Вы тут

Зразумелае заканадаўства для інвестараў


У прыватызацыі захаваецца індывідуальны падыход

А 8-гадовы ліміт на адчужэнне льготных зямельных участкаў плануюць падкарэктаваць

Як будуць прыватызаваць дзяржаўныя прадпрыемствы? Ці будзе і як уключацца ў абарот дзяржаўная маёмасць, што выкарыстоўваецца неэфектыўна? Якія змены плануецца ўнесці ў зямельнае заканадаўства? На гэтыя і іншыя пытанні адказваў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Андрэй Гаеў.

У адпаведнасці з заканадаўствам, рашэнні аб прыватызацыі аб'ектаў рэспубліканскай уласнасці прымае Прэзідэнт. Пры гэтым праекты рашэнняў кіраўніка дзяржавы падлягаюць абавязковаму ўзгадненню з усімі зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі арганізацыямі. Рашэнні аб прыватызацыі аб'ектаў камунальнай уласнасці прымаюцца ў парадку, які вызначаецца мясцовымі Саветамі дэпутатаў.

Закон аб прыватызацыі ўтрымлівае патрабаванне аб абавязковым апублікаванні ў друкаваных СМІ інфармацыі аб прызначаных таргах па продажы аб'ектаў прыватызацыі, а таксама аб прададзеных аб'ектах, пакупніках і ўмовах продажу. Эксперт нагадаў, што цяпер да прыватызацыі прымяняецца індывідуальны падыход з прыцягненнем інвестара, які здольны забяспечыць выкананне ўмоў прыватызацыі па інвеставанні, выкананні сацыяльных гарантый і інш.

10-39

З улікам названых падыходаў Дзяржкаммаёмасці распрацаваў метадычныя рэкамендацыі па ажыццяўленні продажу акцый і прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў, што належаць дзяржаве. На падставе гэтых рэкамендацый для вывучэння попыту і пошуку патэнцыйных інвестараў ён фарміруе прапановы па прыватызацыі канкрэтных прадпрыемстваў.

Чатыры плюс дзевяць

Летась згодна з рашэннямі Прэзідэнта праведзены здзелкі па продажы дзяржаўных пакетаў акцый 5 прадпрыемстваў: Коханаўскі экскаватарны завод, акцыянерныя таварыствы «Белгіпс» і «Гідрапрывад», Брэсцкі панчошны камбінат, а таксама адно прадпрыемства ў якасці маёмаснага комплексу рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Дзяржынскі доследна-механічны завод». Агульная сума здзелак склала 5,27 млн долараў і больш за 150 млрд рублёў.

У якасці дадатковых умоў гэтых здзелак прадугледжаны абавязацельствы пакупнікоў па ажыццяўленні інвестыцый у развіццё (мадэрнізацыю) набытых прадпрыемстваў на агульную суму 43 млн еўра і 5 млн долараў, а таксама
300 млрд рублёў і па пагашэнні пры неабходнасці запазычанасці прададзеных прадпрыемстваў. Інвестар павінен захаваць (павялічыць) колькасць працоўных месцаў і сярэднямесячную заработную плату, забяспечыць рост аб'ёмаў прамысловай вытворчасці. Па камунальнай уласнасці праведзены здзелкі па продажы пакетаў акцый 9 акцыянерных таварыстваў на суму 230 млрд рублёў.

Элітную зямлю ў прыгарадах — і садаводам за грошы

Жыхары буйных гарадоў не зусім разумеюць, чаму раптам было ўведзена абмежаванне на продаж дач пад Мінскам і вакол абласных цэнтраў, а свабодныя зямельныя ўчасткі ў садовых таварыствах у прыгараднай зоне Мінска вырашана прадастаўляць выключна па выніках аўкцыёнаў.

