Вы тут

Дбаць — не плот гарадзіць


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што (паэтычныя прыклады ўзяты з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля»):

Кілішак — шкляная чарка на ножцы.

— Ну, што ж? — пытае дзядзька Грышку.

— Хіба дзе выпіць па кілішку.

Шу́ла і шуло́  — слуп, на які падвешваецца створка варот.

Ўжо весялей на свет глядзелі

Будынкі гэтыя старыя —

Яны зрабілісь як не тыя.

Агледзеў іх Антось, падправіў

І шулы новыя паставіў.

Дбаць — праяўляць клопат, турбавацца. Ёсць прыказка: хто дбае, той і мае.

Ліпець — ледзь-ледзь трымацца.

Было відаць, што тут ліпелі

Да часу людзі і не дбалі,

Гразі ніколі не знімалі.

Крышан — плоскі кусок чаго-небудзь ядомага.

І хлеба ёсць крышан са мною,

Чаго ён сохне сіратою?

Студня — звычайны калодзеж.

Студні вочап адзінока

Тырчаў над хатаю высока.

Браць ногі ў рукі — уцякаць. Беларусы яшчэ скажуць: даваць дзёру, падмазваць пяты. Рускія — «давать драла». Мяркуюць, што выраз «браць ногі ў рукі» звязаны са словазлучэннем «браць боты на плечы», у тым сэнсе, што чалавек разуваўся, калі яму пагражала небяспека і трэба было хутка бегчы. Ён шырока ўжываецца ў беларускім і ўкраінскім маўленні, да яго шмат сінонімаў: «даваць лататы, дзёру, стракача, драпака, змотваць вудачкі».

Плот гарадзіць — гаварыць глупства, абы-што, лухту плесці, па-руску — молоть языком, пороть ахинею. Выраз «гарадзіць плот» лёгка паблытаць з выразам «агарод гарадзіць» — што адзначае задумваць ці распачынаць якую-небудзь клопатную, бесперспектыўную справу.

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.