Вы тут

Затанулы горад Свіцязь усё ж існуе?..


Шукаць яго на дне возера будуць дайверы і археолагі

Ці ёсць яна, беларуская Атлантыда, горад, які калісьці існаваў, але знік бясследна? Ці маем мы надзею адшукаць паселішча людзей, якое было цалкам рэальным, але за адно імгненне апусцілася пад ваду?.. Згодна з легендай, на месцы возера Свіцязь у часы Міндоўга быў горад. Калі ўсе мужчыны выправіліся на вайну, а да паселішча падступілі ворагі, дачка князя Свіцязянскага разам з гараджанамі, каб уратавацца, павінны былі сыходзіць, не гледзячы назад. Але дзяўчынка
ўсё ж азірнулася... Яна ператварылася ў камень, а горад апусціўся пад ваду. Іншая легенда распавядае, што падчас аблогі гараджане самі, не хочучы здацца ў палон, звярнуліся да духоўных сіл, і тыя апусцілі іх зямлю пад ваду... Легенды легендамі, але нядаўна было знойдзена археалагічнае пацверджанне таго, што на месцы возера насамрэч мог быць горад.

9-28

Кіраўніку дайвінг-цэнтра «Марскі пегас» Андрэю Ліхачову ўдалося знайсці на дне возера невялікі кавалак керамікі, датаваны неалітам. Знаходка зроблена выпадкова, падчас трэніровачных апусканняў. Спецыялісты, убачыўшы артэфакт і зрабіўшы яго аналіз, пацвердзілі: там трэба працягваць шукаць, бо ёсць верагоднасць натрапіць на след затанулага горада...

Днямі адбылася і яшчэ адна, можна сказаць, гістарычна важная падзея. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а дакладней, яго дырэктар Вячаслаў Даніловіч і намеснік дырэктара па навуковай працы Вадзім Лакіза падпісалі з дайвінг-цэнтрам «Марскі пегас» пагадненне аб супрацоўніцтве. Гэта значыць, што нашы археолагі цяпер не будуць абмяжоўвацца даследаваннямі на зямлі, а пойдуць яшчэ і пад ваду. Дагавор падпісаны на два гады, з магчымасцю далейшага працягу.

Сумесныя пробныя апусканні ўжо адбыліся. А два супрацоўнікі Інстытута гісторыі — Сяргей Ліневіч і Аляксандр Вашанаў — пачалі атрымліваць дайверскія навыкі ў «Марскім пегасе». У хуткім часе яны атрымаюць сертыфікаты, неабходныя для падводных даследаванняў.

Андрэй Ліхачоў адзначае, што ёсць папярэдняя дамоўленасць аб тым, што спецыялісты па падводнай археалогіі з Германіі прыедуць да нас, каб навучаць дайвераў-археолагаў. Гэта прэцэдэнт для ўсёй прасторы СНД. Мы будзем першымі ў прафесійным даследаванні воднай прасторы.

Пакуль жа наша падводная археалогія — белы ліст. Але ёсць шанц запоўніць яго з навуковым падыходам. Чорныя капальнікі таксама спрабуюць ісці пад ваду, аднак тых, хто мае адпаведныя прыстасаванні, зусім мала. Спецыялісты адзначаюць, што на зямлі многае ўжо раскапана і знішчана такімі нядобрасумленнымі «даследчыкамі», а вось пад вадой больш шанцаў атрымаць каштоўныя знаходкі.

Многія чулі, што напрыканцы мінулага года з ракі Віхры пад Мсціславам былі паднятыя даспехі і шлем рыцара — іх можна назваць знаходкай стагоддзя. Але насамрэч там быў знойдзены ўвесь рыцар — і касцявыя астанкі, і нават меч, які чорныя капальнікі, апынуўшыся там раней, паспелі прадаць у Маскву. Таксама і шмат іншых знаходак розных перыядаў аддала тады вада. Будзем спадзявацца, што наперадзе нас чакаюць знаходкі тысячагоддзя...

Можна дадаць, што ў Інстытут гісторыі ўжо паступаюць званкі з раёнаў з просьбай даследаваць іх падводныя славутасці. Але не варта раскрываць усіх таямніц, лепш пачакаць звестак пра новыя падводныя Атлантыды...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ,
фота аўтара.

Чытайце яшчэ:

Па слядах разрабаваных курганоў

Што рабіць?.. Быць адказнымі!

Скарбы з сэрца краіны

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.