Вы тут

У чаканні Вялікадня


Хату бацюшкі Расціслава, настаяцеля Свята-Міхайлаўскага храма, у вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёна ведаюць усе. Сям'я Радзько — шматдзетная, а да Вялікадня тут чакаюць яшчэ папаўнення, магчыма, дачушку. Матушка Таццяна ахвотна згадзілася падзяліцца рэцэптамі любімых страў да галоўнага святаў іх жыцці. І вось мы ў хаце.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Адразу адчуваецца, што ў сям'і — мір і спакой. Атмасфера дабрыні, узаемапавагі заўважалася ў адносінах адно да аднаго, добразычлівыя ўсмешкі і разуменне жаданняў і памкненняў стваралі асаблівы настрой. Было радасна, што ёсць такія сем'і.

— Уся сям'я наша захоўвае пост. І мы стараемся, каб і матушцы было зручна з намі прытрымлівацца яго. Харчаванне імкнёмся разнастаіць, больш ужываем садавіны, гародніны, дзецям і маме ў яе стане дазваляем рыбу. Гэта няцяжка, калі посціш з радасцю. На гэты час мы адключаем тэлевізар, камп'ютарныя гульні, а больш часу прысвячаем духоўнаму развіццю, — кажа айцец Расціслаў.

А матушка Таццяна дадае, што бацюшка ў вольную хвіліну любіць вышываць бісерам. Мы праходзім у яго майстэрню, дзе на сцяне цэлая галерэя абразоў, вышытых бісерам, а ў станочку запраўлена вышыўка абраза «Казанскай Божай Маці». Бацюшка з ахвотай паказаў, як ён ліха спраўляецца з такім тонкім заняткам. Бачна, якая для яго гэта асалода!

— Да свята скончу. Пачаў вышываць 24 лютага, — задаволена кажа айцец Расцілаў.

Старэйшы сын Сава, які вучыцца ў 9 класе, таксама мае поспехі ў гэтым занятку, а яшчэ любіць з паветраных шарыкаў рабіць разнастайныя фігуркі. І Сава, і шасцікласнік Назар займаюцца ў музычнай школе, а малодшая дачушка Маша спявае ў вакальным ансамблі. Галасы ва ўсіх прыгожыя, сакавітыя. Мама Таццяна Васільеўна, рэгент у храме, працуе ў музычнай школе, выкладае спевы — у сярэдняй. Любоў да сапраўднага мастацтва — гэта стан унутранага свету сям'і ўвогуле. І ім лёгка разам, бо каб падтрымліваць чыесьці інтарэсы і захапленні, трэба іх разумець. А гэта выхоўваецца прыкладам бацькоў, якія найперш кахаюць адно аднаго.

Дзясятак гадоў таму сям'я Радзько адрадзіла старадаўнюю традыцыю прыгатавання сапраўднай пасхі. Нядаўна «пашчасціла» набыць спецыяльную форму. Ужо ў апошнія гады пасху гатуюць да Вялікадня і пеўчыя. Яны таксама адзначаюць, што гэтая страва на стале самая ганаровая. А госці, якія збіраюцца традыцыйна на Вялікдзень у доме бацюшкі, заўсёды цікавяцца: «А пасху гатаваць будзеце?» Для ўсіх — гэта найсмачнейшы ласунак.

Сакрэтам яе прыгатавання па «царскім» рэцэпце з задавальненнем падзялілася матушка Таццяна. У яе цяпер і формаў некалькі, каб усім хапіла.

На велікодным стале абавязкова будуць чырвоныя яйкі. Шалупінне ад цыбулі збіраецца загадзя. Яйкі фарбаваць у сям'і прынята разам. Дзеці наклейваюць лісточкі на іх, каб яны былі з узорамі. Ад каляровых крамных фарбаў адмовіліся, толькі з цыбульніку. Раней фарбавалі і цэцарчыны яйкі, яны і меншыя, і мацнейшыя. А як звяліся цэцаркі, сталі індычыя яйкі фарбаваць. У дамашняй гаспадарцы бацюшкі ёсць і куры, індыкі, козы... — усё сваё, натуральнае, карыснае.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Вялікая радасць дзецям, калі прыязджае пад Вялікдзень цётка матушкі з Лунінеччыны. Яна майстрыха пячы кулічы, рулеты. Прычым, формай для выпечкі можа быць розны посуд, нават маленькі эмаліраваны кубачак. Дзецям вельмі падабаюцца пірагі з гэтага кубачка. А якія смачныя кексы атрымліваюцца на казіным малацэ!