Андрэй Гаеў растлумачыў, што адпаведны дакумент, які ўступіў у сілу з 1 студзеня, падрыхтаваны па прапановах Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. На думку гэтага выканкама, у садаводаў і грамадзян, якія жадалі атрымаць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылога дома, было няроўнае становішча. Часта на ўчастках, якія браліся для калектыўнага садаводства, будаваліся дамы, якія па тэхнічных характарыстыках былі роўныя жылым дамам, а то і пераўзыходзілі іх. У той жа час такія ўчасткі атрымліваліся без аўкцыёну, а ўчасткі для будаўніцтва жылога дома — толькі праз аўкцыён.

У сувязі з тым, што тэрыторыя прыгараднай зоны Мінска насычана садовымі таварыствамі (толькі ў Мінскім раёне іх 320) і свабодных масіваў практычна не засталося, указам №387 уведзена забарона на стварэнне новых таварыстваў і дачных кааператываў. У прыгарадных зонах Мінска і абласных цэнтраў уведзена і забарона на адчужэнне (куплю-продаж, мену, дарэнне) зямельных участкаў, якія прадастаўлены ў прыватную ўласнасць для калектыўнага садаводства (у тым ліку зямельных участкаў, створаных у выніку іх падзелу, зліцця), а таксама на перадачу ў арэнду да заканчэння 5 гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі правоў на іх.

10-35

Андрэй Гаеў падкрэсліў, што забарона на адчужэнне тычыцца выключна зямельных участкаў, прадастаўленых грамадзяніну мясцовым выканаўчым камітэтам для вядзення калектыўнага садаводства ў прыватную ўласнасць, калі з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі ў грамадзяніна права прыватнай уласнасці на іх не мінуў пяцігадовы тэрмін.

Такім чынам, забарона на адчужэнне зямельных участкаў не тычыцца тых «кавалкаў зямлі», права прыватнай уласнасці на якія перайшло па спадчыне (незалежна ад даты дзяржаўнай рэгістрацыі права прыватнай уласнасці спадчынадаўца і спадчыннікаў на зямельны ўчастак); якія набыты грамадзянінам на падставе грамадзянска-прававых здзелак (на падставе дагавораў куплі-продажу, дарэння, мены і г.д.). Не варта хвалявацца гаспадару зямлі, што належыць яму на праве пажыццёвага спадчыннага валодання або арэнды і была выкуплена ім у прыватную ўласнасць, калі з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі права пажыццёвага спадчыннага валодання або арэнды ў асобы, якой першапачаткова зямельны ўчастак быў прадастаўлены мясцовым выканаўчым камітэтам для вядзення калектыўнага садаводства, прайшоў 5-гадовы тэрмін.

Мяжу не зрушыш

Спадар Гаеў паведаміў, што Дзяржкаммаёмасці падрыхтаваў праект указа кіраўніка дзяржавы, які ўносіць змяненні ва ўказы № 667 і
№ 26. Новы дакумент прадугледжвае магчымасць прадастаўлення зямельных участкаў новаму забудоўшчыку шматкватэрнага дома без аўкцыёнаў, а таксама арганізацыям спажывецкай кааперацыі зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання аб'ектаў аптовага і рознічнага гандлю ці грамадскага харчавання.

Прапануецца прадаставіць правы мясцовым выканаўчым камітэтам даваць згоду на адчужэнне жылых дамоў і (або) зямельных участкаў, атрыманых грамадзянамі, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, да заканчэння 8 гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ўзведзеных на іх жылых дамоў у выпадку датэрміновага альбо поўнага пагашэння льготнага крэдыту ў выключных выпадках (напрыклад, накіраванне на службу ў іншую мясцовасць, страта карміцеля ў сям'і, атрыманне І або ІІ групы інваліднасці).

Засяляць будуць хутчэй

Праект новаўвядзення ўдвая скарачае (з 60 да 30 каляндарных дзён) тэрміны афармлення зямельных участкаў, неабходных для абслугоўвання пабудаваных і прынятых у эксплуатацыю шматкватэрных жылых дамоў. Гэта сапраўды добрая навіна, бо чаканне ключоў ад уласнай кватэры каштуе дорага.

