Вы тут

Пра што маўчыць Афрыка?


Сусветная харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя сцвярджае, што кожны сёмы чалавек у свеце пакутуе ад голаду. Але кожны з нас можа змяніць гэтую сітуацыю. Так падумаў і 19-гадовы хлопец з Мінска Юра Іоў, які ў рамках дабрачыннай акцыі беларускага руху «Хрысціянскія працоўныя атрады» ездзіў валанцёрам дапамагаць дзецям у Афрыцы. Сваім незабыўным вопытам ён і падзяліўся з намі.

9-25

— У якасці валанцёра я трапіў у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, у вёску каля горада Ёханесбург. У нашай камандзе было 16 чалавек. Мы раздзяліліся на два атрады. Члены аднаго з іх арганізоўвалі дзіцячы лагер: распрацоўвалі забаўляльную праграму, гулялі з дзецьмі. У лагер у асноўным прывозілі хлопцаў і дзяўчат з найбліжэйшых вёсак, усяго было каля васьмідзесяці чалавек.

Я быў у працоўным атрадзе, і мы будавалі сталовую. Шчыра кажучы, да паездкі ніхто не ведаў, якія канкрэтна абавязкі мы павінны будзем выконваць. Аказалася, што трэба класці цэглу, праўда, ніхто не ўмеў гэта правільна рабіць. Але праз пару дзён прыстасаваліся і праца наладзілася.

— Што за месца такое было?

— Там вучыліся дзеці-сіроты. Навучанне праходзіць па нейкай амерыканскай праграме, што дазваляла ім пасля ўладкавацца ў жыцці.

Мы ведалі, што давядзецца працаваць з раніцы да вечара, так і атрымалася. Толькі напрыканцы ў нас была невялікая экскурсія па некаторых гарадах ПАР, але гэта літаральна на працягу трох-чатырох дзён.

— На якой мове вы размаўлялі?

— Мы — на англійскай, а дзеці ведалі і англійскую, і зулускую. Увогуле, у ПАР адзінаццаць афіцыйных моў, але ў гэтай мясцовасці найбольш распаўсюджана мова зулу.

— Цікава, якімі былі жыллёвыя і бытавыя ўмовы?

— Нас пасялілі ў будынку, які не назавеш камфартабельным. Дзверы, напрыклад, увогуле ледзь-ледзь зачыняліся. Але, у прынцыпе, жыць можна: душ і прыбіральня былі, дах не працякаў. Выхаванцы знаходзіліся ў значна горшых умовах. У маленькім пакоі на двухпавярховых ложках спалі каля 30-40 чалавек, прычым паміж ложкаў не было ніякіх праходаў. Дзеці не мелі ні коўдраў, ні навалачак, спалі на пенапласце і ў адзенні. Мы спачатку ўвогуле гэтага не разумелі: няўжо так цяжка пайсці і пераапрануцца? Аказалася, што пераапранацца ім не было ў што.

— З харчаваннем праблем не было?

— Мы пажадалі харчавацца разам з дзецьмі, каб быць з імі ў аднолькавых умовах. Але нас прывялі ў асобную сталоўку, патлумачыўшы гэта тым, што будуць падаваць ежу, больш звыклую для нас. Звычайна давалі мяса, бульбу, кашы. Аднойчы мы ішлі на абед і сталі сведкамі таго, як пад'ехаў фургон, унутры якога былі нейкія нясвежыя прадукты, мабыць, з крамаў ці рэстаранаў. Пах там стаяў не самы прыемны... Тады і стала зразумела, чаму мы не харчуемся разам з дзецьмі. Як нам пазней растлумачылі, сродкаў на прадукты катастрафічна не хапае. Дзеці вымушаны есці недабраякасныя прадукты, каб зусім не галадаць.

— А якіх фінансавых затрат каштавала такое падарожжа?

— Мы аплачвалі толькі праезд. Дабіраліся вакольнымі шляхамі, бо прамых рэйсаў у ПАР з Беларусі няма. Спачатку цягніком да Брэста, потым да Варшавы, адтуль у Амстэрдам, а там ужо на самалёце да Ёханесбурга.

— Чаканні супалі з убачаным?

— Шчыра кажучы, я ўяўляў сабе пустыню і чакаў, што нас у халупе якой-небудзь паселяць. Але мы апынуліся ў такім месцы, дзе я нават пяску ні разу не ўбачыў. Усё зялёнае, усё квітнее, і клімат такі прыемны, асабліва калі з мінскай зімы трапляеш у лета.

9-23

З сабой мы прывезлі каля сарака кілаграмаў цукерак, ну і раздавалі іх пакрыху дзецям. І сапраўдным шокам было, калі я прапаную дзіцяці цукерку, а яно не ведае, што з ёй рабіць. Проста мне, як гліну якую. Мы давалі дзецям звычайныя ледзяшы, а яны думалі, што гэта рознакаляровыя каменьчыкі. Калі тлумачылі, што іх трэба класці ў рот і есці, у дзяцей адразу ўсмешка на твары з'яўлялася. А адзін раз да нас падышлі трое дзетак, пачалі размаўляць. І раптам яны вырашылі праспяваць для нас песню. Мы паслухалі і ў знак удзячнасці далі ім адну на траіх шакаладку, каб паміж сабой раздзялілі. А яны падзялілі яе на ўсіх, хто быў у пакоі. Альбо калі ім раздавалі цукеркі на працягу дня, а яны ўвечары прыходзілі і дзяліліся з намі. Вось такая дзіцячая шчырасць і гатоўнасць падзяліцца апошнім найбольш і запомнілася.

— А як жывуць гэтыя дзеці па-за лагерам?

— Яны жывуць у сябе ў вёсцы, мы туды ездзілі. Шчыра кажучы, відовішча не самае прыемнае. Іх дамы — гэта своеасаблівыя скрынкі з шыферу. Мяне ўразіла, што не на кожным участку ёсць прыбіральня, але з кожнай такой «скрынкі» тырчыць тэлевізійная антэна. У іх сцёкі цякуць наўпрост па вуліцы — пах агідны вакол. І сярод гэтых «скрынак» стаяў велізарны асабняк з пальмамі, шыкоўнымі машынамі. Мне здаецца, што ўсе людзі абслугоўвалі аднаго чалавека — гаспадара гэтага багацця. Для мяне гэта незразумела...

Лізавета Карповіч,
вучаніца 11 класа Ліцэя БДУ.

Пра аўтара

— Колькі сябе памятаю, па жыцці са мной ішло вялікае мноства розных захапленняў. Але самым галоўным хобі была і застаецца журналістыка, з якой я і планую звязаць сваё далейшае жыццё, — кажа пра сябе 17-гадовая аўтарка. — У будучыні мару аб'ездзіць увесь свет і падзяліцца гэтым, спадзяюся, незабыўным вопытам і ўражаннямі з чытачамі.

Застаецца дадаць тое, пра што сціпла прамаўчала Лізавета. Дзяўчына брала ўдзел у мінулым творчым конкурсе «ЧЗ» «Мы — такія!», на які паступіла больш за 220 творчых «проб пяра», больш за 70 з іх былі апублікаваны. Лізавета Карповіч стала тады адной з дзвюх пераможцаў, што былі абвешчаны па яго выніках.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.