Вы тут

Нечаканае шанцаванне


У нашым Бярэзінскім раёне распаўсюджана прозвішча Абрамовіч. Прычым яго носьбіты зусім не яўрэі, і землякі гэта ведаюць. А вось чужыя...

Неяк адзін з нашых Абрамовічаў па службовых справах паехаў у Мінск. Часу меў з запасам. Вось яго, той запас, ён і вырашыў скарыстаць з асабістай мэтай: адрамантаваць гадзіннік, тым больш што майстэрня знаходзілася якраз па дарозе.

Зайшоў туды, павітаўся, моўчкі падаў гадзіннік.

— О, ён яшчэ добры! Ён можа вам паслужыць, — з веданнем справы прамовіў майстар-яўрэй. — Работы няшмат. Зробім...

— І праз колькі можна забраць? — пытаецца Абрамовіч, ужо прыкідваючы, тут пачакаць, не адыходзячы «ад касы», ці прыехаць пазней, пасля нарады ў начальства?

— Праз тры дні, — адказвае майстар.

— Як праз тры дні? — не зразумеў заказчык, бо сам жа і толькі што на свае вушы пачуў, што рамонт нязначны. — Хіба нельга зрабіць хутчэй?

— Не, ніяк!..

— Але ж я чалавек не мясцовы, сёння ад'язджаю дамоў, — стаў тлумачыць Абрамовіч, у планы якога, ну, ніяк не ўваходзіла жыць без гадзінніка. — Можа, зробіце як хутчэй. Я даплачу, калі трэба...

— Што вы кажаце, малады чалавек? — стаў абурацца майстар. — Зірніце, колькі ў мяне заказаў! І ўсе заказчыкі хочуць, каб іх гадзіннікі я зрабіў найхутчэй. Але ж я не аўтамат. І — паверце — я зусім не з тых людзей, якія будуць рабіць абы-як, абы з рук, каб потым нехта чутку пусціў, што Арон Майсеевіч не ўмее рамантаваць гадзіннікі... Таму я кажу вам, як ёсць: хочаце — здавайце і праз тры дні прыходзьце: ваш гадзіннік будзе, як новенькі... А не хочаце...

«Ага... У мяне выбар ёсць, — злуецца прыезджы, бо рамонт жа ўсё роўна патрэбны. — А тут яго, можа, якасна зробяць. Да таго ж і ў Мінску я не апошні раз. Праз нейкі тыдзень зноў начальства пакліча...»

— Добра, — кажа нарэшце майстру, — афармляйце заказ.

— Ваша прозвішча? — пытаецца той.

— Абрамовіч...

Твар Арона Майсеевіча тут жа пасвятлеў:

— О-о... Дык гэта ж іншая рэч! — прамовіў ён з усмешкай. — Чаму ж вы адразу не сказалі, што ваша прозвішча Абрамовіч?! Калі ласка, пакідайце гадзіннік і заходзьце да мяне хвілін праз дваццаць. Усё будзе зроблена! І, паверце мне, найлепшым чынам!

«Што гэта з ім?» — не адразу зразумеў заказчык. А калі нарэшце дайшло, добрым словам памянуў свайго бацечку, усіх сваіх дзядоў ды прадзедаў, якія, можна сказаць, у спадчыну перадалі яму гэта гучнае прозвішча.

А. Палынскі,

г. Беразіно.

Усе стараюцца, усе зарабляюць

...Цяпер у гэта цяжка паверыць, але гадоў пяцьдзясят таму каларадскіх жукоў ніхто ў вочы не бачыў — хіба на малюнку. Больш за тое: ці не кожны марыў адшукаць... Яшчэ і для таго, каб праславіцца, бо тады ў газетах пісалі пра тых, хто знайшоў ды колькі «асобін»...

А потым прайшоў час, і, нягледзячы на барацьбу (нават з дапамогай дусту) госць з Каларада стаў гаспадарыць не толькі на неабсяжных бульбяных палетках, але і на сціплых прысядзібных участках. Праўда, у тое лета і ў нашай вёсцы неяк дужа нераўнамерна: на нечай бульбе яшчэ толькі дзесьці паказаўся, а на нечай — усе соткі «ўкрыў». У бабкі Ганны, прынамсі, ад яго «насення» аж чырвона было... Як журавін на балоце. Аднак гаспадыня бульбачку труціць не хацела: уголас праклінаючы нягоднікаў, узялася збіраць іх — з балючай спіной, адна...

