Вы тут

З пошты Чырвонкі


Пачуйце, каб мова гучала!

Вольга КЛІМЯНОК,
вучаніца 10 класа гімназіі №7 г. Маладзечна:

«Неяк у аўтобусе мужчына размаўляў па-беларуску. Астатнія пасажыры чамусьці глядзелі на яго, як на дзівака. Хтосьці проста праяўляў інтарэс, а нехта нават адкрыта ўсміхаўся. Мяне вельмі абурыла такая рэакцыя. Чаму чалавека, які размаўляе на роднай мове, лічаць нейкім іншапланецянінам?

Гэты выпадак падштурхнуў мяне і маіх сяброў дзейнічаць. Нам хацелася зрабіць што-небудзь, каб хоць неяк змяніць гэтае становішча. Вырашылі зладзіць свой «дзень беларускай мовы», не чакаючы Міжнароднага дня роднай мовы. Спачатку размаўляць па-беларуску было цікава і весела. Калі некаторыя словы мы не ведалі, даводзілася падбіраць сінонімы. Але часам выказаць сваю думку наогул не атрымлівалася. У канцы дня зрабілася неяк сумна. Стала зразумела, што рускай мовай мы валодаем лепш, чым роднай...

Але ўсё ў нашых руках, і кожны з нас можа пазнаваць родную мову, калі будзе наведваць тэатры, цікавіцца нацыянальнай культурай і літаратурай. Больш чытайце, размаўляйце па-беларуску, а яшчэ слухайце музыку айчынных гуртоў».

«Крылаты дазор» сустракае вясну

Максім ШКРЭДАЎ,
вучань 11 класа СШ №2 г. Чавусы:

«Сёння грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» налічвае 35 тысяч членаў па ўсёй краіне і мае 14 рэгіянальных аддзяленняў. Аднак у Магілёўскай вобласці такога цэнтра ў гэтай арганізацыі яшчэ няма. Ён з'явіцца ў тым раёне, дзе да мерапрыемстваў «Аховы птушак Бацькаўшчыны» праяўляецца найбольшая цікавасць. Члены клуба «Крылаты дазор», арганізаванага ў сярэдняй школе №2 Чавусаў, упэўнены, што вышэйзгаданы цэнтр з'явіцца менавіта ў нашым раёне.

Вучні, якія з'яўляюцца членамі школьнага лясніцтва «Лясныя Рабінзоны», уступілі ў клуб яшчэ ў студзені. Для таго, каб больш даведацца пра прыроду і прыцягнуць людзей да актыўнай яе аховы, клуб рэгулярна атрымлівае неабходныя матэрыялы ад рэспубліканскага цэнтра «Аховы птушак Бацькаўшчыны», а таксама ўдзельнічае ў акцыях арганізацыі і праводзіць мноства цікавых мерапрыемстваў.

Напярэдадні Міжнароднага дня птушак для вучняў 5-8 класаў быў арганізаваны паход «Птушкі роднага краю» ў рамках кампаніі «Жывая вясна». Падчас мерапрыемства дзеці вучыліся быць назіральнымі, успрымаць прыгажосць прыроды, пазнаваць віды птушак і жывёл, правільна паводзіць сябе ў лесе.

Паўдзельнічаць у праекце «Жывая вясна» могуць не толькі навучэнцы школ, але і ўсе неабыякавыя да прыроды. Трэба назіраць за пэўнымі птушкамі і рэгістраваць даныя ў базе праекта. У назіральнай кампаніі бяруць удзел 35 еўрапейскіх краін і ПАР. Па выніках праекта будзе складзена падрабязная карта прыходу вясны ў розных рэгіёнах. Завершыцца кампанія 21 чэрвеня. Спяшайцеся ўзяць удзел!»

Лісты чытаў Сяргей РАСОЛЬКА.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.