Вы тут

Крохкасць вечнага


Спачатку было яйка? Для рэзчыка па шкарлупіне — дакладна

Гэта форма, у якой выспявае жыццё. Форма, якая нясе напаўненне. Форма, нават калі яна пустая, можа нараджаць дзіўны сусвет, што ты адчуеш, нягледзячы на маленькі памер рэчы. Маленькі — з перапялінае яйка, напрыклад. Але калі нават яго шкарлупіна становіцца пляцоўкай для творчасці, то разумееш, наколькі багата яе ва ўсім свеце.

11-191

Падумаць пра гэта прапануе выстава «Магія ажурных яек», якая працуе ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Музей гісторыі музычнай і тэатральнай культуры», гасцёўня Уладзіслава Галубка. Своечасова — напярэдадні Велікодных святаў, калі яйка становіцца сімвалам новага і вечнага жыцця, а пытанне пра тое, што было раней, адыходзіць на другі план.

Спачатку нешта павінна зарадзіцца як ідэя. Як думка. І тады прыходзіць форма. Гэта і ёсць галоўная магія жыцця, магія — у сэнсе цуд, загадка, найвялікшая таямніца, якую прапанаваў Першастваральнік. Ён умее гуляць і з ідэямі, і з формамі, у яго іх безліч, аднак самае напоўненае сэнсам спалучэнне — у яйку, дзе форма змяшчае сутнасць.

11-15

Форма яйка стала натхняльнай для Аляксандра Рыжэўскага з Мінска, які аднойчы для сябе адкрыў, што нават шкарлупіна ад яйка можа даць нараджэнне цуду. Ён робіць цуд, і я не ведаю, як яшчэ назваць гэтую прыгажосць. Такіх цудаў на выставе — каля 70. Непаўторных, танюткіх. І ты адчуваеш не проста саму прыгажосць карункавых узораў, ты адчуваеш пры гэтым крохкасць прыгажосці. Яе хочацца захаваць, абараніць, нават не магчыма ўявіць, як гэтыя вырабы можна пераносіць з месца на месца: у некаторых малюнак такі тонкі, а паміж дзірачкамі ці адтулінамі, здаецца, такая тоненькая перагародачка, што страшна нават дыхаць побач. І зусім фантастычна: на тонкай шкарлупіне яек можна нават выразаць рэльефныя ўзоры. Майстэрства. Але аўтар прызнаецца:

11-16

— Думаю, што называць сябе мастаком не гатовы, я пакуль проста рамеснік. Сумяшчэнне працы з любімай справай — гэта для мяне поўная рэлаксацыя. Усё дрэннае забываецца, калі я датыкаюся да свайго інструмента ці трымаю ў руках вуду. Рыбалка і разьба па шкарлупіне яек — два мае захапленні.

— Ці зрабіла вас гэтае захапленне больш цярплівым у жыцці? Ці здараліся выпадкі, калі вам ужо здавалася, што работа амаль гатовая, а яна раптам ламалася?

11-17

— Уразлівасць прыгажосці адчуваю кожны раз, калі бяру ў рукі крохкае яйка і дакранаюся да яго свердзелам. Хутчэй за ўсё, я змог займацца такім далікатным мастацтвам дзякуючы таму, што цярпенне выявіў у сабе першапачаткова. Так, бывае, што праца ў канцы ламаецца. І не даводзіцца сябе прымушаць узяць новае яйка і ўключыць бормашыну зноў, бо вельмі ж хочацца паўтарыць работу. Хоць разумею, што ні адна ніколі не паўтарылася, хоць нечым, але ўсе работы адрозніваюцца.

— Вы працуеце з рознымі яйкамі — маленькімі і большымі. З чым цікавей мець справу?

— Працаваць цікава з усімі яйкамі. Перапёлчыны — хочацца пераадолець мяжу далікатнага, і тады цешыць вока гэта вытанчанасць. Страусовыя яйкі даюць магчымасць выкарыстання некалькіх методык дзякуючы таўшчыні і крэпасці сценак шкарлупіны. Узоры больш падабаюцца графічныя, сіметрычныя, якія можна раскласці геаметрычна па яйку. Тэмы бяром у бязмежных каморах інтэрнэту. А ў пераважнай большасці натхняе ўсё навокал: погляд ловіць моманты прыроды на рыбалцы і падчас падарожжаў, памяць чапляе прагледжаныя карціны, малюнкі, жыццёвыя карцінкі. Стымул — жаданне пастаяннага ўдасканалення свайго майстэрства.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

— Ці ёсць у вас аўтарская тэхніка, адмысловыя інструменты? Можа быць, ёсць ахвотныя павучыцца ў вас?

