Вы тут

Размеркаванне: праблема ў амбіцыях?


«Як складваецца сітуацыя на рынку працы?», «Што можна змяніць у сістэме працаўладкавання моладзі?», «Як адшукаць таленавітых студэнтаў?» — гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўвалі ўдзельнікі «круглага стала» «Працаўладкаванне моладзі ў сучасных умовах», што прайшоў у рамках «Дня кар'еры» ў Ліцэі БДУ. Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых бакоў: студэнты, працадаўцы, прадстаўнікі адміністрацыі ўніверсітэта і эксперты. І кожны з іх мог выказаць свой погляд на праблему пераходу ад універсітэцкай адукацыі да працы.

9-4

9-4

 

Выпускнікоў ратуе «дэмаграфічная яма»?

Мерапрыемства пачалося з кароткага паведамлення дырэктара кансалтынгавай кампаніі «Ключавыя рашэнні» Андрэя ГУСАКОЎСКАГА. Ён зазначыў, што, паводле статыстыкі, праблемы з працаўладкаваннем выпускнікоў ВНУ не існуе. 99% студэнтаў бюджэтнай формы навучання размяркоўваюцца, 98% — «даходзяць» да першага месца працы, 94% — працуюць па спецыяльнасці. Той факт, што колькасць абітурыентаў, пачынаючы з 2011 года, зніжаецца, пазітыўна ўплывае на праблему працаўладкавання. Наступствы «дэмаграфічнай ямы» 1990-х будуць адчувацца да 2019 года. Аднак, згодна з прагнозамі экспертаў, эканамічная сітуацыя ў краіне ў бліжэйшы час будзе складанай, у першую чаргу, з прычыны цеснай сувязі з эканомікай суседняй Расіі. Гэта прывядзе да актыўнага скарачэння штатаў некаторых кампаній і, безумоўна, паўплывае на працаўладкаванне студэнтаў.

Амбіцыі і кампетэнцыі — хто каго?

Спецыяліст па падборы персаналу кампаніі «Danone» Вольга БЕЛЫШАВА паведаміла, што попыт на выпускнікоў тэхнічных спецыяльнасцяў у краіне ёсць, асабліва ў рэгіёнах. Вось толькі самі студэнты часам не маюць жадання пачынаць кар'еру па-за межамі сталіцы і ні за якія грошы і сацпакеты не пагаджаюцца з'язджаць. Гэта нагода для трывогі з боку працадаўцаў, мяркуе Вольга Белышава, бо ўжо прыкладна тры гады ў Беларусі адчуваецца недахоп інжынераў, а вытворчыя вакансіі закрываюцца з цяжкасцямі. У той жа час колькасць выпускнікоў тэхнічных спецыяльнасцяў знаходзіцца на высокім узроўні.

Пазіцыю Вольгі Белышавай падтрымаў намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце з персаналам Белінвестбанка Генадзь МАКЕЕЎ. «Мы ўжо спазніліся з некаторымі змяненнямі, — лічыць ён. — Лепш абмяркоўваць, што рабіць заўтра. Задача — выбудаваць комплексны падыход да працаўладкавання, каб кожны студэнт на другім курсе ўжо ведаў, чаго ён хоча ў кароткатэрміновай і доўгатэрміновай перспектывах. Яшчэ адна праблема ў тым, што амбіцыі моладзі часам не адпавядаюць іх кампетэнцыі. Большасць хоча адразу ж стаць дырэктарамі, потым шукае менш прэстыжныя пасады, а напрыканцы хапаецца за любую магчымасць, абы толькі не ехаць у рэгіёны». На думку Генадзя Макеева, ужо на малодшых курсах кожнаму трэба разумець, што працу можна атрымаць толькі дзякуючы сваёй кампетэнцыі. Такі падыход павінен пачынацца хаця б з выбару тэмы курсавой працы. Рабіць гэта трэба не па прынцыпе «вазьму, што прасцей выканаць», а па прынцыпе ўласнай зацікаўленасці тэмай. Акрамя таго, спецыяліст не пагадзіўся са сцвярджэннем, што ўсе працадаўцы патрабуюць наяўнасць досведу працы. Якраз наадварот: многія кампаніі ідуць па шляху амаладжэння калектываў, і гэта добры шанц для выпускнікоў.

