Вы тут

«Дубрава», дзе матчыны песні гучаць,


або Чаму варта дома бываць часцей

Прычын завітаць у беларускую глыбінку шмат. Вёска для аматараў вандраваць — сапраўдная скарбніца. Накіроўваючыся туды ў кампаніі здымачнай групы праграмы «Наперад у мінулае» (яна выходзіць на тэлеканале «Беларусь 3»), заўсёды ведаеш, што цябе чакае сустрэча з цікавымі людзьмі, у сэрцах якіх усё яшчэ гучыць народная песня. Не выключэнне і народны фальклорны ансамбль «Дубрава» з вёскі Цялуша Бабруйскага раёна.

10-9

Калі мы пад'ехалі да вясковага клуба, дзе была прызначана сустрэча з калектывам, аказалася, што артысты яшчэ не вярнуліся з канцэрта ў райцэнтры. Пакуль чакалі, была магчымасць пазнаёміцца з вёскай. Цялуша сёння ўжо стала аграгарадком. Як паведаміла жанчына з мясцовых, для маладых сем'яў пабудавалі два дамы, але ў большасці сваёй людзі сюды прыязджаюць на лецішча. Гісторыя самой вёскі мае адметныя старонкі. Напрыклад, калі пад'язджаеце да Цялушы, то заўважаеце купалы Свята-Мікольскай царквы, якую ўзвялі тут дзякуючы намаганням Паўла Варанцова-Вельямінава і яго жонкі Наталлі Пушкінай (унучкі Аляксандра Пушкіна). Храм быў пабудаваны ў 1902 годзе. Расказваюць, што для вырабу цэглы майстры нават збіралі яйкі па хатах. Потым на гэтай аснове замешвалі гліну, і канчатковы матэрыял атрымліваўся вельмі моцным. Пабудова дажыла да нашых дзён. Амаль побач з царквой па ініцыятыве Наталлі Аляксандраўны была пабудавана таксама школа для сялянскіх дзяцей...

Існуе некалькі версій паходжання назвы населенага пункта. Паводле адной, вёска стала так называцца, бо ў гэтай мясцовасці гандлявалі цялятамі, паводле іншай, тут нарыхтоўвалі бярвенне, якое называлася «целехамі» (неабчасаныя бярвёны). Тут з павагай і ашчаднасцю ставяцца да скарбаў мінулага, і гэта датычыцца не толькі песеннага фальклору.

Напрыклад, з мінулага года пачалі адраджаць ткацтва. «У нас ёсць Пятроўскі дом народнай творчасці, пры якім створана аб'яднанне «Пятроўскія ткачы». Там людзі самі аднавілі ткацкі станок, і пераймаюць вопыт мясцовых ткачых, — расказвае метадыстка раённага Цэнтра культуры Ірына Гоманава. — Нейкія веды па гэтай тэме збіралі самастойна па крупінках. Цяпер пачалі займацца пляценнем паясоў на бёрдах.

Што датычыцца Цялушскага народнага фальклорнага ансамбля «Дубрава», дык летась калектыў адзначыў свой 50-гадовы юбілей, але святкаванне перанеслі на гэты год і прымеркавалі да 175-годдзя самой вёскі. Будуць двайное свята ладзіць».

З самім калектывам мы пазнаёміліся ўжо падчас іх выступлення на сцэне. У складзе яго — адны жанчыны, і змест песень адпаведнай тэматыкі. Спяваюць усё акапэльна, што дазваляе яшчэ больш пранікнуцца чароўным шматгалоссем выканаўцаў...

Вецер вее, да вецер вее, да вецер павявае,

Да вецер вее, да вецер павявае,

Маці ў доні, да маці ў доні да пра жызню

пытае,

Да маці ў доні да пра жызню пытае:

— Пытай, маці, да пытай, маці,

дай у шэрай вуцяці.

Да пытай, маці, дай у шэрай вуцяці.

Шэра вуця, да шэра вуця дай на моры начуе,

Да шэра вуця дай на моры начуе

Яна ж маё, да яна ж маё да ўсё горачка чуе,

Да яна ж маё да ўсё горачка чуе.

Перша гора, да перша гора дай дзяціна

малая,

Да перша гора, дай дзяціна малая.

Друга гора, да друга гора дай свякроўка

ліхая,

Да друга гора дай свякроўка ліхая.

Трэця гора, да трэця гора дай мяне муж

пакідае,

Да трэця гора дай мяне муж пакідае.

Усе свае песні ўдзельніцы ансамбля перанялі ад сваіх родных: маці, бабуль. А ў некага і дзед, і дзядзька спявалі. Напрыклад, песня, якая дасталася адной з удзельніц ад мамы, прывезена з Брэстчыны.

