Вы тут

Сацыяльныя дэталі Дэкрэта №3


Дзяржпадтрымка для неабароненых катэгорый насельніцтва захаваецца

Сацыяльная скіраванасць нашай краіны па-ранейшаму захаваецца. Так, ад «падатку на дармаедства» вызвалены беларусы (бацькі ці апекуны), якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх.

9-32

Узрост дзяцей мае значэнне

— Дашкольная адукацыя ў адпаведнасці з заканадаўствам не з'яўляецца абавязковай. Забяспечанасць дзяцей месцамі ў садках сёння менш за 100 працэнтаў. Установы агульнай сярэдняй адукацыі пачынаюць наведваць з 6-ці/або 7-гадовага ўзросту ў залежнасці ад медыцынскіх і іншых паказанняў (напрыклад, розны ўзровень адаптацыі да дзіцячага калектыву, звязаны з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця). Як бачым, неабходнасць у доглядзе дашкольнікаў сапраўды ёсць. Выхаванне дзіцяці-інваліда да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх таксама залічваецца як удзел у фінансаванні дзяржрасходаў, каб захаваць паслядоўнасць у рэалізацыі сямейнай палітыкі па падтрымцы асабліва ўразлівых катэгорый сем'яў, — патлумачыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ.

Нават калі малы наведвае садок (хоць гэта і не гарантуе, што маці зможа хадзіць на працу: некаторыя дашкаляты часта хварэюць), плаціць збор не давядзецца. А вось беспрацоўныя шматдзетныя бацькі, у якіх малодшаму больш за 7 гадоў, а старэйшы дасягнуў васямнаццаці (ці ажаніўся), павінны будуць пералічыць у бюджэт 20 базавых.

— Па дасягненні 18-гадовага ўзросту, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных Грамадзянскім кодэксам, чалавек здольны сваімі дзеяннямі набываць і ажыццяўляць грамадзянскія правы, выконваць грамадзянскія абавязкі, а значыць, з'яўляецца цалкам дзеяздольным, — адзначыў намеснік міністра.

Калі выхаваннем дзяцей займаюцца і маці, і бацька, якія не працуюць, аднаму з іх усё ж такі трэба будзе заплаціць збор. Хто гэта зробіць, сям'я вырашае самастойна.

Без стажу — дапамога пазней

Патрабаваць у год 3,6 мільёна не будуць не толькі з інвалідаў, але і з грамадзян, што іх даглядаюць. Па заканадаўстве, калі інвалід 1-й групы мае патрэбу ў пастаяннай старонняй падтрымцы, таму, хто пра яго клапоціцца, могуць прызначыць дапамогу па доглядзе. У пункце 5 новага дэкрэта прапісана, што перыяд атрымання дапамогі са сродкаў рэспубліканскага бюджэту ці дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва залічваецца за ўдзел у фінансаванні казны.

Ад выплаты збору вызваляюцца і людзі, якія даглядаюць пенсіянераў, старэйшых за 80 гадоў. Па словах Валерыя Кавалькова, калі сваяк, маладзейшы за названы ўзрост, цяжка хварэе і патрабуе пастаяннай дапамогі, ёсць сэнс аформіць яму групу інваліднасці.

Пенсіянеры дармаедамі не лічацца. Праўда, тым з іх, хто не мае 15-гадовага мінімальнага страхавога стажу, не будзе выплачвацца адрасная сацыяльная дапамога ў першыя пяць гадоў пасля афіцыйнага выхаду на пенсію. Такое рашэнне зацверджана Указам Прэзідэнта №145 ад 2 красавіка, які ўносіць змены і дапаўненні ва Указ 2012 года №41 «Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе». Грамадзяне, што не напрацавалі на дзяржаўную пенсію, змогуць разлічваць на адрасныя выплаты з бюджэту (як і на сацыяльную пенсію) толькі з 65 гадоў (жанчыны — з 60).

Дарэчы, год, за які чалавек заплаціць «збор за дармаедства», у працоўны стаж для прызначэння пенсіі не ўключаць. Валерый Кавалькоў мяркуе, што залік у стаж такога перыяду неапраўданы:

— Працоўную пенсію трэба зарабляць. Для фарміравання пенсійных правоў за канкрэтнага грамадзяніна павінны плаціцца мэтавыя пенсійныя ўзносы. Таму ў стаж для прызначэння выплат па ўзросце залічваецца толькі праца з абавязковымі страхавымі ўзносамі ці сацыяльна значныя віды дзейнасці.

Незапатрабаваных — на пераадукацыю

На сённяшні дзень у краіне налічваецца 26,5 тысячы вакансій і амаль на 10 тысяч больш беспрацоўных. Аднак і тэрытарыяльныя службы занятасці сталі часцей накіроўваць людзей на пераадукацыю, каб яны атрымлівалі запатрабаваную прафесію. У параўнанні з мінулым годам колькасць беспрацоўных, якіх адправілі павышаць ці атрымліваць кваліфікацыю, павялічылася на 40 працэнтаў.

— Дзяржаўная праграма садзейнічання занятасці насельніцтва на 2015 год прадугледжвае актыўныя меры: перасяленне людзей на новае месца жыхарства і працы, прадастаўленне субсідый для адкрыцця ўласнай справы, адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці. На рэалізацыю гэтай праграмы выдаткавана больш за 241 мільярд рублёў, — паведаміў Валерый Кавалькоў.

На заканадаўчым узроўні плануюць узмацніць адказнасць наймальнікаў. Напрыклад, скараціць перыяд паведамлення аб вакансіях з двух тыдняў да 5 дзён і павялічыць штрафы за парушэнне гэтага тэрміну. Кіраўніцтва абавяжуць інфармаваць службы занятасці пра магчымае вызваленне работнікаў, каб аператыўна дапамагчы людзям працаўладкавацца на новае месца.

Увогуле, дэкрэт улічвае розныя варыянты занятасці. Рамесніцкая дзейнасць, падсобная гаспадарка, рэпетытарства... Каб не трапіць у спіс дармаедаў, дастаткова працаваць нават на палову ці на чвэрць стаўкі. Грамадзянін прызнаецца ўдзельнікам у фінансаванні бюджэту незалежна ад працягласці працоўнага часу.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

 ФОТА Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.