Вы тут

Спартсменка, акрабатка і проста... блогер!


...На полі ідзе напружаная гульня. Спартсмены ў яркіх футболках раз-пораз уступаюць у барацьбу за мяч. І вось адказны момант! Нападаючы імкліва нясецца да варотаў саперніка. Удар! Трыбуны замерлі ў чаканні... Гол!!!

Я прыйшла на стадыён, каб «пахварэць» за каманду, у якой іграе мая знаёмая Ліза Ліхтаровіч, вучаніца
9 класа сярэдняй школы № 9. Ужо больш за год яна займаецца ў жаночым футбольным клубе, куды яе прывяла сяброўка Насця. Дзяўчына да гэтага часу ўзгадвае сваю першую сур'ёзную гульню — таварыскі матч з камандай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, які скончыўся, як і належыць, нічыёй. Менавіта тады яна зразумела, што ў футболе важная камандная гульня.

— Пасля таго, як я пачала займацца футболам, хлапчукі з класа сталі паважаць мяне, і цяпер мне лягчэй знайсці з імі агульную мову, — з усмешкай адзначае Лізавета.

Яна з дзяцінства любіць глядзець разам з татам футбольныя матчы па тэлевізары. Хварэе за «Барселону», з цікавасцю сочыць за гульнёй сваіх куміраў. Марыць навучыцца рабіць «фінты», як Раналда, біць вуглавы, як Мэсі, і кіраваць мячом, як Неймар.

Акрамя футбола, Ліза пяць гадоў займаецца ў цыркавой студыі «Арэна».

— Тут нас вучаць і клаўнадзе, і жангліраванню, і эквілібрыстыцы, — захоплена распавядае юная артыстка. — Але мне больш даспадобы паветраная акрабатыка і практыкаванні з хулахупамі.

Кіраўнік цыркавой студыі Святлана Канстанцінаўна Горлава называе Лізу адной з найлепшых вучаніц, у якой за плячыма мноства выступленняў у дзіцячых садках, школах-інтэрнатах, на конкурсах і фестывалях. Дзяўчынка з задавальненнем дорыць радасць і цяпло гледачам, якіх пакарае сваім талентам, грацыяй і вытанчанасцю.

А яшчэ Лізавета — заўзяты відэаблогер. Яна здымае сюжэты пра паўсядзённае жыццё моладзі і выкладвае ў інтэрнэт. Зараз у яе каля 200 падпісчыкаў! Дзяўчына нават не чакала, што адзін з яе ролікаў збярэ больш за 17 тысяч праглядаў!

Нядаўна Лізе споўнілася 14 гадоў, і ёй урачыста ўручылі членскі білет Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

— Упэўнена, гэта ўнясе ў маё жыццё новыя фарбы і ўражанні! — усміхаецца дзяўчына.

Яна Казакевіч, вучаніца 8 класа СШ №11 г. Маладзечна.

Пра аўтара

Яна — пакуль самая маладая ўдзельніца нашага творчага конкурсу. Дзяўчыне 13 гадоў. Зусім нядаўна яна прыйшла займацца ў гурток «Школа журналістыкі», і дасланая ў рэдакцыю «проба пяра» — яе дэбют.

— Я люблю гуляць па вуліцах свайго горада. Мне падабаецца маляваць, плаваць і катацца на лыжах, — расказвае пра свае захапленні Яна. — А яшчэ летась я іграла ў школьным спектаклі... на французскай мове.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.