Вы тут

З вучняў — у настаўнікі


У дзяцінстве я любіла гуляць «у школу». Саджала сваю малодшую сястру за стол, чытала ёй розныя апавяданні і задавала задачы. Я ўяўляла сябе строгай, але справядлівай настаўніцай. А нядаўна ў мяне з'явілася магчымасць паспрабаваць сябе ў гэтай ролі на самай справе. У гімназіі, дзе я вучуся, упершыню прайшоў дзень самакіравання, прысвечаны Году моладзі.

Амаль усе старшакласнікі былі задзейнічаны ў правядзенні ўрокаў. Многія самі выказалі жаданне стаць настаўнікамі-дублёрамі. Педагогам заставалася толькі зацвердзіць кандыдатуры, бо ўмець правільна падаць матэрыял — своеасаблівае мастацтва, і яно не кожнаму дадзена.

Я праводзіла ўрокі беларускай мовы і літаратуры ў шостым класе. Спачатку вельмі хвалявалася, баялася, што не спраўлюся. Перажывала, што вучні не будуць мяне слухаць. Але пасля пяці першых хвілін трывога прайшла, і я адчула сябе спакойна і ўпэўнена. Дзеці спачатку глядзелі на мяне з недаверам, але потым асмялелі і «засыпалі» пытаннямі. Я паставіла шмат добрых адзнак, гэтым пацешыўшы «сваіх» шасцікласнікаў. А калі яны даведаліся, што мы сустрэнемся з імі яшчэ на адным уроку, не стрымалі радасных воклічаў. Было прыемна.

За ўрок літаратуры я 25 разоў (бедныя настаўнікі!) паслухала верш М. Сурначова «У стоптаным жыце». Да гэтага часу ў галаве круцяцца радкі:

Ніколі не ехаць

Хлапцу маладому

Да блізкага гаю,

Да роднага дому.

Усе вучні пастараліся і добра вывучылі твор на памяць, таму ніжэй за «васьмёрку» ніхто не атрымаў.

А паміж урокамі я паспела «папрацаваць» сацыяльным педагогам. Разам са сваёй «калегай-псіхолагам» мы правялі акцыю «Крама пазітыву». Цукеркі з пажаданнямі парадавалі і настаўнікаў, і вучняў. Але не бясплатна. Кожная цукерка — усмешка ўзамен. Было прыемна глядзець на шчаслівыя твары. І чаму мы раней такога не праводзілі?

Псіхолаг Святлана Міхайлаўна Карповіч ацаніла ўсё, што адбывалася, наступным чынам: «Вельмі цікава было назіраць, як «дублёры» настаўнікаў у розных абставінах праяўляюць свае асабістыя якасці. І з упэўненасцю магу сказаць, што яны цалкам справіліся са сваімі абавязкамі».

І вучні, і настаўнікі гімназіі лічаць, што такія дні самакіравання трэба праводзіць часцей, бо гэта станоўчы вопыт, які дапамагае пашырыць уяўленні вучняў аб працы педагога.

Дар'я Свірыда, вучаніца 10 класа гімназіі №10 г. Маладзечна.

Пра аўтара

Дар'і — 16 гадоў. Яна вучыцца ў філалагічным класе, плануе ў будучыні стаць журналістам. Пачаткоўцам яе не назавеш: дзяўчына ўжо друкавалася ў выданнях «Культура», «Пераходны ўзрост», «Рэгіянальная газета».

— З дзяцінства пішу казкі, апавяданні, вершы. Яшчэ я люблю спяваць, — распавяла пра сябе аўтарка. — У сонечнае надвор'е абавязкова прагульваюся па парку з сябрамі. Я заўсёды імкнуся быць жыццярадаснай і бачыць ва ўсім станоўчыя бакі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».