Але ж пры гэтым бачыць, што міма яе агародчыка суседскае хлапчанё праходзіць і яшчэ з-за плоту пытаецца:

— Баба Ганна, а што гэта вы там робіце?

— Ды хіба ж ты, дзіцятка, не бачыш? Жукоў збіраю... Нарыхтоўшчык з сённяшняга дня прымаць іх будзе — па 10 рублёў за шклянку. А ў мяне гэтага дабра — ну хоць ты заваліся!.. Вось і працую. Можа, новы тэлевізар сабе куплю... І ты, Дарафейка, лынды не бі. Хоць на марозіва ды заробіш... Але ж глядзі: на маю бульбу — каб ні нагою! Хопіць, што клубніцы ўсе абабраў...

Баба Ганна гаварыла гэта на поўным сур'ёзе. Таму хлопчык нават не даслухаў: падымаючы пыл, панёсся дадому: ухапіў там слоік, які маці падрыхтавала на гуркі — і ў гарод.

У іх бульбе, як на тое ліха, каларадскі госць толькі месцам чырванеўся... Таму Дарафей — яму не прывыкаць — употай прабраўся да суседзяў. А заадно, разагнуўшыся, прыкмеціў, што амаль у кожным гародзе нехта шчыруе. «Усе стараюцца, усе зарабляюць!» — падумаў малы (не дужа бачачы, што суседзі ў сваёй бульбе проста рвуць пустазелле)... «Бабка Ганна толькі некуды сышла... А казала ж, што жукоў у яе, хоць каўшамі бяры, — успомніў малы і з радасцю падумаў: — Вось дзе я грошай зараблю!»

Нядоўга думаючы, сігануў ён праз плот і давай рачкаваць між радкоў.

Агулам недзе з гадзіну ўпіраўся ў чужым высокім бульбоўніку, у думках падлічваў заробак, а потым — подбегам, з поўнай пасудзінай — панёсся ў нарыхтоўчы ларок.

— О, Дарафейчык! — узрадаваўся яму прыёмшчык. — А дзе ты жука столькі ўзяў?

— Ды ў нашым гародзе, дзядзечка! — схлусіў малы. — Забірайце хутчэй і плаціце мне грошы.

— За што гэта?

— Ну як «за што?» — за жукоў... Бабка Ганна сказала: «Дзесяць рублёў за шклянку».

— Дык вось у чым рэч? — засмяяўся нарыхтоўшчык. — Падманулі цябе, браток! Надакучыў ты Ганне сваімі набегамі на клубніцы, вось яна і адпомсціла... А заадно і выгаду займела — ад жукоў пазбавілася. Малайчына, бабуля! І ты таксама! Бо дапамог жа старой...

Апусціліся рукі ў хлопчыка, але ж што ты будзеш рабіць? Забраў ён сваё чырвонае «золата», утапіў яго ў найбліжэйшай канаве ды моўчкі пасунуўся дамоў. А там яго ўжо, дарэчы, чакалі. Прычым не толькі наганяй ад матулі за спэцканыя порткі, але і... падарунак — ад бабкі Ганны. Свайму добраахвотнаму памочніку яна прынесла марозіва, бутэльку «Бураціна» і салодкіх пончыкаў. Як-ніяк старалася дзіця — зарабіла!

Уладзімір Бабулін,

в. Хатынічы, Ганцавіцкі раён.

Сіла слоў

Мы са стрыечнай сястрой Лідай выйшлі замуж на пачатку шасцідзесятых гадоў і ў адну вялікую вёску. Свёкры нашы загінулі на вайне, мужы аказаліся працавітымі, не дурнымі, не благімі, свякрухі — досыць памяркоўнымі, таму жыццё пачыналася, можна сказаць, удала. Адно засмучала абедзвюх: у роднай вёсцы засталіся нашы бацькі ды сяброўкі. Так бы, здаецца, і злётаў да іх — пабыў там, праведаў... Але ж гэта — амаль 15 кіламетраў туды ды столькі ж назад! Бывала, у нядзельку якую згойсаем, а потым ногі — нібы сабакі рвуць. І пад'ехаць няма на чым! Ні веласіпедаў, ні машын не было яшчэ. Ды і каня ў калгасе не выпрасіш...