— Аўтарская тэхніка, вядома ж, ёсць і суправаджае маю працу пастаянна. Менавіта яна і дае магчымасць ствараць вырабы, адрозныя ад іншых. Інструмент выкарыстоўваецца даступны ўсім: бормашына, свердзелы, буры, аваскоп. Ёсць тыя, хто цікавіцца гэтым рамяством: шмат каму хочацца паспрабаваць невядомае. Але, на жаль, у Беларусі амаль не звяртаюцца, каб навучыцца гэтаму рамяству. Прыхільнікі ёсць: на выставы заўсёды прыходзяць людзі, якія сочаць за маёй творчасцю і прыводзяць сваіх знаёмых. У мінулым годзе была мая персанальная выстава ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Прымаем удзел ужо некалькі гадоў у выставе рамеснікаў «Млын» у Мінску. Жывыя зносіны з прыхільнікамі нічым не заменіш. Пастаянна папаўняецца калекцыя яек і дома таксама. Кожная з маіх работ выклікае пачуццё радасці, захаплення, хочацца ўсміхацца, бо ў спустошанае яйка я змог удыхнуць новае жыццё.

Сапраўды, падаецца неверагодным, што гэта створана чалавекам. Звычайным — менеджар Аляксандр Рыжэўскі стаў мастаком аднойчы, калі вырашыў зрабіць нечаканы падарунак каханай. Захапіла. Аляксандр — унікальны майстар яшчэ і таму, што працуе з рознымі відамі яек. Пад матэрыял падбіраецца малюнак, які можа быць абстрактным ці з сюжэтам, у яйку можна разгледзець нейкага героя ці вобраз — рамантычны, вытанчаны, экзатычны — на што ў нейкі момант скіравана фантазія аўтара. І сам пачынаеш фантазіраваць: у карункі ўплятаеш жыццё, бачыш, як знутры праз дзірачкі вырываецца святло — і разумееш, навошта гэты малюнак. Не пустата за ім, а паветра, у якім энергія і цеплыня (інакш, як такое створыш?). І тады разумееш і чалавека, які прысвячае час, гадзіны, дні (а часам на адзін твор ідзе некалькі месяцаў) таму, каб зрабіць фактычна ювелірную працу з вельмі крохкага матэрыялу: тут жа самае складанае ў тым, што чым выраб танчэйшы, тым ён прыгажэйшы. А рукі ж — чалавечыя. Колькі нам, людзям, дадзена магчымасцяў ствараць...

Ларыса ЦІМОШЫК

Вялiкiя днi для пiсанак

У Вялiкую пятнiцу (для праваслаўных) у Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi вучылi рабiць пiсанкi. Адна з народных традыцый святкавання Вялiкадня, якая iснавала ў Беларусi, тычыцца менавiта роспiсу i ўпрыгажэння велiкодных яек адмысловымi малюнкамi. Майстрыха Аксана Акуневiч дзялiлася вопытам на майстар-класе, што праходзiў у рамках выставы «Вялiкiя днi». Яна пачала працаваць у музеi 10 красавiка i будзе доўжыцца да 20-га чысла.

Схадзiць i паглядзець варта: у экспазiцыi рэчы, якiя звязаны з велiкоднымi традыцыямi менавiта нашага народа, узяты з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архiтэктуры i побыту. Можна, дарэчы, параўнаць з тым, чым карыстаемся мы сёння, як рыхтуемся да свята. А штосьцi, можа быць, i дагэтуль застаецца цiкавым i вартым увагi. Як тая традыцыя ствараць пiсанкi: яна жыве i цяпер. Наогул жа, Вялiкдзень — свята аднаўлення. Свята перамогi жывога, iснага. Таго, што не сыходзiць у нябыт i вяртаецца — дзеля людзей.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.