Вы тут

У лабірынтах старых вуліц


Пра што раскажуць былыя назвы

Навіна пра тое, што ў гістарычным цэнтры Мінска могуць з'явіцца таблічкі, на якіх будзе пазначана, як тая ці іншая вуліца называлася раней, мяне асабіста вельмі ўсцешыла. Тэма страчаных назваў, якую распрацоўвала на старонках «Звязды» яшчэ ў мінулым тысячагоддзі, менавіта з найменняў сталічных вуліц і пачыналася. Праз старонкі гістарычных зборнікаў і архіўных матэрыялаў, праз размовы з навукоўцамі і проста зацікаўленымі людзьмі пакрысе, па каліве праявіўся новы, зусім невядомы вобраз любімага горада, — старажытнага, са сваім непаўторным паветрам, з дзясяткамі пакаленняў папярэднікаў, якія тут жылі, ваявалі, будавалі. Ужо тады хацелася падзяліцца гэтымі ведамі, гэтым непаўторным адчуваннем з як мага большай колькасцю людзей. Бо ў адноўленым на руінах шматлікіх войнаў (асабліва апошняй, самай страшнай у гісторыі) горадзе яго назвы — фактычна адзіныя некранутыя артэфакты, якія проста варта дастаць з-пад друзу забыцця.

Вельмі добра, што пра тое, каб расказаць жыхарам і шматлікім гасцям сталіцы, як зваліся нашы старажытныя вуліцы, загаварылі цяпер, калі гістарычны цэнтр давялі да ладу, калі адбудавалі дамы, захаваўшы архітэктуру мінулых часоў. Гэта будзе нібы апошні штрых да вобраза горада — юнака, якому амаль тысяча гадоў, які памяць аб усіх пражытых стагоддзях і аб найноўшай гісторыі зберагае, думаючы пра будучыню.

Гістарычная даведка на кожнай з вуліц — гэта, бадай, на сёння самы аптымальны варыянт. Вядома, можна гаварыць пра тое, што ўніверсальныя назвы часоў развітога сацыялізму кшталту Савецкая або Рэвалюцыйная варта было б увогуле замяніць на першапачатковыя, якім па некалькі соцень гадоў. Але чым мы ў такім выпадку будзем лепшыя за тых, хто мяняў назвы ў ХІХ ці ў першай палове ХХ стагоддзя адным росчыркам пяра з ідэалагічных ці з нейкіх іншых меркаванняў? Тым больш у нашай сталіцы было як мінімум дзве хвалі перайменаванняў, і гэта — таксама гісторыя, якую варта паважаць і ведаць.

Хочацца спадзявацца, што тыя, хто возьмецца займацца гэтай важнай (у тым ліку і для большай турыстычнай прывабнасці Мінска) справай, улічаць усе гэтыя нюансы. І шыльда, якая з'явіцца, скажам, на Камсамольскай, будзе сведчыць не толькі пра тое, што на картах ХІХ стагоддзя вуліца была пазначана як Багадзельная, але і пра тое, што да гэтага яна звалася Феліцыянаўскай, і на ёй стаяў храм, у які ў 1770 годзе з Рыма даслалі мошчы святога Феліцыяна — каталіцкага заступніка горада. А пра вуліцу Энгельса будзе сказана, што яна, акрамя таго, што была Дамініканскай, паспела яшчэ амаль паўстагоддзя пабыць Петрапаўлаўскай...

Гуляючы па Інтэрнацыянальнай, будзе цікава даведацца (думаю, не толькі турыстам, але і самім мінчанам), што гэта адна з самых старажытных вуліц Мінска, вядомая ажно з ХVІІ стагоддзя. Што яна дзялілася на дзве: тая частка, што за Палацам Рэспублікі пакручаста спускаецца ўніз да Свіслачы, звалася спачатку Валоцкай, пасля Хрышчэнскай, а тая, на якой стаіць гатэль «Еўропа» і кінатэатр «Перамога», — спачатку Зборавай, пасля Праабражэнскай. Што, як вынікае з назвы, на ёй стаяў калісь кальвінскі збор. Думаю, для шматлікіх аматараў пагуляць па вузкіх вулках гістарычнага цэнтра будзе адкрыццём, што Рэвалюцыйная калісь мела гучны статус тракта — Койданаўскага. Што Леніна была спачатку Дамініканскай, пасля Губернатарскай. Што на месцы плошчы Свабоды калісьці віраваў Высокі рынак, што ўнізе — там, дзе Няміга ўпадае ў Свіслач, на сённяшняй плошчы 8 Сакавіка — быў рынак Нізкі, а на процілеглым беразе Свіслачы, дзе цягнецца Камунальная набярэжная, у ХVІ стагоддзі была Сянная плошча...

А яшчэ калі дадаць да гэтых «пашпартоў» выявы той ці іншай вуліцы, якія захаваліся на старых фотаздымках ці на паштоўках... І ўсё гэта насамрэч зрабіць не вельмі складана і невялікіх выдаткаў патрабуе. Было б адпаведнае канкрэтнае рашэнне і зацікаўленыя людзі, гатовыя яго ажыццявіць. А там, глядзіш, і іншыя старажытныя гарады, па сталічным прыкладзе, штосьці падобнае прыдумаюць. І прагляне праз забыццё наша жывая сапраўдная гісторыя, і адкрые нам новыя таямніцы, якія хаваюцца па архівах ды музеях.

Каму гэта патрэбна, спытаеце? Нам з вамі і патрэбна. Бо павага і любоў (не хачу тут казаць гучнае слова «патрыятызм») грунтуюцца на веданні і памяці. Якія не павінны заблукаць у лабірынтах старых цяністых вуліц.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.