Вы тут

Тры поўні, горад і агні


Урывак з аповесці

Любімая аўтарка чытачоў «Маладосці» прапанавала ў сакавіцкі нумар чарговую касмічную адысею. Ці... камічную адысею? Гумару, прынамсі, гэтай аўтарцы не пазычаць. Як і жвавасці для сваіх сюжэтаў.

Няма ва ўсёй Галактыцы горшага месца за Кага-яйрэн. Самі падумайце: заўсёдны дождж, смуга, бязглуздыя рытуальныя шэсці. Пабудзеш тут дзень — і ўвечары ўжо на ваніты пацягне ад усіх гэтых агеньчыкаў, танюткіх галасоў званочкаў ды гугнявых спеваў.

Кажуць, да мясцовай экзотыкі ёсць ахвотнікі, арыгіналы, турысты ды іншыя вычварэнцы, але я дакладна не адзін з іх. Не жадаю фатаграфаваць купку святароў у маляўнічых лахманах, хай сабе яны нават вытанцоўваюць з папяровымі ліхтарыкамі. Не, мне, калі ласка, дайце добры касмапорт, утульны буфет і годнае абслугоўванне. Толькі дзе знойдзеш годнае абслугоўванне на гэтай чортавай ускраіне.

— Амальтэ, — кажу я, па-пакутніцку круцячыся на залішне высокім для мяне крэсле. — Амальтэ, гэта ж невыносна.

— Што, мой шаноўны? — млява пытае Амальтэ, ленавата выціраючы пыл з барнай стойкі. Ляпае далонню па нейкай гідкай з выгляду казюрцы і спакойна працягвае наразаць для мяне замоўленую салатку. Ага, санітарныя нормы на самым высокім узроўні. А як жа.

— Ды ўсё, — адказваю я, хмурачыся. — Гэты ваш горад. Планета гэтая ваша. Дождж, бруд, сырасць. Як вы наогул тут жывяце, Амальтэ?

— Жывём, — Амальтэ абыякава паціскае плячыма і шпурляе на стойку талерку. — Яшчэ чаго-небудзь, мой шаноўны?

Я моршчуся і тыкаю палачкай у змесціва талеркі. Амальтэ, склаўшы тонкія смуглявыя рукі, глядзіць на мяне прадаўгаватымі пунсовымі — кагскімі — вачыма. Святло ад лямпы б'е ёй у твар, і зрэнкі ператвараюцца ў ледзь прыкметныя нітачкі.

— Дзікуны, — бурчу я, адштурхоўваючы талерку.

Амальтэ трасе валасамі — бразгаюць уплеценыя ў косы традыцыйныя дробныя званкі. Без асаблівай цікавасці гляджу ў акно. За дажджавой заслонай, акрамя бледных плям, нічагуткі не відаць. Плывуць агні чарговага шэсця, льюцца спевы — бясконцыя, панылыя, як надвор'е, як гэты горад, як цяжкае неба над нашымі галовамі.

— Дзікуны, — паўтараю я спецыяльна грамчэй...

— У нас сёння вялікае свята, шаноўны Бейрыс, — кажа Амальтэ, пазяхаючы і затуляючы рот рукою. — Важнае свята. Тры поўні сустракаюцца ў небе.

Я не слухаю. Калупаю салатку з мясцовай беднай расліннасці і апошнімі словамі праклінаю лёс, які прывёў мяне на гэтую агідную планету з не меней агіднымі звычаямі і стравамі.

Хаця, шчыра кажучы, праклінаць трэба Гіза, гэтую ўпартую зямлянскую доўбню. Каму яшчэ прыйдзе ў галаву рабіць падзапраўку ў гарадку накшталт Кага-яйрэн? А я, між іншым, дыпламаваны пілот міжзоркавых пералётаў У-класа. Я павінен пракладаць маршруты, весці карабель... Весці карабель, але ніяк не завязваць знаёмства з буфетчыцай касмапорта і гуляцца са смерцю, каштуючы пададзеную ёй ежу, пакуль мой напарнік дзесьці важдаецца.

Дзверы бразгаюць. Над імі, вядома, Амальтэ таксама прычапіла званок. Гэтыя кагі паўсюль развешваюць званочкі, і ўсё вакол бразгае, брынкае, дзынкае, трэнькае, брэнкае. Яны кажуць — гэта на шчасце. А па мне — да галаўнога болю.

— Добры вечар, гаспадыня, — кажа той, што ўвайшоў, і цяжка апускаецца ў крэсла побач са мной. Амальтэ, нават не пытаючы, пачынае штосьці рэзаць сваім велізарным нажом, раз-пораз паплёўваючы на лязо.

Я адважваюся ўхапіць палачкамі нешта бурае і нават вонкава нясмачнае, пільна разглядаю непрывабны кавалак і суну яго ў рот. І ў той жа момант, задыхаючыся, цягнуся да шклянкі з вадой: такое пачуццё, што ў гэтую салату Амальтэ ўвапхнула ўсе самыя моцныя спецыі, якія толькі знайшліся ў яе бруднай забягалаўцы. А можа, нават і ўсе, што знайшліся ў гэтым праклятым горадзе.

Пакуль я брудна лаюся і кашляю, заходзячыся слязьмі і лаянкай у роўнай ступені, мой сусед мірна папівае нейкае кагскае пойла з высокай шклянкі.

— Праняло? — пытае ён спагадліва. — Гэта ў многіх так, хто нязвыклы, мой шаноўны.

На ім каптур, таму твару не ўбачыць, але вочы выдаюць, свецяцца чырванаватым агнём, а на адзенні ціхутка бразгаюць дробныя званочкі. Вядома, адзін з мясцовых. Хто ж яшчэ будзе тут бадзяцца...

Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...

Здароўе

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Ад захворванняў, звязаных з гепатытам, у свеце кожныя 30 секундаў памірае адзін чалавек.