10-12

— Бабуля нарадзіліся на гэтай зямлі. Мама выйшла замуж на Брэстчыну, а потым я ў 1974 годзе вярнулася сюды, працавала спачатку ў Бабруйску на футравай фабрыцы, выйшла замуж за ступянёўскага хлопца (Цялуша і Ступені — суседнія вёскі). А пазней старшыня сельсавета накіраваў мяне сюды працаваць, калі мясцовы клуб апусцеў. З 1981 года я тут, — расказвае дырэктарка Цялушскага селькага дома культуры Ніна Сямёнава.

Раней, успамінаюць жанчыны, калі тэлевізара ў хатах не было, збіраліся на вячоркі. Спявалі, танцавалі — і ўсім было весела. Калі арганізавалі хор, туды прыходзіла 36 чалавек, людзі самых розных прафесій. Сёння часы не тыя, але гэта не перашкаджае мясцовым артысткам дзяліцца прыгожымі песнямі з іншымі людзьмі. У кожнай з жанчын — свая гісторыя ўзаемаадносін з народнай песняй. Пазнаёміўшыся з Соф'яй Сяліцкай, якая ў калектыве спявае ўжо больш за трыццаць гадоў, даведалася аб прычыне яе прыходу ў ансамбль.

— Мая маці хадзіла спяваць у хор. Песні, ведаеце — гэта песні... — задумліва адзначае Соф'я Паўлаўна. — Я прыйшла ў хор у 1982 годзе, калі памерла мая свякроў. Складана перажывала яе спачын, бо мы пражылі з ёй 24 гады ў дружбе і згодзе. Успамінаю і плачу — вельмі добрым чалавекам яна была. Майго мужа забралі ў армію, калі нашай старэйшай дачцэ было 7 дзён. І ён служыў тры з паловай гады, а я жыла з яго маці. Ніколі нават не сварыліся. Фёдар прыйшоў з арміі, і мы яшчэ дзвюх дачок нарадзілі.

У дзень нашага знаёмства Соф'і Паўлаўне споўнілася 77 гадоў. Як сапраўдная артыстка, свой дзень нараджэння яна адзначала на сцэне. Выступала ў кашулі, сатканай некалі свякрухай. Усё сваё жыццё жанчына пражыла на роднай зямлі, у Цялушы.

— Запомніўся адзін выпадак, калі вайна скончылася. У лесе каля вёскі мы з сястрой знайшлі скрыню з рознымі школьнымі прыладамі. Паколькі скрыня была цяжкая, то вырашылі паклікаць на дапамогу. І раптам бачу такую карціну: ідуць тры салдаты, адзін спераду і два за ім. І таго, што крочыў першым, застрэлілі, сказалі: «Ты дзезярцір!» Стаяць іх твары ў вачах, — дзеліцца бабуля. — Ой, спяваюць ужо, трэба ісці...

Парадзіла мяне мамка ў святую нядзельку.

Ой, дала мне горкую долю — дзе яе я дзену,

дзе яе я дзену?

Ой, пайду я з горкаю доляй у лес заблужусь,

у лес заблужусь.

Ой, пайду я к сіняму мору ў морушка ўтаплюсь,

у морушка ўтаплюсь.

Ой, пайду я ў чыста поле за ветрам пушчусь,

за ветрам пушчусь.

Ой, нясі ты з ветрам гора, нясі, не спаткніся,

нясі, не спаткніся.

Стаіць дуб у чыстым полі — ля яго спынісь,

ля яго спынісь.

І з яго зялёным лістам крэпка абдымісь.

Песню выканала сольна Раіса Алонцава, якая таксама ў калектыве даўно. Пачаў сваю дзейнасць народны фальклорны ансамбль «Дубрава» ў 1964 годзе. Званне народнага атрымаў толькі ў 1992-м. За гады свайго існавання тут неаднаразова мяняліся кіраўнікі і ўдзельнікі. Аднак нязменнай застаецца жаданне людзей спяваць. Ансамбль — заўсёды жаданы госць на фестывалях, у іншых вёсках раёна.

Амаль напрыканцы свайго выступлення жанчыны выконваюць песню:

Сіня мора калыхаецца,

Эй, арол з лебедзем купаецца.

Арол з лебедзем купаецца,

Эй, арол лебедзя пытаецца:

— Эй, ці не быў ты на маёй старане?

Ці не быў ты на маёй старане?

Ці не тужаць ацец, маць аба мне?

— Яны тужаць шчэ й пячаляцца,

Эй, цябе ў госці дажыдаюцца.

І адразу ўзгадваецца верш Рыгора Барадуліна: «Трэба дома бываць часцей,/ Трэба дома бываць не госцем,/ Каб душою не ачарсцвець,/ Каб не страціць святое штосьці»... Калі ў вас яшчэ ёсць у каго распытаць пра гісторыю сям'і, з кім узгадаць падзеі дзён мінулых, не адкладвайце гэтых размоў. Запамінайце галасы, занатоўвайце ўспаміны, спявайце разам.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.