Вы тут

Чаму ў сланяняці такі доўгі нос


Уступ

«Дрэнная казка, згадзіся!.. Маленькія мілыя хабаценькія сланяняткі не заслугоўваюць такой жудаснай гісторыі... Таму, можа, прыдумаеш сланяняткам лепшую? Буду дужа рада!» Вось што было напісана на апошняй са старонак, вырваных з казкі Кіплінга «Сланяня». Адклаўшы казку ўбок, Ён зноў зазірнуў у скрынку. Там былі канверт з лістом і нейкі каменьчык...

Дрэва Багоў

Пэўна, гэта быў жарт Багоў. Чаму жарт? А што іншае, як не жарт? Бо як могуць Багі крыўдзіцца на людзей, а тым больш помсціць ім? Гэта — Багі, а тое — людзі. Хто кім урадзіўся. Вось, не маючы магчымасці злавацца, Багі з людзей і пажартавалі...

Карацей кажучы, толькі найвышэйшая іронія прымусіла б вырасці дрэва ў пустыні, ды яшчэ на чыгуначным палатне, па якім рушыў цягнік. Убачыўшы такое здарэнне, машыніст з усяе сілы націснуў на тармазы, але дрэва так хутка і нечакана вырасла, што спыніць сутыкненне паміж ім і жалезам маглі толькі Багі, але Яны зацікаўлена маўчалі...

...Паміж рэштак, што засталіся ад палаючага жалезнага цмока, грацыёзна скакала Чорная Котка. Вы скажаце, што тое была велізарная чорная пантэра, але памыліцеся, бо гэта была менавіта котка, толькі значна большая за звычайную (таму што была незвычайнай).

То тут, то там пясчаныя мурашы ды скарпіёны зацягвалі пад зямлю нябожчыкаў. Котка наблізілася да ламачча, што засталося ад вагона нумар тры, і села ля аднаго нябожчыка, захіліўшы сваім ценем яго галаву ад пякучага сонца.

— Данель, уставай! — сказала Яна ціхім, мяккім і незвычайна прыгожым голасам.

Нябожчык расплюшчыў вочы.

— Рана табе, — прамовіла Котка — бо ты яшчэ не даведаўся, чаму ў сланяняці такі доўгі нос!

Тут Данель, які ўжо перастаў быць нябожчыкам, адразу ўзгадаў мэту свайго падарожжа: што б ні здарылася, даведацца, чаму ў сланяняці такі доўгі нос. Ён падскочыў, але моцны боль ва ўсім целе вырваў з яго вуснаў стогн.

— Цішэй, — усміхнулася Котка. — Можа, спачатку пап'еш малачка?

І, не чакаючы адказу, прыхілілася жывоцікам да Данеля.

Данель зірнуў у чароўныя блакітныя вочы і, прымкнуўшы да грудзей незвычайнай коткі, пачаў піць малако. Што гэта было за малако!..

Адначасова цёплае і халоднае, яно ўлівалася жыццём у разбітае цела. Баючыся, што чорная выратавальніца можа знікнуць, як мара або здань, Данель ухапіўся за Яе чорную поўсць, а котка толькі муркатала, задаволена звузіўшы вочы, і то выпускала, то зноў хавала свае кіпцюры.

— Што, малачко п'ём? — спытаў Шэры Локі, які нечакана матэрыялізаваўся на адной галінцы Дрэва Багоў. — Можа, піва? — Локі матэрыялізаваў у руцэ бутэльку «Стэла Артуа». — Яшчэ халоднае!

— Адчапіся, Шэры, — прамуркатала Котка, — забірай, што трэба, і каціся!

— Прабачце, можаце лічыць, што мяне ўжо няма, — сказаўшы так, Локі з'явіўся ля адной нябожчыцы, за якую спрачаліся пясчаныя мурашы ды скарпіёны. — Жыць хочаш? — спытаў Шэры ў нябожчыцы. Тая кіўнула. Тады, схапіўшы дзяўчыну за валасы, Локі разам з ёю знік.

