Вы тут

Чаму ў цягніку Мінск—Адлер няма багажнага вагона?


І на такія пытанні даводзіцца адказваць падчас прамых тэлефонных ліній

У кагосьці праблемы, камусьці не хапае інфармацыі, а хтосьці проста хоча звярнуць на нешта ўвагу. Для жыхароў Магілёўскай вобласці суботнія прамыя тэлефонныя лініі сталі вельмі добрай нагодай падзяліцца з уладамі ўсім, што іх турбуе. Прычым гэта не заўсёды нейкія невырашальныя пытанні ці, як кажуць, набалела. Хапае розных прапаноў, у тым ліку вельмі карысных.

— Патэлефанаваў пажылы мужчына, які распавёў пра арганізацыю паслуг у раёне, — расказала намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Анжэла Новікава. — Ён успомніў, як гэта было ў гады яго маладосці, чаго зараз не хапае, што не перашкодзіла б зрабіць. Мы прапрацавалі яго пытанне, абмеркавалі з нашым гандлем, прадпрымальнікамі. Часам насельніцтву проста не стае інфармацыі. Нават па тых жа цэнах. Скажам, у нас булачка каштуе танней, чым у тым жа Магілёве, але не ўсе людзі гэта ведаюць, ім няма з чым параўнаць. Зараз, напрыклад, у раённым універсаме інфармацыя пра зніжкі размяшчаецца на спецыяльным маніторы. Іншыя магазіны таксама сталі выстаўляць на больш бачнае месца паведамленні пра акцыі.

На думку Анжэлы Новікавай, карысць ад такой формы працы з насельніцтвам відавочная. Здараецца, дзесьці вока замыльваецца ці праблема яшчэ толькі наспявае. А яшчэ гэта добрая магчымасць зверыцца з тым, што робіш.

У сярэднім на суботнія прамыя лініі тэлефануюць па 5-10 чалавек. Часцей за ўсё мясцовае насельніцтва турбуюць камунальна-бытавыя пытанні, стан дарог. Апошняе асабліва датычыцца райцэнтра. Падчас вясенняй бездаражы прыходзіцца часцей рабіць грэйдзіраванне і падсыпкі.

На другім месцы пытанні па працаўладкаванні. Бывае, што людзі скардзяцца на недахоп элементарнай павагі. Неяк патэлефанавала жанчына, якая абуралася, што ў той арганізацыі, дзе яна даўно працуе, з ёй абышліся несправядліва, нават нахамілі. Такія пытанні, дарэчы, таксама вельмі важныя, на думку Анжэлы Новікавай. Начальніку, пад кіраўніцтвам якога працуюць людзі, трэба трымаць сябе ў руках у любой сітуацыі.

Складаным пытаннем застаецца знос аварыйных дрэў. І асабліва ў цяжкадаступных месцах. З Асіповіч патэлефанавала жанчына, якая ўбачыла, што ў Чэрыкаве на могілках помнікам пагражае старая бяроза. Дрэва вялікіх памераў нахілілася над імі і можа ў любы час абрынуцца. Мясцовае кіраўніцтва ўзяло праблему на кантроль і зараз вырашае, як пазбавіцца ад гэтай небяспекі. Складанасць у тым, што не зачапіць найбліжэйшыя да дрэва помнікі амаль немагчыма. Зараз шукаюць родных пахаваных, каб разам прыняць найбольш аптымальнае рашэнне. Аналагічныя пытанні час ад часу ўзнікаюць і па сельскіх могілках.

Па словах Анжэлы Новікавай, ніводнае пытанне не застаецца без увагі. Экстранныя праблемы, дзе трэба ўмяшанне выратавальнікаў, энергетыкаў і іншых аператыўных службаў, вырашаюцца адразу ж. А тыя, якія патрабуюць дэталёвага разгляду, — пасля вывучэння.

А здараюцца выпадкі, калі прамую лінію людзі выкарыстоўваюць як даведку. Напрыклад, у Бабруйску пацікавіліся, чаму ў цягніку Мінск—Адлер не прадугледжаны багажны вагон. «Мы прывыклі да таго, што людзі задаюць розныя пытанні, у тым ліку якія не маюць прамога дачынення да гарадскіх улад, — кажа начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Бабруйскага гарвыканкама Людміла Леноўская. — Даводзіцца тлумачыць, што гэта не ў нашай кампетэнцыі і падказваць, куды звярнуцца. А бывае і адмаўляем у рашэнні. Такіх выпадкаў за час існавання лініі было 14. Нехта патрабаваў для рассялення кватэру, нехта настойваў на правядзенні пазапланавага капрамонту. Але, як высветлілася, законных падстаў для гэтага не было.

Наогул, на «гарачую» лінію (як яшчэ называюць гэтую форму стасункаў на месцах) Бабруйскага гарвыканкама з 17 студзеня па 28 сакавіка паступіла 248 зваротаў. З іх, па словах Людмілы Леноўскай, 59 разгледжана станоўча, па 65 дадзены тлумачэнні падчас тэлефоннай сувязі, 33 узяты на дадатковы кантроль, астатнія вырашаюцца. У сярэднім тэлефануюць па 20-40 грамадзян. Асаблівую папулярнасць маюць лініі, на якіх працуюць старшыня гарвыканкама ці яго намеснікі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.