Братчына.


Так звычайна называлі вясковую абшчыну, якая мела права рэгуляваць адносіны аднавяскоўцаў. Паўсюдна братчынай звалі вясковыя святы, якія ладзіліся на працягу года. Гэтымі словамі звалі таксама жбан і напой у ім. Ёсць звесткі пра тое, што братчыны з'явіліся яшчэ ў дахрысціянскія часы. Пазней яны ладзіліся ў дні вялікіх храмавых святаў у гонар падзей Праваслаўнай Царквы, напрыклад, «Мікольшчына», «Міхайлаўшчына», «Кузьмінкі», «Пакроўшчына» і г.д.

 У дзень святкавання братчыны аднавяскоўцы ставілі ў царкве вялікую свечку, грошы на якую збіралі «мірам» («агулам») і служылі набажэнства аб дасланні на іх дабрабыту.

 Да братчыны, падчас якой абавязковай была рытуальная трапеза ўсіх членаў абшчыны, спецыяльна  забівалі жывёлу (быка, вала, парсюка, барана). Мяса варылі, пасля чаго абавязкова дзялілі на дзве часткі: адну — ахвяравалі царкве, другую — дзялілі па колькасці сем'яў у вёсцы. На братчыну варылі піва, медавуху, пяклі велізарныя караваі, напрыклад, на Ілью — у гонар заканчэння жніва.

 Абавязковае правіла братчыны — гэта складчына (ссыпка, міршчына, агульшчына). На вызначаным месцы ў вёсцы накрывалі доўгі стол, ставілі на яго ўсе прадукты, якія прыносіла кожная сям'я.

 На братчыну выбіраўся стараста, які кіраваў падрыхтоўкай і самім святам.

 Перш чым распачаць трапезу, у вёсцы праходзіла так званая «мірская сходка», на якой вырашаліся спрэчкі паміж вяскоўцамі, сваркі ў сем'ях, іншыя прыватныя праблемы. Справы заўсёды вырашаліся мірна, па-сяброўску. Пасля сходкі-прымірэння прапаноўваліся ўзаемныя пачастункі, што пераходзілі быццам бы ў асобнае свята, на якім панавалі сяброўства, мір і братэрства паміж аднавяскоўцамі.

 У Гомельскай і Магілёўскай абласцях у гарадах і вёсках існавалі так званыя «свячныя» братчыны. Да свята ўся вёска збірала воск, з якога члены братчыны выраблялі вялікую свечку, часам большую за 30 кілаграмаў, вызначалі чаргу, каму і за кім прымаць «мірскую», «брацкую» ці «запаветную» свечку ў сваю хату. Здаралася, такім свечкам давалі назву ў гонар таго свята, калі яна была зроблена — Васільеўская, Мікольская, Юраўская і г.д. Да Свята свечкі прымяркоўвалі кірмашы і гандлі, дзе набывалі жывёлу, палатно і іншыя сельскагаспадарчыя тавары.

 Адной з абавязковых умоў існавання братчыны была дапамога малазабяспечаным людзям: сіротам, удовам, хворым. Звычайна перад братчынай у іх падворках наладжвалі і талаку — агульнавясковую дапамогу (жніво, капанне бульбы і г.д.).

Аксана Катовіч, Янка Крук.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.