Палягчэла крыху, калі нашага Лёксу, мужа сястры, прызначылі брыгадзірам: мы хоць зрэдку ды сталі ўгаворваць яго, каб звазіў на радзімку. А ўжо на нейкую бяседу ў наш бок ён і сам з ахвотаю ехаў (у адрозненне ад майго...).

Дык вось. У той год на Вадохрышча нас запрасілі на хрэсьбіны. Мароз невялікі быў, снегу — дзе па пояс, а дзе і па падпахі, але ж ён нам не страшны, бо дарога прабітая. Да таго ж наш Лёкса, як гаспадар, найлепшага каня ў брыгадзе ўзяў. Факт, што праз гадзіну-другую мы ўжо на месцы былі.

Абдымкаў ды гутаркі там, ну вядома ж, што вады ў паводку! Бо радня вакол, бо шмат каго даўно не бачылі.

Карацей, захапіліся мы з Лідай і неяк не дагледзелі, калі гэта Лёкса гарэлкі набраўся. Ён і так асалавелы ўжо быў, а тут, на ад'езд, яшчэ дзве аглаблёвыя чаркі прынеслі! Яны дакладна залішнія былі!

Аднак коніка гаспадар наш запрог, жонку на воз падсадзіў, ногі кажухом накрыў. І сам сеў, сцебануў па хвасце каня, нават зацягнуў быў: «Броня крепка, и танки наши быстры...»

Дурным, праўда, голасам — жонцы не спадабалася. Да таго ж на першым павароце ён каня тузануў, мы ледзь у снег не кульнуліся.

— Вар'ят! Шаленец! — закрычала на возчыка Ліда. — Ты ж не гной на поле вязеш! Набраўся, як жаба гразі, дык табе і мора па калена! Каб ты ўтапіўся недзе на беразе! Каб табе скулу якую ў бок, каб... Цішэй едзь, кажу табе!

Сястра нават крычыць, але ж Лёкса, бачу, не слухае, нават вухам не вядзе: злы, як сто сабак, пугай над галавою круціць, буланчыка падганяе... Конь — ён не дурны — дарогі трымаецца, але ж да вёскі яшчэ далёка, на дварэ цямрэча, абапал снег... Не дай Бог кульнёмся дзе — мала не падасца.

Карацей, не стрымалася я, шапчу сястры: «Ліда памаўчала б ты хоць крыху... Давай я з ім пагавару».

Пачала здалёку:

— Лёксачка, табе не холадна? — пытаюся ў яго. — Не?.. Ну ведама ж, ты разумны чалавек, талковы! Ты і сам у дарогу як след апрануўся, і нас во кажушком накрыў... Едзем, што тыя паненкі! І конік твой як хораша вязе! І пад гару, бач, добранька цягне, і з гары трушком стараецца... Разумнік: дарогу ведае. А хто яго так прывучыў? Ты, Лёксачка, ты! Нездарма цябе брыгадзірам паставілі!.. А мой Пецька дык, мусіць, і да пенсіі трактарыстам будзе ці старшым — куды пашлюць... От каб яму ды твой розум!..

Гавару так, а сама ж чую, што пацішэў наш возчык: зважае, не сцябае болей канька, не падганяе яго, не тузае. Вязе нас, сапраўды, нібыта паненак — акуратна, няспешна.

Сястра, адчуваю, ад злосці надзьмулася, але ж маўчыць, а я далей гамонку вяду — пра Лёксу, пра яго гаротніцу-маці, пра гаспадарку, пра тое, як яго людзі ў вёсцы хваляць...

Не паверыце — вось так, за размовамі, мы і дадому прыехалі. Без ніякіх прыгод!

А ўсё чаму? Таму, што добрае слова ўсім патрэбна (а п'янаму — і тым больш!), а вось дрэннае — лепш назаўтра сказаць, на цвярозы розум.

Мая сястра, дзякаваць Богу, зразумела гэта, хоць і не адразу.

Ніна М.,

Маладзечанскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.