Вы тут

Нас не павінна станавіцца менш!


У краіне пачалася падрыхтоўка новай праграмы дэмаграфічнай бяспекі

8 красавіка прайшло пасяджэнне Нацыянальнага камітэта па народанасельніцтве пры Савеце Міністраў пад старшынствам віцэ-прэм'ера Наталлі Качанавай. У ім прынялі ўдзел члены Нацыянальнага камітэта па народанасельніцтве, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

На пасяджэнні была ўхвалена канцэпцыя Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, якую прадставіла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.

Здаровая сям'я — здаровае грамадства

10-36

Наталля Качанава адзначыла пазітыўныя вынікі, да якіх прывяла рэалізацыя Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі на 2011-2015 гады. Так, упершыню за 20 гадоў у нашай краіне адзначаецца прырост колькасці насельніцтва, а ў некаторых гарадах і раёнах рэспублікі — і натуральны прырост. «Кіраўнік дзяржавы і ўрад у апошнія гады прынялі значныя меры па падтрымцы сем'яў з дзецьмі, па стымуляванні нараджальнасці. І ўжо ў 2014 годзе ў краіне нарадзілася 118,5 тысячы дзяцей — самы вялікі паказчык за апошнія гады», — заявіла Наталля Качанава. Тым не менш, па словах віцэ-прэм'ера, маюцца і негатыўныя тэндэнцыі. Да іх адносіцца высокая смяротнасць насельніцтва, у тым ліку ў працаздольным узросце.

Важным элементам дэмаграфічнай палітыкі віцэ-прэм'ер лічыць меры па паляпшэнні рэпрадуктыўнага здароўя нацыі, па ўмацаванні здароўя дзяцей і падлеткаў. Таксама неабходна, па яе словах, павышаць прэстыж сямейных каштоўнасцяў, моцнага шлюбу, адказнага бацькоўства.

Новыя выклікі — новыя падыходы

Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна адзначыла павелічэнне дэмаграфічнай нагрузкі на працаздольнае насельніцтва (на 1 тысячу чалавек працаздольнага ўзросту прыпадае 705 чалавек малодшых і старэйшых узростаў). Такая ўзроставая структура насельніцтва, па меркаванні Марыяны Шчоткінай, аж да 2030-х гадоў будзе аказваць негатыўны ўплыў на тэндэнцыі нараджальнасці, таму існуе вялікая верагоднасць дэмаграфічнага спаду ў найбліжэйшы час. Неспрыяльнай тэндэнцыяй з'яўляецца і тое, што стварэнне сям'і і нараджэнне дзяцей часта адкладаецца моладдзю на больш сталыя этапы жыцця. Міністр працы і сацыяльнай абароны ўпэўненая, што ўсё гэта патрабуе новых падыходаў да вырашэння дэмаграфічных праблем.

У адпаведнасці з канцэпцыяй, мэтай новай нацыянальнай праграмы з'яўляецца стабілізацыя колькасці насельніцтва. Праграма будзе ўключаць чатыры падпраграмы: «Здароўе насельніцтва і развіццё аховы здароўя», «Нараджальнасць і рэпрадуктыўныя паводзіны», «Сям'я і дзяцінства», «Міграцыя».

Жыць хацелася б даўжэй

У галіне здароўя насельніцтва неабходна дамагчыся павелічэння чаканай працягласці жыцця пры нараджэнні, зніжэння ўзроўню захворвання і смяротнасці ад неінфекцыйных захворванняў і знешніх прычын, у тым ліку людзей працаздольнага ўзросту.

Зараз розніца паміж працягласцю жыцця гарадскога і сельскага насельніцтва складае 5 гадоў, а паміж працягласцю жыцця жанчын і мужчын — 10,6 года. Неабходна скараціць гэты разрыў.

Калі браць чаканую працягласць здаровага жыцця, то ў нас яна ніжэйшая, чым у развітых краінах. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у мінулым годзе працягласць здаровага жыцця для Беларусі складала 64 гады (68 гадоў для жанчын і 59 гадоў для мужчын).

Што тычыцца стану здароўя дзяцей, то на фоне зніжэння ўзроўню дзіцячай смяротнасці назіраецца рост дзіцячай інваліднасці. Асноўнымі прычынамі цяжкай (3 і 4 ступені страты здароўя) дзіцячай інваліднасці з'яўляюцца прыроджаныя анамаліі. Але, як адзначае міністр працы і сацабароны, доля здаровых дзяцей у выпускных класах школы рэзка зніжаецца. У першую чаргу — за кошт парушэнняў паставы, зроку і іншых праблем. Акрамя таго, сярод дзяцей расце захваральнасць з-за траўмаў, атручэнняў і іншых знешніх прычын.

Актуальнай для нашай краіны з'яўляецца праблема бясплоддзя — бяздзетны кожны пяты шлюб. Трывожная тэндэнцыя — той факт, што 40-50% выпадкаў бясплоддзя абумоўлены станам здароўя мужчын.

Каб палепшыць здароўе насельніцтва, неабходна рабіць акцэнт на прафілактыку і раннюю дыягностыку захворванняў, стварыць сістэму прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў, розную для розных груп насельніцтва, развіваць медыцынскія і сацыяльныя паслугі па захаванні і ўмацаванні рэпрадуктыўнага здароўя жанчын і мужчын і інш.

Каб жанчыны зараблялі больш

У апошнія гады павысіўся сумарны каэфіцыент нараджальнасці, а таксама назіралася павелічэнне долі нараджэння другіх і наступных дзяцей — дзякуючы мерам матэрыяльнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі. «У далейшым мяркуецца аптымізацыя сістэмы дапамогі сем'ям з дзецьмі», — заявіла Марыяна Шчоткіна.

Але, па словах міністра, патрабуецца і актывізацыя намаганняў саміх сем'яў па забеспячэнні годнага ўзроўню і якасці жыцця. Гэтаму будзе садзейнічаць пашырэнне прымянення гнуткіх формаў занятасці. Плануецца таксама стымуляваць жанчын да павышэння сваёй кваліфікацыі, каб яны маглі (разам з дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкай) уносіць вялікую лепту ў матэрыяльны дабрабыт сям'і. Адначасова з гэтым будзе развівацца рынак даступных паслуг па доглядзе, выхаванні і развіцці дзяцей рознага ўзросту.

Спецыялісты лічаць мэтазгодным правесці маніторынг прычын разводаў і адначасова павышаць інфармаванасць сем'яў (у тым ліку маладых) аб паслугах службаў медыяцыі, развіваць службы сямейных псіхолагаў. Плануецца распрацаваць цэлы комплекс мер, накіраваных на павышэнне долі ўдзелу мужчын у пытаннях выхавання і догляду дзяцей.

Моладзь патрэбна тут

Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі на 2016-2020 гады таксама будуць запланаваны мерапрыемствы, мэтай якіх будзе аптымізацыя міграцыйных патокаў у краіне. Для гэтага, як лічаць спецыялісты, неабходна актывізаваць работу па прыцягненні і рассяленні замежных спецыялістаў у адпаведнасці з абгрунтаванымі патрэбамі рэгіёнаў краіны. Неабходна таксама ствараць умовы, якія будуць спрыяць скарачэнню эміграцыі моладзі і высокакваліфікаваных кадраў з рэспублікі.

Святлана Бусько.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».