— От, ніяк не нагойсаецца, — з незадавальненнем прамовіла Котка.

Урэшце Данель адарваўся ад грудзей, але па-ранейшаму трымаў Котку, каб тая не пераўвасобілася як Шэры Локі.

— Я ведаю, хто Ты!..

— Ну, і хто ж я? — з жартаўлівым здзіўленнем усміхнулася Котка.

— Ты...

Іспыт

— Ты... — Данель глядзеў на некалькі чорных шарсцінак, што засталіся ў яго далонях... — Ты... — ён усё ніяк не мог вымавіць тое дзіўнае імя... — Ты...

Незвычайнае адзіноцтва ахапіла Данеля. Яму здавалася, што ён яшчэ нябожчык, хоць малако ў жываце казала супрацьлеглае.

— Што, знікла? — сказаў, зноўку матэрыялізаваўшыся побач, Локі. — Думаў, што Яна застанецца з табою назаўсёды? Вось дзівак! Простаму смяротнаму павінна вельмі добра пашанцаваць, каб пабачыць Чарнявую другі раз. Ну, чаго ты такі разгублены? Калі б я вяртаў табе жыццё, ты б простым «дзякуй» не расплаціўся, таму радуйся, што Котка паспела. І што Яна ў табе знайшла?

Ну, досыць, пайшлі далей! Ведаеш, апошнія здарэнні вельмі зацікавілі тамака ўсіх, — ківае ён на нябёсы, — калі іспыт пройдзе добра, тады ў нас з'явіцца шмат працы...

— Іспыт? — спытаў Данель.

— Так, іспыт, — з гэтымі словамі Локі нацэліў на Данеля пісталет і стрэліў...

Данель расплюшчыў вочы. Над ім стаяў Шэры Локі і разглядваў Трахэнбержскі каменьчык.

— Гэта мой... — ледзь вымавіў Данель. Увесь боль, што быў у ягоным целе, сканцэнтраваўся ў адной маленькай кропачцы — там, дзе сэрца...

— А, апрытомнеў? Віншую, ты прайшоў іспыт, — Локі падкінуў камень да Данеля. — Камяні Трахэнберга валодаюць вялікай сілай, але ў звычайных руках яны нявартыя...

— Навошта ты стрэліў у мяне?

— Гэта і быў іспыт. Калі ты павінен застацца ў жывых, нават срэбная куля Локі не спыніць цябе. Калі ты сапраўды варты жыцця, нештачка павінна было зберагчы цябе. У дадзеным выпадку гэта — чароўны камень. Дарэчы, цікава, як ён трапіў да цябе?

— Яго падарыла адна дзяўчына...

— Пэўна ж, не ведала, што дорыць, дурніца. Гэты рарытэт змяняе абставіны жыцця на карысць уладара. Калі ў небяспецы ёсць хоць маленечкі шанц застацца жывым — ты застанешся жыць. Але каменьчык маленькі і яго моцы хопіць яшчэ на раз ці два. Карыстайся асцярожна. Наперадзе вялікі шлях.

— Шлях?

— ШЛЯХ! Каб здзейсніць тваё наканаванне. Навошта ты ехаў у гэтым цягніку?

— Каб даведацца, чаму ў сланяняці такі доўгі нос.

— Вось, з гэтага і пачнём. Падымайся!..

Ліс

Пустыня ўжо даўно схавалася за іхнімі спінамі. Камяністыя пагоркі сталі полем, якое неўзабаве ператварылася ў лес.

— Куды мы ідзём?

— Да Непаседы Дыяса.

— Хто ён такі?

— Занадта многа пытанняў, чалавеча. Дыяс сам адкажа. Ён можа адказаць на ўсе пытанні. І хто ён, і чаму ў сланяняці такі нос...

Данііл ЖУГЖДА

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.