А яшчэ рашэнні аб правядзенні аўкцыёнаў з умовамі на права праектавання і будаўніцтва капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў) на зямельных участках, на якіх знаходзяцца аб'екты, што падлягаюць зносу, будуць прымацца не толькі Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і гарадскімі выканаўчымі камітэтамі абласных цэнтраў, але і раённымі, гарадскімі (гарадоў абласнога, раённага падпарадкавання) выканаўчымі камітэтамі.

Прыняцце праекта ўказа дасць магчымасць пры невыкананні (парушэнні) забудоўшчыкам абавязацельстваў па стварэнні аб'екта будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома мясцовым выканкамам ажыццявіць спыненне правоў на зямельныя ўчасткі ў ранейшых забудоўшчыкаў і перадаць іх новым забудоўшчыкам у кароткія тэрміны. Цяпер скароцяцца тэрміны і выдаткі на будаўніцтва новых гандлёвых аб'ектаў (аб'ектаў крокавай даступнасці) арганізацый спажывецкай кааперацыі на тэрыторыях, якія патрабуюць развіцця гандлёвай інфраструктуры (у зонах новых жылых забудоў).

Без пошлін і недакладнасцяў

Мяркуецца, што да 1 студзеня 2017 года сельскагаспадарчыя арганізацыі і дзяржаўныя лесагаспадарчыя ўстановы вызваляць ад аплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу (афармленне) правазасведчвальных дакументаў на зямельныя ўчасткі, якія прадастаўлены такім арганізацыям для вядзення сельскай і лясной гаспадаркі.

Дзяржаўны камітэт па маёмасці будзе абавязаны не радзей за адзін раз у месяц не пазней за 10-е чысло наступнага месяца накіроўваць у Камітэт дзяржаўнага кантролю і яго тэрытарыяльныя органы інфармацыю аб выяўленых парушэннях парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, пераводу зямельных участкаў з адной катэгорыі (віду) у іншую.

Рыхтуецца
карпаратыўны кодэкс

У сферы рэгулявання зямельных адносінаў падрыхтаваны адпаведны праект указа, які накіраваны на далейшае ўдасканаленне працэдуры афармлення зямельных участкаў. Гэтак жа і ў адносінах да тых аб'ектаў, што знаходзяцца на зямельных участках, у частцы кіравання будынкамі, збудаваннямі, акцыямі акцыянерных таварыстваў. Падрыхтаваныя праекты нарматыўных прававых актаў накіраваны на вырашэнне пытанняў, звязаных з адменай права пераважнай куплі выканкамамі акцый, таму што Беларусь уступіла сумесна з Расіяй і Казахстанам у ЕАЭС. Маецца на ўвазе, што з 2017 года любыя абмежаванні на здзяйсненне такога кшталту аперацый павінны зняць. «Нам трэба рухацца менавіта ў гэтым кірунку», — упэўнены Андрэй Гаеў.

Сёння таксама падрыхтаваны праект карпаратыўнага кодэкса, які плануецца ўкараняць у акцыянерных таварыствах, найперш тых, дзе акцыі знаходзяцца ў дзяржуласнасці. Камітэт пакрокава будзе рухацца ў гэтым кірунку, каб фарміраваліся назіральныя саветы, каб у іх склад уключаліся прафесійныя карпаратыўныя кіраўнікі. На ўзроўні найлепшых сусветных узораў плануецца зрабіць заканадаўства ў гэтай сферы, уключаць прадстаўнікоў працоўных калектываў у назіральныя саветы, а не толькі менеджменту таварыстваў. Усё гэта робіцца для таго, каб карпаратыўнае кіраванне давала належную аддачу і прадстаўнікі мелі не намінальны характар, а ўносілі рэальны ўклад ва ўдасканаленне кіравання акцыянернымі таварыствамі. Кодэкс знаходзіцца на ўзгадненні. Казаць аб канкрэтных тэрмінах нельга, але плануецца ў найбліжэйшай перспектыве завяршыць працу і ўводзіць новы дакумент у дзеянне.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.