэнні разглядаюцца падатковым органам на працягу месяца. Меры па спагнанні збору ў гэты час прымацца не будуць. У названы тэрмін падатковы орган прыме рашэнне аб пацвярджэнні раней выдадзенага паведамлення, унясенні ў яго змяненняў альбо ануляванні. У выпадку пропуску па ўважлівай прычыне тэрміну прадастаўлення дакументаў, тлумачэнняў ён па заяве грамадзяніна можа быць адноўлены.

Маленькі заробак зборам не караецца

Сёння людзі трымаюцца нават за некваліфікаваную працу з невялікім заробкам. А ці трэба будзе аплачваць збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў работніку, які афіцыйна працаўладкаваны, аднак атрымлівае невысокую заработную плату і, адпаведна, сума падаходнага падатку не перавышае 3,6 млн рублёў у год?

«Згодна з пунктам 5 дэкрэта грамадзянін прызнаецца асобай, якая ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў у перыяд работы па працоўным дагаворы (кантракце). Такім чынам, пры ажыццяўленні працоўнай дзейнасці больш за 183 каляндарныя дні ў год ён не будзе з'яўляцца плацельшчыкам збору, незалежна ад сумы падатку, выплачанага ім на працягу года», — удакладняе сітуацыю Міхаіл Расолька.

«Канверты» знікнуць?

Спадар Расолька ўпэўнены, што дэкрэт № 3 быў падрыхтаваны ў тым ліку з мэтай забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам аплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. На жаль, факты ўтойвання грамадзянамі даходаў ад падаткаабкладання і атрымання ценявых даходаў усё яшчэ маюць месца. Прыняцце дэкрэта будзе спрыяць выкараненню такіх негатыўных фактаў, як выплата зарплаты ў канвертах ці атрыманне даходаў ад незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Сяргей КУРКАЧ

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.