Вы тут

«Вельмі чакаем!»


Як праходзіць падрыхтоўка да чэмпіянату Еўропы па мастацкай гімнастыцы ў Мінску

Чэмпіянат Еўропы — 2015 па мастацкай гімнастыцы пройдзе ў Мінску з 1 па 3 мая. Ён абяцае быць самым прадстаўнічым за ўсю гісторыю кантынентальных першынстваў. Чакаецца, што ў Беларусь прыедуць удзельніцы з 38 краін Еўропы.У катэгорыі «сеньёры» выступяць больш за 80 гімнастак. Яны разыграюць узнагароды ў асобных відах і камандным заліку. У класе «юніёркі» заяўлена больш за 150 спартсменак, якія будуць спаборнічаць у групавых практыкаваннях. Усяго на чэмпіянаце Еўропы ў Мінску будзе разыграна 7 камплектаў медалёў. А ў завяршэнні турніру адбудзецца яркае шоу зорак сусветнай гімнастыкі.

Спаборніцтвы прыме шматфункцыянальны культурна-спартыўны комплекс «Мінск-Арэна», змяшчальнасць залы складзе 6,5 тысячы чалавек. Квіткі ўжо ў продажы, іх цана вагаецца ад 50 да 110 тысяч рублёў.

Першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў адзначыў, што НАК Беларусі падтрымлівае мерапрыемства і спадзяецца на яго найлепшае правядзенне.

— Мы, як алімпійская сям'я, вельмі задаволены магчымасцю правядзення такога мерапрыемства ў нашай краіне. Аснова рашэння аддаць гэты чэмпіянат нам — гэта, несумненна, поспехі нацыянальнай зборнай, вынікі працы трэнерскага калектыву пад кіраўніцтвам Ірыны Ляпарскай і глыбокія традыцыі гэтага спорту ў нашай краіне. Бо першая ў гісторыі алімпійская чэмпіёнка ў мастацкай гімнастыцы — наша суайчынніца, славутая Марына Лобач. У свеце шмат краін раўняюцца па развіцці гэтага віду на Беларусь. Ведаючы нашу гасціннасць і ўлічваючы ўсе вышэйпералічаныя фактары, лепшага месца правядзення чэмпіянату быць не можа. Мы прыкладаем усе сілы, каб гэты чэмпіянат стаў значна прыгажэйшым, весялейшым, эмацыйнейшым, чым усе папярэднія. Я хачу, каб пасля гэтага турніру казалі, як пасля чэмпіянату свету па хакеі ў мінулым годзе, што гэта быў найлепшы чэмпіянат Еўропы, — сказаў Максім Уладзіміравіч.

Чэмпіянат будзе праходзіць напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму беларуская асацыяцыя гімнастыкі запрашае ветэранаў паглядзець спаборніцтвы. Для іх вылучаць асобныя трыбуны і валанцёраў для дапамогі. Будзе прадстаўлены спецыяльны нумар — прысвячэнне 70-годдзю Перамогі.

Дні правядзення чэмпіянату Еўропы супадаюць з некалькімі непрацоўнымі днямі ў Расіі, таму заўзятарамі з суседняй краіны вялікая колькасць месцаў на трыбунах ужо забраніравана. Дарэчы, тое, што гэты чэмпіянат стане самым масавым, ужо зразумела. Тым не менш Міністэрства спорту складанасцяў з прыёмам удзельнікаў і гасцей не прагназуе. Спартсменаў, трэнераў і афіцыйных асоб спаборніцтваў прымуць гасцініцы «Вікторыя Алімп», «Славянская» і «Спорт-тайм».

— На чэмпіянат Еўропы чакаем прыезд аматараў спорту з тых краін, каманды якіх будуць выступаць. Дакладную статыстыку цяпер прывесці складана, але ўпэўнены, што ніякіх цяжкасцяў у прыёме людзей, якія прыедуць паглядзець спаборніцтвы чэмпіянату Еўропы, не прадбачыцца. Пражываць яны будуць у тым ліку ў гасцініцах, размешчаных непадалёк ад «Мінск-Арэны», — распавёў намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Дубкоўскі.

І ўсё ж галоўная ўвага цяпер засяроджана на беларускіх гімнастках і на тым, у якой форме яны падыдуць да хатняга турніру. Галоўны трэнер нацыянальнай каманды Ірына Ляпарская адзначыла, што стан дзяўчат не выклікае турбот у трэнерскага штаба. Першы нумар зборнай — Меліціна Станюта, другі — Кацярына Галкіна, запаснымі ў нацыянальнай камандзе стануць Ганна Бажко і Алена Балоціна.

У мінулыя выхадныя на другім этапе Кубка свету ў Бухарэсце Меліціна выйграла чатыры бронзавыя ўзнагароды. Гэтым спартсменка прадэманстравала добрую форму.

— У нашага лідара вельмі цікавая праграма выступлення: Станюта ў кожным з відаў (абруч, стужка, мяч, булавы) паўстае ў розных вобразах, яе выступленне ўжо адзначаюць як заўзятары, так і трэнеры. Для групавых практыкаванняў мы стварылі маладую, новую каманду. Мяне яны пакуль радуюць — дзяўчаты ўжо выступілі на трох спаборніцтвах, двойчы сталі першымі і адзін раз занялі другое месца.

Цяпер у свеце падцягнуліся многія краіны, напрыклад, Амерыка. Некаторыя выбудоўваюць сістэму падрыхтоўкі, падобную да той, якая была ў Савецкім Саюзе. Вельмі цесна становіцца на п'едэстале, так што барацьба будзе нежартоўная, — зазначыла Ірына Юр'еўна.

На кантынентальным першынстве не выступіць Арына Шарапа: дзяўчына яшчэ не цалкам аднавілася пасля траўмы. У трэнерскім штабе вырашылі паберагчы спартсменку да чэмпіянату свету.

У ходзе падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы зборная Беларусі яшчэ прыме ўдзел у трэцім этапе Кубка свету ў Італіі, Пезара, пасля чаго каманда працягне трэніроўкі ў Мінску.

— Я спадзяюся, што жыхары Беларусі ўжо з нецярпеннем чакаюць гэтай падзеі, рэклама яшчэ не адкрывалася, а квіткі ўжо прадаюцца, гэта мяне прыемна здзіўляе. Мы не падвядзём гледачоў, будзем прыкладаць для гэтага ўсе намаганні. Мне вельмі хочацца, каб людзі атрымалі задавальненне ад нашага чэмпіянату Еўропы, пабалелі за нашых гімнастак. Яны любяць выступаць пры поўных і шумных трыбунах. Няправільна, што некаторыя думаюць: у мастацкай гімнастыцы нельга балець, як на хакеі. Можна і нават трэба. Я мару пра 8 тысяч гледачоў кожны дзень. Вельмі чакаем, — адзначыла Ірына Юр'еўна.

Арганізатарамі чэмпіянату Еўропы выступаюць Беларуская асацыяцыя гімнастыкі, Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарвыканкам, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Аргкамітэт па яго падрыхтоўцы і правядзенні ўзначальвае намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава.

Чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы Мінск прыме другі раз. Упершыню кантынентальны форум праходзіў таксама ў «Мінск-Арэне» ў 2011 годзе.

Дар'я Лабажэвіч

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.