Вы тут

Павялічваць ці не?


Штраф павінен быць дастаткова моцнай пагрозай для «зайцоў»

Такую думку карэспандэнту «Звязды» выказаў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак. На пачатку года на выніковай калегіі Міністэрства транспарту і камунікацый у Оршы ў планах на 2015 год міністр агучваў перспектывы павышэння штрафаў за безбілетны праезд. «Мелася на ўвазе, што Мінтранс уносіць ініцыятыву для змяненняў у заканадаўстве (Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях) у 2015 годзе. Гэтае рашэнне павінна прайсці праз парламент», — удакладніў сітуацыю Анатоль Сівак.

Праблема ёсць

Значыць, рашэнне будзе прынята сёлета? «Не, гэта зусім не азначае, што рашэнне прымуць, — адказаў міністр. — Дэпутаты ў такіх сацыяльных пытаннях вельмі акуратна сябе паводзяць. Проста гэтая работа ўключана ў план. Сказаць, што гэта будзе напрыканцы 2015 года, нельга. Я бачу як міністр праблему: людзі не баяцца атрымаць штраф і таму не плацяць за праезд. Колькасць безбілетнікаў павялічваецца. І атрымліваецца, што, каб людзі плацілі, неабходна ўтрымліваць армію тых, хто гэтыя штрафы павінен са стапрацэнтнай гарантыяй збіраць. Як толькі зайшлі ў аўтобус без білета — значыць адразу штраф. А гэта вялікія выдаткі. Таму штраф павінен быць дастаткова моцнай пагрозай».

Нагадаем, што сёння штраф за безбілетны праезд складае 0,5 базавай велічыні (90 тысяч рублёў).

Дамовяцца аб перавозках

Мінтранс Беларусі і Расіі на чарговай сумеснай калегіі, якая можа адбыцца ў маі-чэрвені 2015 года, абмяркуюць пытанне аўтамабільных перавозак у трэція краіны і з іх. «Для нас гэта вельмі важна, — сказаў Анатоль Сівак. — Гэтая тэма выведзена з трохбаковага дыялогу і знаходзіцца цяпер на двухбаковым узроўні. Яна і будзе прадметам абмеркавання на сумеснай калегіі», — сказаў кіраўнік ведамства.

Сёння паміж Беларуссю і Расіяй у галіне аўтамабільных перавозак у/з трэціх краін дзейнічае сістэма дазволаў. «Мы бачым напрамак дыялогу ў тым, каб шукаць канкурэнцыю не паміж намі, а паміж нашым стаўленнем да перавозчыкаў з трэціх краін», — адзначыў міністр транспарту. Паводле яго звестак, у цяперашні час Мінтранс мае пагадненні з больш чым 40 краінамі, якія рэгулююць дазволы на выкананне аўтамабільных перавозак. Штогод Мінтранс абменьваецца прыкладна 650 тысячамі адпаведных дакументаў. «Расія выдае на працягу года стабільна 150-160 тысяч дазволаў у/з трэціх краін», — удакладніў міністр. З іх на Беларусь, згодна з наяўнай дамоўленасцю, прыпадае каля 75 тысяч. У апошні час колькасць дазволаў беларускім перавозчыкам расійскі бок павялічвае.

Беларусь і Расія з 1 студзеня 2016 года плануюць пачаць так званыя кабатажныя перавозкі (калі ўнутраныя аўтаперавозкі выконваюцца перавозчыкамі замежных дзяржаў) у прыгранічных абласцях. Аднак міністр звярнуў увагу, што беларусам і расіянам патрэбен час на вырашэнне гэтага пытання. «Трэба выпрацаваць механізм кантролю за гэтым і дамовіцца аб ім», — удакладніў Анатоль Сівак.

Па словах міністра, у Мытным саюзе адбываецца рознахуткасная лібералізацыя кабатажных перавозак. «Казахстан адышоў убок і ў гэтых пытаннях да 2025 года не хоча ўдзельнічаць», — дадаў ён.

другая ўзлётная паласа абыдзецца танней

Мінтранс Беларусі разлічвае выдаткаваць на будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы у Нацыянальным аэрапорце Мінск менш за раней агучаныя 300 млн долараў. Міністр заявіў, што праектныя работы па аб'екце ўжо пачаты. «Наяўнасць беларускага падрадчыка дазваляе нам выконваць падрыхтоўчыя работы сёлета», — дадаў ён.

Нагадаем, што ў канцы сакавіка падпісаны Указ №137, згодна з якім неабходна завяршыць будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы да 2019 года. Гэта дазволіць максімальна ўключыць у рэалізацыю праекта будаўнічыя і прамысловыя арганізацыі краіны і стварыць найлепшыя ўмовы для захавання эканамічных інтарэсаў Беларусі. Раней меркавалася, што былы падрадчык, кітайская кампанія «Тачмаш», пабудуе другую ўзлётна-пасадачную паласу да 2014 года. Разам з тым праект так і не быў рэалізаваны. Указам №137 у якасці генпадраднай арганізацыі вызначана ААТ «Дарбудмантажтрэст».

Праект будзе рэалізаваны за кошт сродкаў бюджэту, дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду грамадзянскай авіяцыі і пазабюджэтнага цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду Мінтранса. Таксама плануецца прыцягнуць уласныя сродкі РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» і банкаўскія крэдыты.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.