І бацюшка майстар гатаваць. Традыцыю гэтую ён пераняў ад айца Васілія Дужака, які служыў у Целяханах, а цяпер благачынны Лунінецкай зямлі.

— Да Вялікадня ў нас традыцыя варыць курыны халадзец, — расказвае матушка Таццяна. — Дык у бацюшкі ён выходзіць празрысты і вельмі смачны, у мяне так не атрымліваецца. Прычым перад Вялікаднем соліць ён на вока, бо спрабаваць мясную страву ў строгі пост нельга. Але не было такога, каб не ўгадаў. Яму цікава рабіць талерачкі халадцу з яйкамі і кропам, з зяленівам і часнаком, словам, на любы густ.

— Матушка расказвала, што айцец Расціслаў нарыхтоўвае, прыпраўляе і марынуе для запякання і бужаніну, і курыцу з яблыкам зашывае. А тады падрыхтаванае мяса нясуць у печку да суседкі Галіны Іванаўны, з якой з першага дня ўсталяваліся шчырыя добрасуседскія адносіны. Яна мяса за вечар даглядзіць, а бацюшка з матушкай у гэты час на святочнай службе ў царкве. Прыязджаюць пад раніцу, а ў хуткім часе ў хаце стук у дзверы — гэта малыя валачобнікі спяшаюцца разнесці па хатах гучнае «Хрыстос уваскрос!». Традыцыя валачобнікаў на Вялікдзень, дарэчы, існуе ў раёне толькі ў Аброве.

Да народных традыцый у сям'і Радзько ставяцца з асаблівай павагай. Бацюшка вынес і паказаў куфэрак, які яму падарыла бабуля. У ім захоўваюцца старадаўні абрус, які засцілаюць толькі на Вялікдзень і Раство, вышываны ручнік, якому больш за 100 гадоў, яго абавязкова вешаюць у святы на абраз «Тайная вячэра» на кухні, вышытая хустка, дзве вышываныя жаночыя сарочкі, спадніца ў стужках... Ёсць у сям'і калекцыя распісных драўляных велікодных яек, любяць тут посуд з гжэлі.

Менавіта для нас усе з ахвотай інсцэніравалі велікодны стол. Гляну на здымак — і цёпла на душы, радасна чакаць Вялікдзень.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

«Царская Пасха»

Разлік прыводзіцца на 600 грамаў дамашняга рассыпістага якаснага тварагу. У яго дабавіць 200 грамаў масла, 200 грамаў цукру, 3 яйкавыя жаўткі, 150 грамаў смятаны 26-працэнтнай тлустасці, па 50 грамаў разынак, здробненага міндалю, цукатаў, ванілін.

Усе інгрэдыенты ўзбіць, лепш пяшчотна і дасканала рукамі. Для гэтага масла павінна быць мяккім, падатлівым. А потым атрыманую масу перакласці ў марлю, папярэдне змочаную ў вадзе. Марля павінна быць складзена ў некалькі слаёў. І выкладваем у ёмістасць пад прэс на паўгадзіны. А тады раскладваем у перавернутую форму (пасачніцу) шырокім бокам дагары тварог у марлі. Зверху ставім груз (звычайна хапае баначкі гарошку). Пад ніз ставім талерачку, і на 12 гадзін — у халадзільнік. Вадкасць, што збіраецца на талерцы, час ад часу зліваем. Пажадана пасху гатаваць загадзя, за суткі да свята. Калі форму раскрываем, на страве адбіваецца крыжык і літары Х.В. (Христос Воскресе). Зверху пасху можна ўпрыгожыць растопленым шакаладам і пасыпаць рознакаляровай прысыпкай.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.