Вы тут

Па прынцыпе справядлівасці


Дэкрэт №3 многіх прымусіць задумацца аб сваім месцы ў грамадстве

Падпісанне дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» застаецца адной з самых папулярных навін апошніх дзён. Фактычна ён датычыцца кожнага грамадзяніна — і тых, хто ў фінансаванні дзяржаўных расходаў не ўдзельнічае (п'ючы, гуляючы і нідзе не працуючы або проста кладучы ўсё заробленае ва ўласную кішэню), і тых, хто сумленна працуе і ў каго першыя фактычна на шыі сядзяць.

Гэтых першых, як агучыў на нарадзе па падрыхтоўцы дакумента па ўтрыманцах-дармаедах Прэзідэнт краіны, ні многа ні мала — каля 400 тысяч чалавек. І ўсе яны карыстаюцца бясплатнай медыцынай і адукацыяй, аплачваюць камунальныя расходы з улікам дзяржаўнай субсідыі. «Дзе ж справядлівасць?» — напэўна, кожны, хто сумленна працуе і плаціць падаткі, хоць раз задаваўся такім пытаннем.

Уласна, дэкрэт №3 і ёсць усталяванне гэтай самай справядлівасці. Якая, дарэчы, прадыктаваная не толькі меркаваннямі маралі, але і галоўным Законам краіны.

Пра гэта нядаўна, каментуючы згаданы дэкрэт, вельмі выразна і зразумела сказала міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Яна нагадала, што артыкулам 56 Канстытуцыі Беларусі ўстаноўлена, што кожны грамадзянін абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Пры гэтым міністр звярнула ўвагу, што гарантуецца права на працу, аднак ніхто нікога не прымушае працаваць: «Прымусовай працы ў краіне няма, прапісаная асобна норма, што калі чалавек жыве з нейкага пэўнага даходу, то ён павінен выплачваць плацяжы. Калі велічыня гэтых плацяжоў не менш за 20 базавых велічынь, лічыцца, што ён таксама фінансуе дзяржаўныя выдаткі».

Яшчэ адзін важны момант, які пойдзе толькі на карысць тым, хто працуе неафіцыйна, — дэкрэт фактычна ліквідуе зарплату ў канвертах. Нярэдка нашым людзям не хапае смеласці патрабаваць у несумленнага працадаўцы плаціць «па ведамасці». Аб перспектыве атрымаць праз гады зусім невялікую пенсію або зусім яе не атрымаць маладыя работнікі нярэдка не задумваюцца, не кажучы ўжо пра тое, што падаткі трэба плаціць. Цяпер жа падаткавікам стане працаваць прасцей. «Раней злавіць за руку тых, хто выплачвае зарплату ў канвертах або вядзе несумленны бізнес, было цяжка. Гэта было абумоўлена ўзаемнай цікавасцю наймальніка і работніка, пакуль не ўзнікала канфлікту. Пры супастаўленні іх даходаў і выдаткаў розніцу парушальнікі прыкрывалі замежнымі пазыкамі. Зараз самі работнікі сталі больш зацікаўлены ў афіцыйным працаўладкаванні», — гаворыць Таццяна Мясаедава, начальнік інспекцыі па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.

Дэкрэт прымусіць задумацца аб пошуку працы і сапраўдных гультаёў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Належныя тры з лішнім мільёны з нечага трэба плаціць, таму дармаеды — у самым натуральным сэнсе гэтага слова, вымушаны будуць перагледзець свае адносіны да жыцця. Канешне, не адразу і не ўсе, хопіць работы і мясцовым уладам, і міліцыі. Але галоўнае — ёсць канкрэтны механізм, які дазваляе на названую катэгорыю ўплываць і прымаць супраць іх меры. Але тут павінен быць не толькі метад «бізуна». Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў лічыць, што важна загадзя нагадваць людзям пра новаўвядзенне, арганізаваць інфармаванне патэнцыйных утрыманцаў, задзейнічаць СМІ, праваахоўныя органы і ўсе службы, чыя дапамога неабходная. Адначасова губернатар даручыў прааналізаваць перспектывы з'яўлення новых працоўных месцаў у рэгіёне, якія паўстануць у выніку завяршэння рэалізацыі праектаў, мадэрнізацыі прадпрыемстваў у бліжэйшы час. Бо, калі людзі захочуць афіцыйна працаўладкавацца, гэту магчымасць ім трэба прадаставіць.

А ў сталіцы, дзе вакансій хапае, канкурэнцыя за рабочае месца будзе ўзрастаць, і гэта добра. «У Мінску налічваецца больш за 9 тысяч вакансій, з іх каля 60% — для прадстаўнікоў рабочых прафесій. Год таму колькасць свабодных працоўных месцаў была ўдвая большая. Пры гэтым значна павялічылася колькасць зваротаў па садзейнічанне ў працаўладкаванні, узрасла рэгістрацыя беспрацоўных», — цытуе БЕЛТА Таццяну Кудзевіч, начальніка ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Пры гэтым спецыяліст падкрэслівае, што магчымасць працаўладкавацца ў сталіцы ёсць, галоўнае, каб у чалавека было жаданне. Больш за тое, беспрацоўным аказваюць садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, прапануюць прайсці навучанне па запатрабаванай на рынку працы спецыяльнасці.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Ларыса Багдановіч лічыць, што дэкрэт дапаможа дысцыплінаваць людзей, стварыць праслойку насельніцтва, якая будзе трымацца за сваё працоўнае месца. «Дэкрэт будзе складана рэалізоўвацца. Але калі нават з гэтых 400 тысяч афіцыйна непрацуючых хаця б палову прывядзе да нейкага парадку, — гэта ўжо будзе вынік, мне здаецца. І справа нават не ў 20 базавых велічынях. Вельмі б хацелася, каб у рэшце рэшт у свядомасці нашага чалавека з'явілася абавязацельства перад краінай, дзяржавай, сваёй сям'ёй: захаваць працоўнае месца, працаваць на ім і зарабляць у тым ліку на тую ж пенсію і дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.