Меркаванні папярэднікаў падтрымаў старшы аўдытар кампаніі Ernst & Young Максім АКУЛЕНКА. Ён таксама адзначыў праблему псіхалогіі студэнтаў як адну з асноўных, згадаўшы сітуацыю з асабістай практыкі. Падчас набору ў кампанію стажораў ён часта сутыкаўся з людзьмі, якія адмаўляліся пачынаць кар'еру з заробкам у 5 мільёнаў рублёў, матывуючы гэта тым, што грузчыкам у магазіне можна атрымаць больш. «Прадстаўнікі «пакалення Y» сапраўды не глядзяць у будучыню, жывуць сённяшнім днём і абсалютна не разумеюць, што грузчыкамі яны і праз дзесяць гадоў будуць атрымліваць сем мільёнаў, а ў іншых месцах атрымаюць галоўнае — перспектыву», — падкрэсліў Максім Акуленка. На думку спецыяліста, ВНУ павінны забяспечваць умовы для працы студэнтаў ужо на 3-4 курсах па схеме: першая палова дня — вучоба, другая — стажыроўка. Такі падыход дазволіць маладым людзям атрымаць патрэбны досвед і адначасова веды, неабходныя для будучай працы.

9-5

9-5

 

Паміж колькасцю і якасцю

Пра стан працаўладкавання ў гуманітарным сектары распавёў намеснік дэкана факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Аляксандр БОБР. Паводле яго слоў, па такіх спецыяльнасцях, як «псіхалогія», «сацыялогія», «сацыяльныя камунікацыі» попыт на выпускнікоў перавышае прапанову — заявак больш, чым студэнтаў. Праўда, за год са сцен факультэта выпускаецца толькі 5-6 «бюджэтнікаў».

Свайго калегу дапоўніў намеснік дэкана факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ Алег ЛЮДЧЫК. «Я абсалютна згодны з тым, што выбар месца працы студэнты павінны рабіць раней, — зазначыў ён, — але для гэтага моладзь павінна быць матываванай. На стан вышэйшай адукацыі ў сферы ІT апошнім часам многае паўплывала. Напрыклад, некалькі гадоў таму Міністэрствам адукацыі былі штучна павялічаны планы набору на некаторыя спецыяльнасці. Адбылося гэта з наступнай матывіроўкай: праграмісты і інжынеры патрэбны нам у неабмежаванай колькасці. На фоне дэмаграфічнага спаду наступствы такога кроку лёгка было прадказаць. Калі ў савецкія часы на прэстыжныя спецыяльнасці конкурс складаў тры-чатыры чалавекі на месца і было з каго выбіраць, то цяпер мы прыйшлі да сітуацыі, калі залічваюць усіх, хто падаў дакументы. Дык з кім працаваць выкладчыкам? Таму казаць пра «якасць» студэнтаў не прыходзіцца. Чалавек, няздольны да навучання, ідзе атрымліваць адукацыю, бо бацькі кажуць яму: «Гэта ж ІT-сектар, гэта прэстыжна!» Даволі шмат студэнтаў мы адлічваем падчас вучобы. Але ў ранейшыя часы за 100-150 нашых пяцікурснікаў можна было змагацца. Што і казаць, калі штогод на 60 тысяч выпускнікоў школ мы маем 36-37 тысяч бюджэтных месцаў у ВНУ плюс магчымасць атрымліваць адукацыю на платнай аснове. Фактычна, для дзвюх трацей абітурыентаў гарантаваны месцы ў сістэме вышэйшай адукацыі...»

