Вы тут

«Хочацца даказаць, што і мы можам быць крутымі!»


Ён эпатажны, з пачуццём гумару і ў той жа час самакрытычны. Калі параўноўваем Андрэя сённяшняга і таго, якім яго можна было ўбачыць некалькі гадоў таму, бачым кантраст. Пасталеў, але застаўся верным сваім прынцыпам: жыць так, як адчуваеш, не губляючы аптымізму і не здраджваючы сабе. Цяпер нашага героя можна ўбачыць на тэлеканале АНТ у праграме «Вячэрні Мінск», у «Акадэміі талентаў» і шоу «Ідэальнае спатканне», а таксама сустрэць як вядучага ў клубах альбо на іншых мерапрыемствах. Не судзіце яго па першых уражаннях, бо рызыкуеце памыліцца. Лепш чытайце «паміж радкоў» і, можа, адкрыеце сапраўднага Андрэя Бонда.

9-1

— Праект «Ідэальнае спатканне» на АНТ стартаваў некалькі тыдняў таму. Якія ўражанні ад здымак і ці задаволены тым, што атрымалася?

— Перш чым казаць пра праект, зраблю маленькую рэмарку. У школе і на першых курсах універсітэта я быў ціхім хлопцам. А потым мае ўнутраныя «чорцікі» выскачылі на свабоду і наладжваць кантакты стала прасцей. Я разумеў, што паняцце «харызма» адносіцца і да мяне, інакш як патлумачыць зацікаўленасць дзяўчат маёй асобай — я ж быў і паўнаватым, і выглядаў увогуле досыць дзіўна. Затое ўмеў прыгожа гаварыць. І мог заўсёды параіць нешта. Калі казаць пра праект «Ідэальнае спатканне», то тут важна разумець: мы не школа пікап-майстроў і нашы парады не дзеля мэты спакусіць дзяўчыну, а, хутчэй, каб мець магчымасць пераступіць праз сябе, свае страхі і комплексы і зрабіць першы крок ёй насустрач, не баючыся адмовы...

Калі толькі ішло абмеркаванне праекта на пачатковай стадыі, мяне найперш здзівіла тое, якая колькасць праблем існуе сёння ў мужчын і жанчын з прычыны няўмення кантактаваць. Я часта сустракаю паспяховых людзей, у якіх і аўто апошняй маркі, і кватэра, і свой бізнес, а яны замкнёныя, у іх не ўсё добра з камунікацыяй.

Стала цікава, які ж маштаб праблемы, ад чаго толькі ўзрос мой асабісты інтарэс да праекта. Тым больш, калі яго ўдзельнікі мне даверыліся і я мог з імі падзяліцца сваім жыццёвым досведам. Безумоўна, былі сумненні ў тым, што ў нас атрымаецца, бо часта на словах ідэя выглядае прыгожа, а на справе — пшык. Пачаліся здымкі, і, паглядзеўшы на падыход і сур'ёзнае стаўленне да праекта, зразумеў — мы можам рэальна дапамагчы людзям альбо зламаць іх. Убачыўшы вынік, прычым я кажу не толькі пра тэлеверсію, магу сказаць: ёсць прагрэс.

9-3

— Ты здзіўляўся на праекце?

— Здзіўлення было шмат, прычым як у станоўчым, так і адмоўным ключы. Часам даходзіла да абсурду, калі падчас простага задання пазнаёміцца з дзяўчынай удзельнікі пачыналі дзіўна сябе паводзіць. Альбо прыемна здзівіў малады чалавек, які пры першым знаёмстве здаваўся сціплым і сарамлівым, а насамрэч аказаўся адкрытым і кампанейскім, да яго цягнуліся людзі. Здзіўляўся таму, як у наш час людзі недаверліва ставяцца да бескарыслівага дабра. Так, мы здымаем шоу і нам заплацяць за працу, але, дапамагаючы з паходам у кавярню ці з паездкай на лімузіне, мы робім гэта шчыра. Уражанне ад рэакцыі некаторых удзельнікаў было наступнае: быццам дзіцяці, якое два гады білі, даюць цукерку, а яно не бярэ — баіцца. Прыемна было і такі недавер перамагчы ў людзях.

— Ці лёгка ты сам сыходзішся з людзьмі?

— Я магу без праблем гаварыць з людзьмі розных узростаў і падстроіцца пад любога. Аднак ці хачу я ісці на кантакт? Цікавых людзей не так і шмат насамрэч. Не цікава, напрыклад, з тымі ж дзяўчатамі, якія хочуць тусавацца, спаць, фатаграфавацца з Бондам. Было безліч сітуацый, калі сустракаешся з дзяўчынай, усё выдатна. Адкрываешся, разумеючы, што вось ён, твой чалавек. А праз нейкі час атрымліваеш аплявуху і расчароўваешся. Пасля такога ўжо менш ахвотна ўпускаеш людзей у сваё жыццё. Таксама і ў прафесіі. Нядаўна скончыліся здымкі «Акадэміі талентаў», дзе маёй задачай было быць «злым паліцэйскім» і правакаваць людзей на эмоцыі. Цяпер, упэўнены, большасць удзельнікаў думае, што я дрэнны. А ў мяне такая праца, і я павінен нечым ахвяраваць.

— Улічваючы твой вопыт працы ў начных клубах, як думаеш, ці ёсць у нас клубная культура?

— Ёсць, але яна своеасаблівая. Яна, як Тарзан, якога занесла ў найвышэйшы свет, яшчэ не ўпэўнена ў сабе. І толькі ў нас пачынае нешта наладжвацца — абавязкова ці крызіс, ці яшчэ нейкая перашкода. Рынак перанасычаны, і кожны імкнецца пераплюнуць іншых. Навошта? Лепш рабіце класна сваю справу. Мы пакуль толькі вучымся...

У мяне было безліч прапаноў з'ехаць з Беларусі і жыць у больш камфортных умовах. Пасля тых жа «Канікул у Мексіцы» мяне чакалі ў Маскве. Але жыву верай, што тут штосьці зменіцца. І вера гэтая становіцца жаданнем убачыць, як гэта адбудзецца. Хочацца сабе і беларусам даказаць, што і мы можам быць крутымі! Бо гэта ж як у сям'і: у вас могуць быць сваркі з жонкай, недахоп грошай, але нельга ісці на вуліцу і скардзіцца на жыццё...

Я з трох да сямі гадоў жыў і выхоўваўся ў вёсцы ў бабулі з дзядулем. Дзед быў чалавекам з залатымі рукамі і на ўласным прыкладзе выхаваў ува мне веру ў бескарыслівае дабро. Ён вучыў мяне дзвюм рэчам: успрыманню часу і цярплівасці. Толькі час расстаўляе ўсё па месцах. Можна з'ехаць, але варта ўзважыць усе «за» і «супраць», бо праблемы будуць усюды, дзе б ты ні жыў. У мяне дваякае стаўленне да грошай: з імі можна вырашаць многія пытанні, за што іх люблю, а адштурхоўвае мяне тое, што грошы перасталі быць выражэннем таварных адносін, а сталі выражаць чалавечыя адносіны. Усё раптам набыло сваю цану...

9-2

— А што для цябе ніколі не абясцэніцца?

— Чалавечнасць. Яна — аснова ўсяго. Нельга зрабіць добры ўчынак і чакаць узнагароды ў адказ. Энергія ў Сусвеце нікуды не знікае, усё з'яўляецца часткай цэлага. Усё вяртаецца, я веру ў лепшае...

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.