Гэтую пазіцыю падтрымаў дырэктар інфармацыйна-практычнай установы «Студэнцкая фабрыка думкі» Аляксандр ЛУЦЭВІЧ. На яго думку, дыплом аб вышэйшай адукацыі не каціруецца на рынку. Больш каштоўнымі для працадаўцы з'яўляюцца канкрэтныя ўменні маладога супрацоўніка, якія трэба паказваць на практыцы. Адным з метадаў выхавання якасных работнікаў Аляксандр Луцэвіч назваў фарміраванне студэнцкага актыву і культываванне сістэмы студэнцкага самакіравання. Удзел у студэнцкіх рухах, адказнасць за пэўны накірунак дзейнасці дапамагае развіваць у маладых людзях самастойнасць і рыхтуе іх да будучай працы.

9-6

9-6

 

Гульня для «пакалення... Z»?

З боку працадаўцаў узнімаліся і іншыя, больш дэталёвыя, праблемы падрыхтоўкі спецыялістаў. Так, Вольга Белышава звярнула ўвагу на праблему моўнай падрыхтоўкі выпускнікоў. Паводле яе слоў, часам вельмі таленавітыя студэнты не праходзяць адбор з прычыны дрэннага ведання англійскай мовы. Пры гэтым звычайна патрабуецца не ўзровень вольнага валодання, а хаця б здольнасць разумець тэкст і ўменне скласці адказ. Большасць удзельнікаў падтрымала такую думку, дадаўшы толькі, што і дзяржаўныя мовы Беларусі некаторыя студэнты ведаюць слаба.

Дацэнт кафедры метадаў аптымальнага кіравання факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Сяргей МАРКАЎ узняў праблему новых метадаў падрыхтоўкі спецыялістаў, у прыватнасці для сферы ІT. Паводле яго слоў, размову трэба весці ўжо не пра «пакаленне Y», а пра «пакаленне Z»: моладзь павінна перайсці ад чыстага карыстання да ўмення ўласнаручна ствараць простыя праграмы, перанастройваць гаджэты, камп'ютарныя прылады. Для атрымання практычных навыкаў трэба выкарыстоўваць сучасныя сродкі: камп'ютарныя сімулятары, гульні. Сярод найбольш перспектыўных спецыяльнасцяў у будучыні, студэнтаў па якіх трэба пачынаць рыхтаваць ужо зараз, спецыяліст вылучыў распрацоўку мабільных дадаткаў, сферу Bіg Data (інструменты апрацоўкі вялікіх масіваў інфармацыі) і робататэхніку, назваўшы іх прафесіямі 2020 года.

Уладкаваць усіх не атрымаецца

Пазіцыю БДУ прадставіла Наталля НЯПЕЎНАЯ, начальнік упраўлення кадраў універсітэта. На яе думку, сітуацыя на рынку працы цяпер больш складаная, чым раней. Па некаторых спецыяльнасцях на адну вакансію прапануецца да 100 рэзюмэ. Таму сёлета працаўладкаваць усіх выпускнікоў будзе вельмі праблематычна.

Цікавую статыстычную інфармацыю прадставіла намеснік начальніка аддзела праграм садзейнічання занятасці насельніцтва Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Марына ШАХЛОВІЧ. Згодна з ёй, выпускнікі навучальных устаноў складаюць мізэрную частку ад тых, хто лічыцца беспрацоўнымі, — усяго каля аднаго працэнта. Што датычыцца праблемы адсутнасці досведу, то ў службе занятасці ёсць спецыяльная праграма для яе вырашэння — маладзёжная практыка. Летась ёй скарысталіся 50 выпускнікоў. Але сённяшняя эканамічная сітуацыя не спрыяе падтрыманню нізкага працэнта беспрацоўя сярод выпускнікоў — многія прадпрыемствы праводзяць аптымізацыю кадравых службаў. Калі ў мінулым годзе ў дзяржаўнай службе занятасці было прадстаўлена каля 20 тысяч вакансій, то цяпер іх колькасць знізілася да 8 тысяч.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.